Паступальнае развіццё

Інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалая Місюры наведала працоўны калектыў філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам”. Работа групы была прысвечана тэме “Вынікі Пятага Усебеларускага народнага сходу. Асноўныя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў новай пяцігодцы”.

У пачатку свайго выступлення Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што з 22 па 23 чэрвеня бягучага года ў Рэспубліцы Беларусь адбылося адно з важнейшых палітычных мерапрыемстваў года — Пяты Усебеларускі народны сход, які азнаменаваў сабой заканчэнне пяцігадовага перыяду развіцця краіны і пачатак новага этапу ў жыцці дзяржавы і грамадства.
З 2005 па 2009 гады развіццё адбывалася за лік апераджальнага росту экспарту на расійскі і еўрапейскі рынкі. Эканамічны пад’ём забяспечваўся дзякуючы пашырэнню маштабаў вытворчасці. Гэта перыяд найбольш актыўнага росту ў замежнай прэсе назвалі “беларускім эканамічным цудам пачатку XXI стагоддзя”.
Краіна дасягнула значных поспехаў у галіне сацыяльнай палітыкі. У 2015 годзе выкананы вызначаныя Дэкларацыяй ААН мэты тысячагоддзя, звязаныя з выкараненнем жабрацтва і голаду, са зніжэннем дзіцячай смяротнасці і забеспячэннем адукаванасці насельніцтва. Па індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнага грамадства перамясцілася з 68-га месца ў 2000 годзе на 50-е ў 2015 годзе і адносіцца да групы краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця.
У мінулай пяцігодцы праведзена мадэрнізацыя базавых галін эканомікі. Завяршаецца тэхнічнае абнаўленне вытворчасцей, якія апрацоўваюць дрэва, уведзены ў строй тэхналагічныя лініі па вытворчасці цэменту “сухім” спосабам, арганізавана вытворчасць комплексных складаназмешаных угнаенняў. У краіне засвоена серыйная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон. Пабудаваны завод па вытворчасці сучасных чыгуначных электрацягнікоў. Пачата будаўніцтва Беларускай атамнай электрычнай станцыі.
За пяць гадоў уведзена ў эксплуатацыю і тэхнічна перааснашчана больш за адну тысячу малочнатаварных, 55 свінаводчых, 456 збожжасушыльных комплексаў, а таксама 500 птушкаводчых фермаў. Уся новая тэхніка на вёсцы айчыннай вытворчасці.
Пасля ўдзельнікі групы расказалі аб дзейнасці сваіх службаў, а прысутныя звярнуліся да іх з набалелымі пытаннямі. Першае датычылася сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
— Пытанне хвалюе многіх лепяльчан, якія пражываюць на вуліцах за чыгуначным пераездам. Пераход праз рэйкі вельмі нязручны для пешаходаў: у летні час ён зарастае травой, восенню тут гразь, а ў зімовы час пераход засыпае снегам. Да таго ж у цёмны час сутак пераход не асвятляецца. Асабліва складана тут ісці з дзіцячай каляскай.
Начальнік водаканалізацыйнага ўчастка КУВП ЖКГ ”Лепель” Павел Ермаковіч адзначыў, што пытанне будзе ўзята на кантроль.
Дырэктар філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам” Уладзімір Куранны звярнуўся з просьбай па меры магчымасці абуладкаваць тратуар уздоўж філіяла “Лепельскі хлебазавод”, а таксама зрабіць стаянку для аўтамабіляў работнікаў прадпрыемства.
— Раней балоны з газам абанентам дастаўляліся ў суботу, а зараз — у сераду. Я пражываю ў вёсцы Забаенне. Кожны раз, заказаўшы балон, адпрошваюся з работы. Добра, калі яго прывязуць раніцай, але ж здараюцца выпадкі, калі чакаю і на працягу працоўнага дня. Наколькі магчыма арганізаваць дастаўку балонаў пасля 17 гадзін або па суботах? — так прагучала наступнае пытанне.
— Майму мужу кожныя тры месяцы неабходна рабіць працэдуру МРТ. Аднак для яе праходжання кожны раз неабходна запісвацца на прыём да спецыялістаў Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра. Чаму такі апарат нельга набыць для ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ”?
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Марына Галай адзначыла, што ў цяперашні час апарат МРТ набыць немагчыма з-за яго вялікага кошту. Дарэчы, муж грамадзянкі, якая звярнулася з набалелым пытаннем, запісаны на прыём спецыялістаў Віцебскага абласнога дыягнастычнага цэнтра і зможа прайсці працэдуру своечасова.
— За магазінам №7 Лепельскага райспажыўтаварыства, які знаходзіцца па вуліцы Зялёная, працяглы час працякаюць каналізацыйныя трубы.
Пытанні работнікаў філіяла “Лепельскі хлебазавод” узяты на кантроль і будуць разгледжаны прадстаўнікамі адпаведных службаў.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>