Міліцэйская хроніка

Па-ранейшаму папулярнасцю ў аматараў пажывіцца за кошт сваіх суграмадзян карыстаюцца веласіпеды. За апошні месяц было зарэгістравана пяць фактаў іх крадзяжу. Першая заява паступіла ад рабочага ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, які жыве ва ўласным доме па Барысаўскім тракце. Ровар стаяў незамкнуты, чым і скарыстаўся злодзей. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
Ахвярай злодзея ў другім выпадку стала пенсіянерка, якая жыве на вуліцы Войкава. Увечары яна літаральна на гадзіну пакінула свой ровар, прыхінула да плоту. Гэтага зламысніку і хапіла. Як высветлілі аператыўнікі, злодзеем аказаўся мужчына 1974 года нараджэння, жыхар вуліцы Кірава.
Як аказалася, ён жа мае непасрэднае дачыненне і да другога крадзяжу. Другая жыхарка вуліцы Войкава, 1978 года нараджэння, прыехала ў краму “Гранд”, што на вуліцы М. Горкага, каб паглядзець тавар, зрабіць пакупкі. Зайшла ў 11.45, выйшла ў 12.00 — веласіпеда Keltt няма. Міліцыянеры знайшлі і прапажу, і злодзея. Як паказалі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, гэтыя два эпізоды — справа адных і тых жа рук.
16-гадовы хлопец, які жыве па вуліцы Чуйкова, увечары катаўся на сваім ровары “Арыён”. Паставіў яго непадалёк ад крамы №9, што насупраць электрамеханічнага завода, літаральна на 40 хвілін. Азірнуўся — жалезнага каня няма. Урон ацэнены ў 115 рублёў.

Лепяльчанка 1978 года нараджэння жыве па вуліцы Мінскай, а ў Старым Лепелі мае дачу. На днях прыехала і схамянулася — ноччу ў яе кладоўцы пашураваў злодзей. Яго здабычай сталі шэсць трохлітровых слоікаў з салам, тры літровыя слоікі з кансерваванымі буракамі і шэсць паўлітровікаў са свіным тлушчам — усяго на 199 рублёў 20 капеек. Заведзена крымінальная справа па арт. 205 Крымінальнага кодэкса.
У міліцыю паступіла заява ад жыхаркі вуліцы В. Маргевіч аб крадзяжы яе маёмасці. Жанчына раніцай выйшла на двор і не ўбачыла дэкаратыўных свяцільняў. Яшчэ ўвечары яны стаялі на агароджы, а зараз — няма. Усе дзевяць скралі злодзеі, нанеслі ўрон на 49 рублёў 50 капеек. Па факце крадзяжу вядзецца следства.
Побач з Межыцай працякае рака Ула. У наваколлі ёсць некалькі азёр, багатых рыбай, таму нядзіўна, што многія мужчыны тут заядлыя рыбаловы. Двое жыхароў Межыцы, работнік ААТ “Майстар ШЫК” і камандзір узвода ў вайсковай часці, жывуць у суседніх дамах і валодаюць суседнімі гаражамі, дзе і складваюць, акрамя іншага, свае рыбалоўныя прылады. За адну ноч абодва гаражы былі ўскрытыя, здабычай зламыснікаў сталі набор ключоў, рыбалоўны касцюм, тры металічныя каністры з дызельным палівам, шэсць спінінгаў са шпулькамі, тэлескапічная вуда і шмат іншых рыбалоўных прыладаў — усяго больш як на 740 рублёў. Следчым камітэтам заведзена крымінальная справа.
Як можна ахарактарызаваць дзеянні зламысніка, які залез у гаспадарчую пабудову дачы ў вёсцы Окана? Там захоўваўся квадрацыкл Polaris. Злодзей не змог яго выцягнуць і прысвоіць, таму тым, што патрапілся пад руку, пабіў бакавыя пластыкавыя панэлі, а на завяршэнне прарэзаў пярэднюю пакрышку. Якія матывы рухалі чалавекам: зайздрасць ці проста вандалізм? На гэтыя і іншыя пытанні павінна адказаць следства. Уладальнік квадрацыкла, мінчанін 1972 года нараджэння, пакуль што толькі падлічвае панесеныя страты — больш за 1230 рублёў!
Ужываючы словазлучэнне “цяжкі метал”, маем на ўвазе не музычны напрамак, а сапраўднае жалеза. Дакладней, 30 метраў вугалка і дзве металічныя трубы, якія былі ўкрадзены з двара работніка КУВП ЖКГ “Лепель”. Злодзеяў знайшлі па гарачых слядах, якія ўзяў службовы сабака. Ён і прывёў да лепяльчан 1973 і 1957 гадоў нараджэння. Маладзейшы, дарэчы, ужо быў раней судзімы, яго затрымалі. У адносінах да другога меры затрымання не прымяняліся. Праводзяцца следчыя дзеянні.
Наш кар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>