Дзень за днём на Лепельшчыне

У госці да Цмока

Цмок Лепельскі сёлета зноў запрашае да сябе ў госці на свята, якое прызначана на 21 жніўня. Плануюцца народныя гулянні, выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў, выязны гандаль.

 

Прыродныя паказчыкі

Тэмпература паветра ў другой дэкадзе ліпеня была ў межах шматгадовых паказчыкаў. У гэты перыяд яе максімальнае значэнне дасягала 26 градусаў. Яны несупастаўляльныя з рэкордамі сярэдзіны ліпеня ў 2001 і 2010 гадах, калі паветра прагравалася амаль да 33 градусаў.

Самымі ветранымі былі дні 13 і 15 ліпеня, на метэастанцыі зафіксаваны вецер да 13 метраў за секунду. Цалкам верагодна, што ў іншых мясцінах парывы ветру маглі быць нашмат большыя, што прыводзіла да пашкоджання пабудоў і дрэў.

Нібыта кампенсуючы недахопы вільгаці ў ранейшыя месяцы, ліпень сёлета адзначыўся дажджамі і ліўнямі з навальніцамі. У першую дэкаду выпала каля 40 міліметраў ападкаў, другая дэкада адстала не нашмат. Нагадваем, што дэкадная норма для ліпеня — 30 мм.

Страхавыя выпадкі  і кампенсацыі

У чэрвені ў раённае прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лепельскім раёне звярнуўся 41 чалавек з заявамі аб пашкоджанні іх маёмасці ў выніку прыродных з’яў і просьбамі аб выплаце страхавой кампенсацыі. За першыя дваццаць дзён ліпеня звярнуліся яшчэ 12 чалавек. У чэрвені ў асноўным пашкоджвалася бытавая апаратура: тэлевізары, халадзільнікі, камп’ютары. Прычынамі станавіліся скачкі напружання ў электрасетках з-за навальніц і маланак. Ліпень адзначыўся моцнымі вятрамі, хуткасць парываў якіх у асобных месцах перасягала 15 метраў за секунду. Пры такіх з’явах моцна пашко­джваюцца дахавыя пакрыцці.

Ручаёк у малочную раку

Малако ад кароў вясковых гаспадароў дапаўняе агульную малочную раку. За першае паўгоддзе ад вяскоўцаў раёна ў ААТ “Лепельскі МКК” было прынята 472 тоны малака. Уся прадукцыя прымаецца толькі першым гатункам. За гэты ж час з-за неналежнай якасці вернута 4878 кілаграмаў малака. Самыя вялікія вяртанні, 2276 кг, былі зроблены ў КУП “Салют-Агра”. Зімой прычынай вяртанняў часцей было ўтрыманне ў малацэ антыбіётыкаў, улетку — павышаная кіслотнасць.

Па прынцыпе “аднаго акна”

За першае паўгоддзе ў аддзел па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама з рознымі запытамі звярнуліся 690 грамадзян і восем юрыдычных асоб. Часцей за ўсё закраналіся пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прыватызацыі жылля.

Снарады ў Чэрцах

На днях у вёсцы Чэрцы былі знойдзены боепрыпасы — два артылерыйскія снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны. Іх выпадкова выявіў мясцовы жыхар, які пайшоў па ваду да сажалкі. Снарады былі на баявым узводзе. Сапёры вывезлі боепрыпасы на заслонаўскі палігон, там іх знішчылі метадам падрыву.

Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>