Зернеўборачны атрад на Лепельшчыне

IMG_0370Час набліжаўся да 12 гадзін дня. На небе свяціла сонца, а збожжаўборачныя камбайны СВП “Пражэктар” у дзень прыезду карэспандэнта ўсе стаялі на мехдвары прадпрыемства. Запраўляліся, камбайнеры чысцілі і рэгулявалі малацільныя механізмы, праводзілі дробны рамонт. Адказ на пытанне, чаму не выязджаюць, быў дадзены ў першай жа размове.

У той дзень планаваўся пераезд зернеўборачнага атрада на палеткі ў раёне вёсак Валосавічы, Грыгаравічы, Стайск. Некалькі гадоў таму пры рэарганізацыі мясцовых сельгаспрадпрыемстваў частка земляў была перада­дзена СВП “Пражэктар”.

За першыя дні ўборкі ў “Пражэктары” зжалі каля 300 гектараў збажыны, у асноўным каля бліжэйшых вёсак Далікі, Велеўшчына. Намалацілі не менш за 870 тон азімай пшаніцы, аўса, ячменю. Ураджайнасць пакуль што складае 28,9 цэнтнера з гектара.

Вельмі эфектыўна паказваюць сябе камбайны КЗС-1218 вытворчасці прадпрыемства “Гомсельмаш”, з сямі адзінак збожжаўборачнай тэхнікі іх у “Пражэктары” тры. На двух камбайнах працуюць камбайнеры Уладзімір Альхімовіч і Ігар Дзёмка. Жнуць без памочнікаў. Вядома, цяжка, але гэта праца прывычная. Летась, напрыклад, Уладзімір намалаціў тысячу тон.

Міхаілу Юшко сёлета дапамагае сын Аляксандр, які нядаўна скончыў вучобу ў дзяржпраф­ліцэі. Ёсць у “Пражэктары” і яшчэ адзін сямейны экіпаж — на камбайне КЗС-10 працуюць бацька і сын Аляксандр і Андрэй Грыдзюшкі, разам яны жнуць ужо другі сезон.

Пакуль зжыналі бліжэйшыя палеткі, паспела збажына на аддаленых. Каб не распыляць сілы, усе спраўныя камбайны накіроўваюць туды. Перагон — вельмі складаная справа. Яно і не дзіва, ехаць давядзецца камбайнам з прычэпленымі жняяркамі. З шасціметровай жняяркай на КЗС-10 вельмі акуратна трэба ехаць па дарогах і вуліцах. А на КЗС-1218 агрэгат мае 7,4 метра шырыні, што вымагае падвойнай, патройнай увагі і майстэрства кіравання.

Камбайнеры і вадзіцелі грузавых машын, задзейнічаных на адвозцы збожжа, наракаюць:

— Напрасткі ад мехдвара Слабады да Валосавічаў кіламетраў 12 будзе, не больш. Аднак нам даводзіцца ехаць укругавую, адольваючы ў адзін бок па 50 км, а то і больш. Дарога ёсць, да Далікаў і па вёсцы праехаць можна спакойна, затое апошнія сем кіламетраў — суцэльны страх. У асобныя дажджлівыя дні там на трактары нават загразнуць можна. Калі б зрабіць адсыпку жвірам ды нармальны трубапераезд праз рэчку — гэта б нашмат аблегчыла справу. Летась, напрыклад, за суткі машына за адзін рэйс намотвала па сто кіламетраў прабегу, траціўся рэсурс, зашмат расходвалася паліва. Сёння камбайнам туды дабірацца не менш за дзве гадзіны.

Неўзабаве на мехдвор заехаў мікрааўтобус УАЗ, спыніўся ла стала з лаўкамі, камбайнеры і вадзіцелі пакрочылі туды. Аказалася, прыбыў абед. Мужчыны жартавалі, маўляў, яшчэ не зарабілі, есці будуць авансам. Для работнікаў арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, на полі і ў майстэрню прывозяць абеды ды падвячоркі. Стравы ў буднія дні дастаўляюцца са сталовай малочнакансервавага камбіната, а ў выхадныя — з “Гасцінага двара”.

Пакуль работнікі абедалі, набіраліся сіл, пад’ехалі спецмашына ад аварыйна-выратавальнага паста РАНС у Слаба­дзе і інспектар дзяржтэхнагляду Станіслаў Кажан на службовай машыне. Разам абмеркавалі маршрут. Са Слабады спачатку ўзяты курс на трасу Мінск — Віцебск, па ёй будуць ехаць да вёскі Чарнаручча, а там збочваць на вясковую мясцовую дарогу. Потым паедуць праз Малы Поўсвіж, Вялікі Поўсвіж, Паддуб’е, Зялёны Востраў і далей — на Новыя Валосавічы і Стайск. Ад Вялікага Поўсвіжа суправаджэнне павінна весці пажарная машына з валосавіцкага аварыйна-выратавальнага паста. У калоне не адставаць, не спяшацца, абавязкова ўключыць мігалкі. З Богам!

Камбайнеры занялі месцы ў кабінах, загулі магутныя рухавікі. Па адным яны выязджаюць з брамы мехдвара, выстройваюцца ў калону, пажарная машына — наперадзе. Уключаны мігалкі, сустрэчныя машыны прыпыняюцца, саступаюць дарогу. У дамоўленым месцы пажарныя са Слабады перадаюць эстафету суправаджэння калегам з Новых Валосавічаў. Калона прыбыла своечасова і ў той жа дзень прыступіла да справы. Першыя тоны збожжа з аддаленага ўчастка прыбылі на сушыльны комплекс.

Васіль МАТЫРКА.

На здымку: праца на полі ідзе поўным ходам.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>