Вось яны ўжо і студэнты, а па-ранейшаму сустракаюцца ў школе. Цікава, што ў роднай школе яны сустракаюцца нават улетку

197Вось яны ўжо і студэнты, а па-ранейшаму сустракаюцца ў школе. Цікава, што ў роднай школе яны сустракаюцца нават улетку. А калі быць зусім дакладным, то проста… працуюць у ёй разам, як колісь разам вучыліся.
Алег, праўда, закончыў школу на год раней, чым Марына. І ён вось ужо два гады, як у Віцебску. Аднак па-ранейшаму, як магнітам, цягне ў Бароўку. Прыязджае ледзьве не на кожныя выхадныя.
— Прыедзе — і адразу ў спартыўную залу бяжыць, — расказвае маці.
А куды ж яму яшчэ бегчы, як не ў спартыўную залу? Хлопец, можна сказаць, на спорце і вырас. Валейбол, баскетбол, у школе ў футбол гуляў. За факультэт выступае. Другі спартыўны разрад па футболе атрымаў, калі вучыўся ў адзінаццатым класе.
Вырас на спорце, а прафесію выбраў зусім не спартыўную. Падаўся ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава на матэматычны факультэт. Выбраў спецыяльнасць “Забеспячэнне камп’ютарных сістэм” і будзе ў далейшым складаць камп’ютарныя праграмы.
— А ты, Алег, прагматык, — кажу яму.
— Я ведаю.
— Маю на ўвазе, што ты, напэўна, ведаеш, колькі зарабляе праграміст і колькі, асабліва па першым часе, спартыўны трэнер…
А вось Марына — рамантык чысцейшай вады. Нават і не ўяўляю, як яна, такая рамантычная і натхнёная, збіраецца выносіць вердыкт людскім лёсам. Дзяўчына вучыцца ў тым жа самым ВДУ імя Машэрава, толькі на юрыдычным. Летась паступіла. Будзе… пракурорам.
Мы ўжо сустракаліся з Марынай, ды і на старонках “Ветразя юнацтва” яна не ўпершыню. У свой час распавядаў пра яе як пра школьнага актывіста. Запытаўся пра запаветную мару. Адказала, што з дзяцінства марыць быць пракурорам. Ну што ж, бывае. І нават не тое галоўнае, кім ты хочаш стаць, а тое, якія ты намаганні прыклаў для дасягнення сваёй мары.
Калі я паступіў на факультэт журналістыкі, юрысты займаліся ў суседнім корпусе. На Маскоўскім праспекце ў Мінску ўражвалі прахожых дзве высоткі — журфак і юрфак. На абодвух, скажам так, прэстыжныя спецыяльнасці ў БДУ былі ў той час. Аднак жа мы ведалі, што на юрфак было паступіць куды складаней. Бадай адны выдатнікі там вучыліся.
198— А як табе, Марынка, паступалася?
— Ды не так ужо і цяжка, нават цікава было. Праўда, і грамадазнаўства, і англійскую, і рускую мову здала на дзясяткі. Англійскай у школе давялося пазаймацца з рэпетытарам, бо там крыху праграма змянілася.
— А вучыцца складана?
— Зноў жа, цікава. У мяне нават і прадмет любімы ёсць — крымінальнае права. Спачатку, праўда, цяжкавата было паспяваць канспектаваць, нават на дыктафон запісвалі, а пасля перапісвалі ў канспект. А затым прывыклі, прызвычаіліся.
Марыну Рамановіч і Алега Мысіна застаў я спякотным ліпеньскім днём на другой змене ў аздараўленчым летніку ў роднай Бароўскай школе. Яны тут працуюць: ён — фізкультурным арганізатарам, яна — выхавальніцай. Самі яшчэ, можна сказаць, падлеткі, а ўжо Марына Сяргееўна і Алег Юр’евіч. Прынамсі, так у ідэале павінны іх зараз называць дзеці, у тым ліку і тыя, што ўсяго на некалькі гадоў малодшыя за саміх. І таму мне вельмі цікава, як у іх “пайшоў кантакт” амаль са сваімі ж равеснікамі ўжо на іншым узроўні.
— Ніколі не стаўлю сябе вышэй, — адказвае Алег. — Хаця і разумею, што павінна быць дыстанцыя. Інакш — бяда.
— Правільна. Аднак як гэта растлумачыш сваім равеснікам, з якімі ўчора “рэзаліся” ў футбол ці валейбол, а сёння раптам яны павінны цябе слухацца, бо яны “твае дзеці”?
— Так і кажу, калі хтосьці не разумее: пастаў сябе на маё месца — я за цябе адказваю. Так, дарэчы, і ва ўніверсітэце на ваеннай кафедры, дзе я камандзір узвода. А ў футбол ды валейбол мы з імі і зараз гуляем. І гэта толькі збліжае. Летась тут былі спартыўныя баталіі з гімназіяй. Сёлета хочам зноў сабраць тыя самыя каманды і, як кажуць, “тряхнуть стариной”.
У летніку і Марыне, і Алегу цікава. Марынка заваёўвае дзіцячыя сімпатыі нязгасным аптымізмам, захопленасцю на мяжы максімалізму. І яшчэ яна самааддана любіць дзяцей. А тыя гэта вельмі адчуваюць! Любі дзяцей — і нічога не бойся, яны табе не здрадзяць, а адкажуць узаемнасцю. Алег жа, наадварот, бярэ спакойнай разважлівасцю: пальцы, як кажуць, веерам не расстаўляе. А яшчэ ён гумарыст. Гэтакі мясцовы “Максім Галкін”. Каго хочаш, можа спарадыраваць. І на яго пародыі не крыўдуюць, рагочуць упокат, а сёй-той нават просіць, каб яшчэ паўтарыў.
Яны зноў сустрэліся ў Бароўцы — будучы юрыст і праграміст, учарашнія школьныя актывісты. Сустрэліся, каб яшчэ раз акунуцца ва ўчарашняе дзяцінства і паціху, як бы між іншым, за справамі падзякаваць роднай школе, якой так шмат абавязаны.
На здымках: Марына Раманава і Алег Мысін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>