Кожнаму з нас вядома, хто такі валанцёр. Гэта чалавек, які робіць дабро іншым людзям і не патрабуе нічога наўзамен. Ёсць такія людзі і на Лепельшчыне

IMG_4918Кожнаму з нас вядома, хто такі валанцёр. Гэта чалавек, які робіць дабро іншым людзям і не патрабуе нічога наўзамен. Ёсць такія людзі і на Лепельшчыне. Не будзем залішне доўга гартаць старонкі гісторыі. Перагорнем старонкі кнігі дабрыні на дваццаць год таму… Тым больш і прычына больш за ўважлівую. У райвыканкаме адбылося пасяджэнне, якое было прысвечана дваццацігоддзю міжнароднага працоўнага лагера.
Міжнародны моладзевы працоўны лагер распачаў сваю работу ў 1996 годзе пры супрацоўніцтве МДА “ЭкаБудаўнік” (г. Мінск) і дабрачыннай арганізацыі “Дамы замест Чарнобыля”. Спачатку валанцёры працавалі ў вёсцы Дружная Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. У Лепельскім раёне пры падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва праект “Цёплы дом” стартаваў у 2007 годзе пад кіраўніцтвам педагога і сацыяльнага менеджара Ульрыке Егер з нямецкага горада Бюндэ.
IMG_9770За дзевяць год існавання праекта валанцёры аказалі дапамогу 32 пажылым людзям нашага раёна. Паклеілі шпалеры, пафарбавалі падлогу, вокны, дзверы, адрамантавалі дах, паклалі лінолеум і г. д.
Як распачынаецца работа? Увесну пані Ульрыке наведвае Лепель, сустракаецца з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра і абмяркоўвае спіс неабходных работ. Аб’екты даследуюць, вызначаюць колькасць будаўнічых матэрыялаў, складаюць план і каштарыс. У канцы чэрвеня нямецкія і беларускія падлеткі прыязджаюць прыкладна на два тыдні і распачынаюць працу. Гэта не толькі рамонт дамоў людзей сталага ўзросту. Гэта сустрэчы з ветэранамі, якія перажылі самую жудасную вайну ў гісторыі чалавецтва, запісы ўспамінаў, наведванне месцаў баявой славы. Пад час восеньскіх канікулаў адбываюцца сустрэчы ў Германіі, калі валанцёры з Беларусі прыязджаюць у Бюндэ, каб сумесна з мецэнатамі падвесці вынікі сваёй працы і абмеркаваць далейшыя планы па рэалізацыі праекта.
Мерапрыемства адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак:
— У нашай краіне валанцёрскі рух толькі набірае абароты, аднак мы хутка вучымся і стараемся пераняць усё лепшае ў нашых нямецкіх сяброў. Супрацоўніцтва з вамі доўжыцца не адзін год. Дзякуючы сумеснай рабоце шматлікім адзінокім пажылым людзям адрамантавалі дамы, прысядзібныя збудаванні. Вы садзейнічаеце замацаванню міру паміж нашымі народамі, дапамагаеце ствараць стабільнае міжнароднае ўзаемадзеянне. Спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва ў рамках праекта “Міжнародны працоўны лагер”, — адзначыў Віктар Уладзіміравіч.
З дакладам на тэму “Аказанне дапамогі адзінокім пажылым грамадзянам дзяржаўнымі органамі, грамадскімі і дабрачыннымі арганізацыямі” выступіў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы:
— У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 503 чалавекі, з іх 84 — адзінокія пажылыя, 24 — адзінокія інваліды 1-й і 2-й груп. Аказваем розныя віды паслуг: дастаўка гарачага харчавання і лекавых сродкаў на дом, дапамога па ўборцы жылых памяшканняў, аплата камунальных паслуг і іншыя. У аддзяленні кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца” ў аграгарадку Камень створаны камфортныя ўмовы для пражывання. У супрацоўніцтве з грамадскім аб’яднаннем “Фонд Экамір” устанавілі геліясістэму падагравання вады для гарачага водазабеспячэння сталовай.
Аддзяленне разлічана на шэсцьдзясят месцаў. Зараз у “Святліцы” пражывае сорак сем чалавек, адзінокіх пажылых грамадзян — трыццаць дзевяць. З верасня 2015 года ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання ўвялі новую форму работы — “сад для дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту”.
З кастрычніка 2014 года працуе спецыяльны рэйс “Хуткая дапамога” для аказання дапамогі грамадзянам, якія жывуць у аддаленных вёсках. У яго склад уваходзяць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”, сельскіх выканаўчых камітэтаў. Спецрэйс выязджае кожны апошні чацвер месяца.
Раённая арганізацыя БРСМ і школы раёна ствараюць атрады, якія працуюць па праграмах “Міласэрнасць” (100), “Клопат” (62), “Ты не адзінокі” (27). Дзейнічае восем валанцёрскіх атрадаў з вучняў і студэнтаў па аказанні бытавых паслуг ветэранам, пажылым людзям і інвалідам, — распавёў Васіль Усцінавіч.
Віктар Азаронак уручыў падзякі дваццаці чатыром валанцёрам з Германіі і Беларусі, самаму маладому з якіх, Даніілу Грубаму, — дванаццаць год. Уганараваў і перакладчыцу Аляксандру Гапееву. Сярод іх тры лепяльчаніны: Кацярына Докіш, Кірыл Дзямко, Павел Атрахімовіч.
Пасля ўрачыстай часткі слова ўзяла пані Ульрыке Егер. Дарэчы, у мінулым годзе за праект міжнароднага працоўнага лагера Ульрыке Егер атрымала ордэн “За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія” ад Федэральнага Прэзідэнта Германіі Йахіма Гаука.
IMG_9817— Спаўняецца дваццаць год міжнароднаму працоўнаму лагеру. За гэты час мы адрамантавалі 130 дамоў больш чым у дваццаці вёсках. У працоўным лагеры паўдзельнічалі 600 падлеткаў з акругі Херфард (зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія) і Беларусі. Аднак, напэўна, самая галоўная наша задача — прымірэнне народаў і праца дзеля міру. Трэба памятаць, што пераконваюць справы, а не словы, якія прымушаюць дарэмна спадзявацца, — сказала пані Ульрыке.
Шчырыя словы падзякі выказала валанцёрам пенсіянерка Вольга Храмянок, якой дапамагалі ўдзельнікі міжнароднага лагера ў мінулым годзе.
Добра папрацавалі валанцёры і сёлета на падвор’ях лепяльчан. У Пелагеі Шкіранда пафарбавалі дом, паклеілі шпалеры і пафарбавалі падлогу ў калідоры. Паклеілі шпалеры ў кухні і калідоры, адрамантавалі ганак, паставілі плот і браму ў Надзеі Сцеблінай, пафарбавалі плот у Нідзі Міхайлавай. Зрабілі плот жыхарцы вёскі Зацякляссе Таісе Казлоўскай і пафарбавалі падлогу ў доме. Важнай часткай працоўнага лагера з’явілася і культурная праграма — наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў” на Ушаччыне.
Прысутныя напрыканцы сустрэчы паглядзелі фільм пад назвай “Прымірэнне і пошук слядоў у Беларусі”, дзе на свае вочы ўбачылі, якім чынам працавалі валанцёры ў Беларусі.
Яўген МУДРЫ.
На здымках: намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак уручае дыплом-падзяку; валанцёры за працай; моладзь наведвае мемарыяльны комплекс “Прарыў”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>