Галасаванне — на адпаведным участку

У нашым раёне актыўна вядзецца работа па падрыхтоўцы да выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Больш падрабязна аб гэтай рабоце пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Азаронкам.
— Віктар Уладзіміравіч, як вядома, у раёне ўжо створаны ўчасткі для галасавання…
— Так. Усяго ў раёне налічваецца 24 участкі для галасавання, з іх восем — у горадзе і шаснаццаць — у сельскіх населеных пунктах. Трэба адзначыць, што з васьмі гарадскіх участкаў два створаны пры ўстановах аховы здароўя і з’яўляюцца закрытымі. Гэта значыць, галасаванне на іх будзе праходзіць толькі ў дзень правядзення выбараў.
— Многія жыхары раёна дакладна ведаюць, які ўчастак для галасавання ім патрэбна наведаць. Аднак горад расце, будуюцца новыя дамы. Магчыма, некаторыя вуліцы аднесены да іншага ўчастка?
— Так адбылося на самой справе. У цяперашні час актыўна забудоўваецца раён гімназіі імя І.Ерашова, дзе традыцыйна будзе арганізаваны ўчастак для галасавання. За апошнія гады ў гэтым мікрараёне ўведзена пяць шматкватэрных дамоў, а сёлета пабудаваны шматкватэрны дом па вуліцы Войкава. Ужо пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у мінулым годзе колькасць выбаршчыкаў у гэтым мікрараёне наблізілася да трох тысяч. Згодна з артыкулам 17 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь “участкі для галасавання ўтвараюцца з колькасцю не менш за дваццаць і не больш за тры тысячы выбаршчыкаў”. Таму прынята рашэнне райвыканкама частку гэтага ўчастка для галасавання (вуліцы Партызанская, Мінская, Аршанская шаша) далучыць да ўчастка ААТ “Лепельскі малочнакансервавы камбінат”, дзе колькасць выбаршчыкаў у мінулым годзе склала менш за дзве тысячы. Мяркую, што для грамадзян, якія пражываюць на вуліцах Партызанская, Мінская і Аршанская шаша, новаўвядзенне не створыць цяжкасцей, паколькі па аддаленасці гэтыя два выбарчыя ўчасткі размешчаны ад іх прыблізна аднолькава.
— Віктар Уладзіміравіч, чаму ж гэтыя вуліцы аднесены менавіта да ўчастка для галасавання ў раёне ААТ “Лепельскі МКК”?
— Сярод гарадскіх участкаў для галасавання гэты ўчастак найменшы па колькасці выбаршчыкаў. Таксама не менш важны аспект, што ён мяжуе з участкам гімназіі, і ў такім выпадку проста крыху перасоўваецца яго мяжа.
— Безумоўна, вялікі пласт работы — фарміраванне спісаў выбаршчыкаў…
— Вядома. Зараз актыўна вядзецца работа ў гэтым накірунку. Спісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на адпаведных участках для галасавання, фарміруюцца на аснове баз даных жыллёвага фонду горада. Удакладняцца яны будуць на месцах членамі ўчастковых камісій, якія будуць створаны на ўчастках для галасавання.
— Грамадзяне нярэдка звяртаюцца да членаў участковых выбарчых камісій з пытаннямі наконт магчымасці прагаласаваць на ўчастку па месцы пражывання, а не па месцы рэгістрацыі. Наколькі гэта магчыма і якія дакументы для гэтага патрэбны?
— У нашай краіне галасаванне дапускаецца толькі па месцы рэгістрацыі, ніякіх адмацавальных талонаў не прадугледжана. У выключным выпадку прагаласаваць можна і па месцы пражывання, дзе чалавек не зарэгістраваны. Аднак у такім выпадку патрэбна прадаставіць членам участковай камісіі доказы свайго пражывання. Гэта могуць быць дагавор найму жылога памяшкання і дагавор куплі-продажу жылля. У такім выпадку ўчастковая камісія павінна пазваніць у населены пункт, дзе чалавек зарэгістраваны, і паведаміць, што ён ужо ўключаны ў спіс у іншым месцы і прагаласуе там. Аднак гэты варыянт выключаны, калі ў грамадзяніна няма доказаў у выглядзе дакументаў і ён пражывае ў кватэры родных або знаёмых без рэгістрацыі. Не дапускаецца таксама галасаванне за іншых грамадзян нават пры наяўнасці даверанасці. Гэта значыць, прагаласаваць “за бабулю” нельга, таму што згодна з заканадаўствам кожны выбаршчык галасуе асабіста. У выпадку, калі грамадзянін па стане здароўя або іншай уважлівай прычыне не можа прыйсці на ўчастак у дзень выбараў, арганізуецца галасаванне па месцы яго знаходжання.
— Вялікі дзякуй, Віктар Уладзіміравіч, за змястоўную гутарку.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>