Справа ўсяго жыцця

IMG_4884“Зарава асвяціла нізкія хмары. Здавалася, што з іх вось-вось на дамы, склады паліецца вогненны дождж. Машына на вялікай хуткасці заляцела ў двор базы. Агонь ахапіў левую палову склада і хутка распаўсюджваўся ў бок нафтасховішча.

Вадзіцель адразу і не зразумеў, чаму начальнік каравула загадвае ехаць не прама да агню, а ў праезд паміж базай нарыхтканторы, якая палыхае, і складам райспажыўтаварыства. Аднак Іван Александровіч прыняў правільнае рашэнне — менавіта тут захоўвалася галоўная небяспека, тут патрэбна было адсекчы шлях агню да склада і нафтабазы…
Паядынак з агнём працягваўся ўсю ноч. Ужо развіднела, калі пачалі зварочваць тэхніку. Як жа было прыемна бачыць ветлівыя ўсмешкі, чуць словы ўдзячнасці…” — з цікавасцю чытаю радкі публікацыі аб тушэнні пажару, у якім у свой час удзельнічаў начальнік каравула Лепельскай пажарнай аховы Іван Александровіч. Нататка выйшла ў газеце першага лютага 1978 года… Нават цяжка ўявіць, колькі пажараў удалося перамагчы Івану Данілавічу і яго супрацоўнікам за 39 год службы, але адно несумненна — самаадданая работа стала справай усяго яго жыцця.
— Напэўна, прафесія пажарнага мне была наканавана лёсам, — шчыра прызнаецца Іван Данілавіч. — Служба ў пажарнай ахове, вядома, была не з лёгкіх. Пажараў здаралася вельмі шмат, паколькі дахі дамоў былі саламяныя, якасць дарог — дрэнная. Увесь раён абслугоўваўся двума аўтамабілямі ЗІС-5 з умяшчальнасцю 180 літраў вады. Аднак з вогненнай стыхіяй змагаліся, у большасці выпадкаў — дзякуючы правільна абранай тэхніцы тушэння.
Сёлета Івану Данілавічу спаўняецца 88 год. Нягледзячы на немалады ўзрост, ветэран працы мае выдатную памяць, поўны жыццёвага аптымізму і энергіі. Той дзень, калі пачаў службу ў Лепельскай пажарнай ахове, Іван Данілавіч запомніў на ўсё жыццё…
— Я дэмабілізаваўся з арміі і пачаў шукаць работу. Вырашыў уладкавацца санітарам у аблпсіхбальніцу. Раптам даведаўся, што пажарнай ахове патрабуюцца байцы. Нават не раздумваючы, звярнуўся ў пажарную часць і быў прыняты на работу з двухтыднёвым выпрабавальным тэрмінам. Адпрацаваўшы год, быў накіраваны ў Мінскі навучальны атрад, дзе праходзіў падрыхтоўку на працягу дзевяці месяцаў. Вярнуўся з цэнтра — і мяне прызначылі начальнікам каравула. Так і не развітваўся са сваёй службай на працягу жыцця, — расказвае Іван Данілавіч.
Свае першыя выезды на пажар ветэран памятае і цяпер.
— У вёсцы Вялікае Поле загарэўся дом. Калі мы прыехалі на месца здарэння, агнём была ахоплена ўся сядзіба. Нам дапамагло тое, што непадалёк быў вадаём. Скарысталіся гэтым — і хутка пажар быў затушаны.
Памятаю таксама, як прыйшлося змагацца з пажарам у Наваполацку. На заводзе “Нафтан” загарэлася дзесяць тысяч тон нафты. У барацьбе з вогненнай стыхіяй былі задзейнічаны сотні пажарных машын. На нараду ў Полацк прыехалі работнікі пажарнай аховы са Смаленска, і ўсе яны разам з намі прыступілі да ліквідацыі агню.
Застаўся ў памяці і вялікі пажар у вёсцы Ворань, — працягвае Іван Данілавіч. — Непадалёк ад вёскі гарэлі на працягу тыдня тарфянікі. Лета, спёка, сухое балота… Я, тады ўжо начальнік каравула, прыняў рашэнне ліквідаваць пажар сустрэчным агнём. Пажарныя размеркаваліся ўздоўж канала, кожны накіраваў агонь на вялікае полымя. Пры сутыкненні двух вогненных патокаў удалося справіцца з пажарам.
Вялікі практычны вопыт, навыкі, атрыманыя на службе, Іван Данілавіч выкарыстоўваў у час выступлення разам са сваёй камандай на раённых і занальных спаборніцтвах па пажарна-прыкладным спорце. У калгасе імя Калініна, дзе ў свой час Іван Данілавіч быў начальнікам пажарна-вартавой аховы, не было пажараў больш за дзесяць год.
Існуе мудрае выказванне, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына. Іван Данілавіч зрабіў усе гэтыя высакародныя справы. Утульны дом у вёсцы Ворань, які яшчэ ў маладыя гады пабудаваў Іван Данілавіч, прыцягвае ўвагу сваёй дагледжанасцю. З усіх бакоў яго акружае мноства пладовых дрэў. Побач з домам размешчана і лазня, таксама пабудаваная гаспадаром. З ранняй вясны і да позняй восені вясковы дом упрыгожваюць пышныя клумбы кветак. Дапамагаюць Івану Данілавічу справіцца з хатнімі клопатамі яго дачка Наталля і зяць Васіль, часта прыязджаюць, клапоцяцца аб здароўі бацькі і цесця. Часта наведвае дзядулю ўнук Вадзім, які ўжо больш за дзесяць год працуе інспектарам дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Лепельскага РАУС.
З цікавасцю слухаю ўспаміны Івана Данілавіча — і не перастаю захапляцца яго прафесіяналізмам, адданасцю любімай рабоце.
— Хто стаў вашым настаўнікам у абранай прафесіі?
— У свой час перадаў мне свой вопыт, дзяліўся шматлікімі напрацоўкамі начальнік каравула Рыгор Пазняк. На барацьбу з пажарамі выязджалі разам з вадзіцелем Міхаілам Пазняком.
За шматгадовую добрасумленную працу Іван Данілавіч мае шэраг заслужаных узнагарод. Сярод іх — Ганаровая грамата ўпраўлення пажарнай аховы Віцебскага аблвыканкама, прэзідыума Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў за дасягнутыя поспехі ў сацыялістычных спаборніцтвах і ў сувязі з 64-й гадавінай савецкай пажарнай аховы, Ганаровыя граматы Лепельскага гарадскога Савета дэпутатаў і многія іншыя.
— Вельмі прыемна, што сённяшнія работнікі Лепельскага РАНС не забываюць пра нас, ветэранаў, часта наведваюць, віншуюць з Днём Перамогі, Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, запрашаюць на ўрачыстасці, якія арганізуюцца ў гонар Дня пажарнай службы.
Зараз, вядома, змагацца з агнём дапамагаюць выдатная тэхніка, сучасныя сродкі тушэння…
І ўсё ж па-ранейшаму галоўную ролю ў пажарнай службе іграюць вось такія, адданыя сваёй справе, людзі, якія дакладна ведаюць свае абавязкі і ў любы момант гатовы ўступіць у паядынак з вогненнай стыхіяй.
— Няхай жа вас ніколі не пакідае моцнае здароўе, а шматлікія гады службы стануць прыкладам для маладых пакаленняў пажарных, — ад душы жадаю Івану Данілавічу і моцна паціскаю на развітанне яго руку.
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: ветэран пажарнай службы Іван Александровіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>