Шмат дзе на свеце пабывалі Сцяпанавы. Васіль Іванавіч уздымаў цаліну, гады чатыры сям’я жыла ў Рызе, а затым усе разам махнулі на БАМ

27 чэрвеня 003 Ніна Сцяпанава апынулася ў Лепелі параўнаўча нядаўна — гадоў сямнаццаць таму. Для яе паважанага веку — гэтай зімою адзначыла дзевяностагоддзе — якія-небудзь сямнаццаць-дваццаць гадоў і сапраўды невялікі адрэзак часу. Прыехалі ў Лепель Сцяпанавы, калі ўжо былі пенсіянерамі. Проста спадабаўся ім наш азёрны зялёна-блакітны куточак Беларусі. Было гэта напрыканцы дваццатага стагоддзя. У той час у Лепелі жыў іх сын Юрый. Прыехалі да яго бацькі, пагасцілі і падумалі: “А чаму б тут не застацца на старасці гадоў”. І ўрэшце памянялі сваю віцебскую трохпакаёвую кватэру на прыгожы домік на беразе Прошы. Цудоўная мясціна! Выйдзеш на вуліцу, спусцішся па агародзе — і ты ўжо ля вады. Хочаш купайся, хочаш рыбку лаві… Самі, вядома, ужо не робяць ні таго і ні другога. Аднак жа  дзецям, унукам і агарод патрэбен, і возера.

Шмат дзе на свеце пабывалі Сцяпанавы. Васіль Іванавіч уздымаў цаліну, гады чатыры сям’я жыла ў Рызе, а затым усе разам махнулі на БАМ. Спачатку — самі бацькі з малодшым, а потым і старэйшыя сыны туды прыехалі. А вось жа менавіта наш горад абралі для пенсіянерскага жыцця.
Ніна Сцяпанава (дзявочае прозвішча Аксёнава) родам з вёскі Лямніца (да вайны Суражскага раёна) з-пад Віцебска. Бацькі яе былі з бедных сялян. Першымі пайшлі ў калгас. Ніна Канстанцінаўна і сама па натуры актывіст і аптыміст, яшчэ таго, савецкага, гарту. З непрыхаванай настальгіяй прыгадвае яна часіны свайго юнацтва і маладосці, калі людзі, якія жылі яўна бядней, чым цяпер, на працу хадзілі з песнямі, з ворагам ірваліся ў бой, умелі згуртавацца і мабілізавацца перад тварам небяспекі.
Акурат у сорак першым закончыла яна сямігодку. І добра памятае той дзень, калі з сельсавета ў вёску прыскакаў коннік з загадам усім мужчынам з’явіцца ў Сураж у ваенкамат. Вёска іх была вялікая, болей як сто хат. Шмат было моладзі, асабліва хлопцаў. Хлопцы былі бясстрашныя. Такі цікавы факт: пад Суражам прарвалі фронт, завязаўся бой з чырвонаармейцамі. Сілы былі няроўнымі, байцы нашы адступілі. Аднак мясцовае насельніцтва, узброенае выпадкова знойдзенымі на полі бою вінтоўкай і аўтаматам, мо яшчэ з тыдзень палохала фашыстаў.
Ніна Канстанцінаўна распавядае пра подзвіг юнага Мішы Сільніцкага, які ў сорак другім ля суседніх вёсак Платы і Курына загінуў, прыкрываючы адступленне партызанскага атрада, знішчыў з кулямёта дзясяткі гітлераўцаў. Пахаваны ў Курыне.
Памятае Ніна, як немцы ў пачатку вайны прыехалі на матацыклах, здаровыя, дагледжаныя. Памятае, як яны з малодшым брацікам прывялі дадому кабылу з жарабём, што засталіся пасля адступлення. І маці не ведала, што з імі рабіць. Балазе, што іх забраў нейкі мужчына.
Добра памятае яна, як фашысты ў сорак другім палілі вёску, помсцілі за партызанскі супраціў. Спалілі амаль дашчэнту, усяго дзве хаты засталіся. Хто не ўцёк у лес, той загінуў. Аксяновічы пераехалі жыць за рэчку ў суседнія Мазганы да матчынага брата, а пасля жылі ў Платах у цёткі. Фашысты спалілі і Платы. Людзі засталіся ў зямлянках. Зрэшты, і зямлянкі ім хутка не спатрэбіліся. Сабралі народ, пагналі пешшу ў Віцебск, у “пяты полк” — так называе Ніна Канстанцінаўна фашысцкі засценак, вязнем якога ёй давялося быць. Дзякуючы здрадніку, у фашыстаў апынуліся падрабязныя спісы партызанскіх сем’яў.
Неўзабаве дзяцей разлучылі з дарослымі. Цётка трапіла ў Асвенцім, дзеці яе загінулі. А Ніну гітлераўцы сярод іншых пакінулі ў Віцебску капаць траншэі. Жылі ў бараках, спалі на нарах, галадалі, было вельмі холадна. Ніна прабыла ў тым “пятым палку” некалькі месяцаў. Аднак кожны дзень фашысцкай няволі быў роўны году. З іх здзекаваліся, не лічылі за людзей. Калі наблізіўся фронт, пешшу пагналі на захад. Раптам наляцелі савецкія самалёты. Пад шуміху-блытаніну некаторыя вязні, у тым ліку і Аксёнавы, схаваліся ў густым жыце, пасля дабраліся да лесу, голыя і галодныя. Хаваліся некалькі дзён. Ніна Канстанцінаўна і зараз дзіву даецца, як яны тады выжылі. Пілі ваду з балота. Маці пайшла ў разведку, вярнулася радасная: немцаў ужо не было. Прыйшлі нашы.
Чырвонаармейцы пачалі іх падкормліваць, параілі ўзяць вопратку з нямецкага склада. Маці горда і гідліва адмовілася: “Нам фашысцкага нічога не трэба”.
Крыху пажылі ў зруйнаваным Віцебску ў пакінутай чужой кватэры. Затым маці падалася ў вёску, дзе іх ужо чакаў бацька, які вярнуўся з вайны. А Ніна засталася ў горадзе. Сустрэла знаёмую па лагеры, якая працавала ў гідраметэаслужбе. Так Ніна ўладкавалася сіноптыкам. Паступіла ў вячэрнюю школу. У вольны час наводзілі парадак у горадзе, разбіралі завалы. Жылі дзяўчаткі тут жа, на метэастанцыі, утрох.
У сорак восьмым Ніна сустрэла Васіля, які працаваў на заводзе ў Віцебску. Неўзабаве пажаніліся. У іх тры сыны, дарослыя ўнукі і нават ужо вялікія праўнучкі. Ля хаты бегаюць чатыры курачкі, вось і ўся іх цяперашняя гаспадарка, а некалі нават парася трымалі. Ці шмат ім, пажылым людзям, трэба! Жывуць на ўзбярэжжы маляўнічай Прошы, у дыхтоўным доме, дыхаюць свежым паветрам, цешацца жыццём. Трывожацца хіба толькі за нашчадкаў, ды ўспаміны маленства даймаюць. Ніна страціла на вайне чатырох дзядзькоў, цётку, дзядулю фашысты спалілі жывым. Такое не забываецца і не даруецца…
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Ніна Сцяпанава ў палоне трывожных успамінаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>