Горад Лепель расце і прыгажэе

Прыемна заўважаць, як паступова наш горад прыгажэе і добраўпарадкоўваецца, набываюць прывабны выгляд тэрыторыі ля дзяржаўных, дашкольных устаноў, гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. У большасці выпадкаў такая работа вядзецца па ініцыятыве прадстаўнікоў мясцовай улады. Да таго ж яны самі прымаюць непасрэдны ўдзел у добраўпарадкаванні. Больш падрабязна на гэту тэму пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.
— Віктар Уладзіміравіч, як вядома, у нашым раёне актыўна наводзіцца парадак у прыбярэжных зонах. Участкі, якія раней зарасталі пустазеллем, зараз маюць дагледжаны выгляд…
— Гэта сапраўды так. Навядзенню належнага парадку на тэрыторыях, замацаваных за арганізацыямі і прадпрыемствамі, мы ўдзяляем асаблівую ўвагу. Да таго ж такая работа не заўсёды патрабуе значных фінансавых затрат.
На працягу многіх год на беразе возера Святое людзі з задавальненнем адпачываюць — купаюцца, загараюць. Аднак тэрыторыя ля возера не была добраўпарадкавана належным чынам. Вельмі хацелася стварыць для адпачывальнікаў лепшыя ўмовы. Уздоўж берага было высечана кустоўе, участак апрацаваны аўтагрэйдарам, завезены жоўты пясок, і зараз кожны будзе адчуваць тут сябе ўтульна і камфортна. Ля возера Святое плануецца зрабіць яшчэ адну зону адпачынку. Работа па добраўпарадкаванні будзе праведзена і на пляжы ля возера Лепельскае.
—Жыхары горада заўважылі, што па вуліцы Караленкі, дзе раней была апусцелая тэрыторыя, зроблена спартыўная пляцоўка…
— Так. У горадзе нямала падлеткаў, якія ў вольны час жадаюць пагуляць у футбол, валейбол, баскетбол, але не ў кожнага ёсць магчымасць наведаць гарадскі стадыён. Асабліва гэта датычыцца жыхароў аддаленых вуліц, у прыватнасці, мікрараёна “Пясчанка”. Уздоўж вуліцы ўжо шмат гадоў пуставаў значны ўчастак зямлі. Мы вырашылі яго добраўпарадкаваць і стварыць на ім спартыўную пляцоўку. Было скошана пустазелле, зроблена разметка, устаноўлены вароты, набыта для іх сетка… На гэту работу не спатрэбіліся значныя фінансавыя сродкі, а вось карысць яна мае вялікую. Зараз у кожнага жыхара Пясчанкі ёсць магчымасць правесці вольны час за спартыўнымі гульнямі і развіваць сваю фізічную загартоўку. Падобную спартыўную пляцоўку мы ўжо зрабілі і на безгаспадарчым участку ля дома №92 па вуліцы Калініна. Убрана будаўнічае смецце, скошана пустазелле, прагрэйдавана тэрыторыя і зроблена ўсё патрэбнае для спартыўных гульняў. Устаноўлены пясочніцы для дзяцей, некалькі лавак для маці, якія гуляюць з дзецьмі.
На асфальтаваным участку, размешчаным уздоўж вуліцы Аршанская шаша, у мікрарарёне “Поўдзень”, таксама запланавана абуладкаваць баскетбольную пляцоўку, а побач — футбольную.
Добраўпарадкаванне тэрыторый вядзецца за сродкі, заробленыя ў час раённага суботніка. Хочацца звярнуцца з просьбай да жыхароў раёна смела выказваць свае прапановы, цікавыя ідэі наконт навядзення парадку на пэўнай тэрыторыі. Кожная прапанова абавязкова будзе разгледжана і прынята да ўвагі.
Інтэрв’ю правяла Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>