Летнік у Домжарыцах гудзеў, як пчэльнік…

Фота ад  13 чэрвеня 021 Гудзе ў Домжарыцах школа, як растрывожаны вулей. Канікулы. Закончыліся ўрокі і не звіняць званкі, а тут па-ранейшаму людна. Што там? Ды “пчолкі” працуюць. “Пчолкаю” назвалі тут аздараўленчы летнік, які на цэлыя тры тыдні вярнуў у апусцелую школу звонкія дзіцячыя галасы. Тры тыдні цікавай творчай працы — мядовы месяц для малодшых школьнікаў.

Летнік сабраў дваццаць два чалавекі — вучняў з першага па шосты класы.
Святлана Буяльская, адказная за аздараўленне дзяцей, кажа, што тут сабраліся дзеці з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў. Для іх летнік — сапраўднае свята. Тут паўнавартаснае вітамінізаванае харчаванне. Пуцёўка ў летнік каштуе шэсцьсот шэсцьдзясят тысяч, аднак фінансавыя клопаты ўзяла на сябе дзяржава, дзеці адпачываюць бясплатна. Адзінае, бацькі сабралі па сто тысяч на прызы, сродкі гігіены і іншыя дробныя гаспадарчыя расходы. Чатырнаццаць мільёнаў пяцьсот дваццаць тысяч рублёў выдаткавала дзяржава на ўтрыманне летніка ў Домжарыцах. Прадукты да стала закупляюць у мясцовай краме. У меню заўсёды свежыя садавіна, агародніна, мясныя стравы.
У гэты дзень, напрыклад, на абед дзеці з задавальненнем елі суп, катлеты з кураціны, свежыя памідоры, запівалі апельсінавым кампотам.
Цікава ў летніку. Штодня — свята. Хадзілі ў мясцовую бібліятэку на выставу, прысвечаную памяці мастака Бухаркіна. Сустракаліся з супрацоўнікамі МНС, якія самі прыехалі ў школу на прыгожай пажарнай машыне. Асабліва захоплена слухалі расказ пажарных хлопцы, а іх тут шаснаццаць.
Хадзілі ў экалагічныя паходы. Школа супрацоўнічае з Бярэзінскім запаведнікам. Працуе “Зялёная школа”, а ў запаведніку дзейнічае праграма “Зялёны квас”. Былі і конкурсы, і віктарыны, і сустрэчы з казкаю. Бліжэйшым часам дзеці збіраюцца схадзіць “у госці” да звяроў — наведаць вальеры.
Зрэшты, у Домжарыцах сустрэцца, напрыклад, з мядзведзямі можна не толькі ля вальераў. Мядзведжы кут. Расказвалі, непадалёку ад вёскі бачылі двух медзведзянят. З таго часу мясцовыя жыхары пабойваюцца гуляць па лесе, нават паблізу ад забудоў.
Звонкая дзіцячая “Пчолка” абудзіла “мядзведжы кут”. Лета ў разгары, канікулы працягваюцца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку цікава дзецям у “Пчолцы”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>