Сызаўшчына

Абыходзіў возера Сакольскае. Ведаў з карты, што ля яго выцягнутага краю павінна знаходзіцца вёска Сызаўшчына. Няйнакш як гэтая дарога, што ўзбягае на круты прыазёрны касагор, вядзе да яе. Сапраўды, выбраўся на вясковую вуліцу. Аднак па ёй не пайшоў, а звярнуў да сядзібы, якая справа стаяла воддаль ад іншых. Што яна “жывая”, пацвярджалі высокія вяргіні ў агародчыку, вінаградная лаза на шыферы і кветкі ў двары. Два сабачкі люта брахалі на чужака. Балазе аднаго не падпускаў кароткі ланцуг.

Другі ж гуляў вольна, а таму падбег блізка. Але дастаткова было на яго цыкнуць, як ахоўнік самотнай сядзібы кінуўся наўцёкі.

— Адна я на ўсю вёску засталася, — уздыхнула сталага веку гаспадыня. — А як выйшла замуж у Сызаўшчыну за Віталя Памэ, на 12 падворках жыццё віравала.
Была гэта 75-гадовая Марыя Памэ.
Век вёскі нядоўгі. Вядома, што на 1906 год у маёнтку Сызаўшчына пана Сцяпанава мелася два двары і 13 жыхароў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на месцы колішняга маёнтка створана аднайменная вёска, дзе пабудавалі свае ся¬дзібы былыя беднякі і парабкі. На 1997 год у Сызаўшчыне налічвалася тры падворкі і чатыры жыхары.
— Жылі ў вёсцы Б¬адзяі, Старынскія, Руткоўскія, Судакі, Спірыдовічы, Галаі, — пералічвае ранейшых жыхароў Марыя Антонаўна. — На шыльду ўвагу не звяртайце — дарожнікі памыліліся. На дарожным знаку перад маёй хатай замест літары “ы” напісалі “і”. Атрымалася “Сізаўшчына”.
Марыя Памэ пачала аповяд аб сваім жыцці. Яе радзіма — хутар Зазер’е за возерам Матырына. У 1938 годзе бацьку Антона Лаўрыновіча асудзілі на 10 гадоў зняволення без права перапіскі за тое, што “ўтрымліваў на хутары польскіх шпіёнаў”. Ад званка да званка адсе¬дзеў тэрмін у Кемераве. Адтуль выслалі на жыхарства ў Казахстан. Знайшлі яго пасля звароту да Генеральнага пракурора СССР. Да яго ездзілі сыны Георгій і Станіслаў. Казалі, што бацьку рэабілітавалі і турэмны стаж залічылі ў працоўны. Працаваў у Казахстане на пілараме. Паўторна ажаніўся. У 1962 годзе трагічна загінуў на працы ад удару рэйкі.
Пасля вайны ў Лаўрыновічаў датла згарэла хата. Пераабсталявалі пад жытло лазню. А тут загадалі высяляцца з хутара. Адвялі ўчастак у матырынскім Залессі. Перавезлі лазню-хату. Пасля да яе прыладкавалі куплены ў Боры зруб трысцена.
Цяжка жылося сям’і ворага народа. Усюды папракалі бацькам-шпіёнам. Зневажалі. Неяк Антоні¬ха папрасіла каня ў брыгадзіра Мішкі. Той адмовіў са словамі: “Я ведаю, з якога ты цеста спечаная”. Жанчына на тое адказала: “Мы з табой з аднаго цеста”. А ў брыгадзіра дзядзьку перад вайной таксама рэпрэсіравалі. Сумеўся Мішка, замоўк, аднак каня так і не даў.
Віталь Памэ быў трактарыстам у калгасе, які потым далучылі да саўгаса “Бароўка”. Марыя розныя работы выконвала. Пасля ўзялася пошту разносіць па Сызаўшчыне, Доўгім, Косцінцы, Астравах.
Дзесяць гадоў таму назад памёр Віталь Памэ. Дзеці раз’ехаліся ладкаваць жыццё ў больш цывілізаваныя мясціны. Адна дачка выбрала Оршу, працуе інжынерам-тэхнолагам на льнокамбінаце, мае траіх дзяцей. Другая хоць і нестарая яшчэ, аднак хварэе, мае другую групу інва¬ліднасці, жыве ў Дуброўне, два сыны ў яе. Дзіма быў лабарантам-рэнтгенолагам у лепельскім шпіталі, пасля яго расфарміравання пераехаў у Мінск, будуе кватэру ва Уруччы, мае дачку, нядаўна вярнуўся з палігона Ашулук.
Дзеці не забываюць маці, наведваюцца. Дзіма з сям’ёй увогуле праз тры тыдні прыязджае. Ён агародам займаецца, дровы парадкуе, двор абкошвае. Нявестка парадак наводзіць у хаце і ў двары. Кветкі і вінаград — яе рук справа.
Вінаградная лаза дык па шыферы аж да коміна далезла. Ягад было — процьма. Але куры агледзелі. Заляцяць на дах і дзяўбуць удосталь. Праўда, нявестка паспела ўхапіць тры вядры, віно паставіла.
— Як выхадзіцца, прыязджайце, пакаштуеце.
— Дзякуй! Скажыце, у Сызаўшчыне былі школа, магазін, клуб…
— Не было нічога. У школу дзеці спачатку хадзілі ў Косцінку, потым у Матырыне пабудавалі. А вось ФАП быў. Запомніла фельчараў Гваздоўскага, Валю Ляшчову. Пасля медпункт перанеслі ў Матырына. Цяпер спраўна ходзіць аўталаўка. Праўда, у Сызаўшчыну не даязджае, хоць у маршрут вёска ўключана. Вадзіцелі сцвярджаюць, што перашкаджае руху з таварам гара ад возера. Яна сапраўды крутая, аднак не настолькі, каб не пад’¬ехаў транспарт. Проста не хочуць пад’язджаць. Але пакуль мяне ногі носяць, хаджу да аўтамагазіна за кіламетр у Доўгае — туды з гары, адтуль пад гару. Тэлефонная сувязь часта псавалася. Тады сувязісты прапанавалі ўстанавіць тэлефон ад электрасеткі. Пагадзі¬лася. Паставілі вонкавую антэну. Цяпер хоць і электрычнасці не стане, сувязь падтрымліваюць акумулятары.
— Не надта грозныя ў вас чацвераногія вартавыя…
— Бім з Жучкай больш для забавы, чым для аховы. Ды яна мне і непатрэбная. Што ў мяне рабаваць?
За Марыяй Памэ замацавана сацработніца Іна Лаўрэнава з Матырына. Раз у тыдзень прыязджае на веласіпедзе, зімой — на возе. Загадзя патэлефануе, каб даведацца, што трэба прывезці з магазіна, аптэкі. З’явіў¬шыся, пытае, што зрабіць. Абслугоўвае Іна шэсць старых — па колькасці дзён у тыдні (адзін выхадны). Цяперашнюю сацработніцу Марыя лічыць лепшай за ўсіх, што былі раней.
Залетась лесараспрацоўшчыкі валілі дзялянку паблізу Сызаўшчыны. На ноч і выхадныя тэхніку ставілі ў двор Памэ пад ахову Біма і Жучкі. За гэта столькі дроў навазілі, што Марыя мінулую зіму без праблемаў ацяплялася, і на гэтую паліва хопіць. Закончыцца — у сельсавеце будзе заказваць. Прывесці дровы ў парадак — задача Дзімы.
Блізкі лес радасць не прыносіць. Адтуль прылятае каршун і хапае курэй. Грыбы ж растуць далёка — там, куды ногі Марыю не даносяць.
Марыя паказала месца панскага палаца. Бугор ад падмурка ды зараснік бэзу — вось і ўвесь напамінак аб былой велічы.
На развітанне гаспадыня нагадала:
— Не забудзьцеся прыехаць пробу з віна здымаць.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>