Атокі

Вёска Атокі размешчана за 30 км на паўночны ўсход ад горада Лепеля. Паселішча вядома па пісьмовых крыніцах пачатку ХХ ст. як вёска Атокі Каменскай воласці Лепельскага павета. У 1906 г. у ёй было толькі 9 двароў, 95 жыхароў. На 1940 г. — 31 гаспадарка, 108 жыхароў. Пад час Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія акупанты спалілі Атокі і загубілі 3 іх жыхароў (ліпень 1943 г.). У 1997 г. у вёсцы мелася 12 падвор’яў і 25 жыхароў.

Карту не прыхапілі, таму ў Заслаўках і Зямцах давялося распытваць дарогу на Атокі — настолькі складаную канфігурацыю яна мае, паколькі па прамой праз Зямцы не пускае гразкая пойма ракі Дзівы.

Ад цэнтра Лепеля спідометр намерыў да Атокаў 38 кіламетраў. Па традыцыі спыніліся ля першай “жывой” хаты. Прыадчынілі дзверы і назад адскочылі — з трысцена раз’­юшана забрахаў вялікі белы сабака.

— Не бойцеся, — супакоіла нас гаспадыня. — Дунай толькі брэша, а яшчэ нікога не ўкусіў.

Была гэта 74-гадовая Ганна Садоўская.

— Вось добра, што вы прыехалі, — сказала. — Ёсць каму паскардзіцца. Аўтобус з Лепеля двойчы на дзень па серадах і суботах прыходзіць толькі да Зямцоў. Да прыпынку трэба ісці кіламетры з паўтара ці два. Цяжка старым атокаўцам адольваць гэтулькі. Няхай бы пад’язджаў хаця б да адгалінавання дарогі на нашы могілкі.

Спыталі пра сям’ю і сумеліся. Ганна Іванаўна заплакала. Году няма, як памёр яе Аляксей, 1931 года нараджэння быў. З 1955 года жылі разам. Ён з бешанковіцкай вёскі Бортнікі. Тады і яна, і Атокі ўваходзілі ў склад Ульскага раёна. Паехалі па справах у райцэнтр кожны сам па сабе, а там пазнаёміліся. Аляксей прыйшоў у прымы. Працаваў паляводам, цесляром, механізатарам. Ганна з Сушы, потым з Заславак пошту разносіла па Атоках, Зямцах, Урадзе, Заслаўках, Хвашчове, Мішульках.

Маркотна жыць адной. Вось справіць год па Аляксею і паедзе ў Мінск да дачкі Тані. Магла б і ў Новалукомль да Тамары. А больш за ўсё хацела б у Лепель да Валеры, бо ён жыве ў сваім доме на Пясчанцы. Там у двары воля, амаль як у Атоках. Не тое што ў Мінску на восьмым паверсе праз акно гля­дзець. І нявестка Таня вельмі добрая, кліча. У сталіцы трэба за ўнучкай-другакласніцай пасля заняткаў у школе прыглядаць. Як падрасце, тады бабуля будзе ў Лепелі зімаваць. Мінскія ж дачка з зяцем хочуць маці да сталічнага жыцця прывучыць, у кіно, тэатры водзяць. Разумеюць дзеці, што старыя таксама да культуры цягнуцца. А ўвогуле, магла б і ў Атоках зімаваць, ды печка сваё адслужыла, перарабляць жа складана і дорага.

Агарод у Атоках Ганна сумесна з дзецьмі ўтрымлі­вае. Больш Валера займаецца, бо сталічны зяць не ўмее за плугам хадзіць.

Лесу ў наваколлі няма. Але па кустах і гайках грыбоў шмат расце. Толькі хадзіць па іх боязна — аднойчы сустрэла дзікоў галоў на 15 з чорным іклатым вепруком на чале.

*   *   *

 — 50 гадоў жывём з Мішкам, — сказала 69-гадовая Дуся Скавародка. — І ўсё жыццё шкадую, што выйшла за яго.

— Што так? Вы ж самая шчаслівая сям’я ў Атоках  — у іншых дзяды паўміралі…

— Няхай сабе. Усё адно магла сабе лепшае жыццё зрабіць, каб у маладосці не памылілася ў выбары спадарожніка па ім.

74-гадовы Міхаіл сядзеў побач ды моўчкі пасмейваўся з жончыных слоў. Ён і пачаў распавядаць пра сумеснае жыццё-быццё.

Родам Міхаіл з вёскі Скавародкі — была такая пад Сушай, ды немцы ў вайну спалілі. Бацькі паспелі перавезціся ў Атокі. У саўгас “Сушанскі” Міхаіла ўзяў лабарантам дырэктар Кузьма Хамёнак. Гэтую хату яму даў пасля таго, як ажаніўся. А знайшоў Дусю так. Зямляк служыў у Межыцы. Ён і падраіў Міхаілу дзяўчыну з Караевічаў, якая яго дзяцей глядзела. Міхаіл угаварыў сябра, і яны на веласіпедах паехалі за свет у сваты. За доўгі шлях усю гарэлку выпілі, якую на абрад везлі. Прыехалі “гатовыя” і з пустымі рукамі. Аднак такая “дробязь” дзяўчыну не адштурхнула ад нарачонага. Дала згоду. У “Сушанскім” стала працаваць свінаркай.

Дарэмна Дуся Казіміраўна крыўдуе на жыццё, калі гэта яна ўсур’ёз казала. Скавародкі чатырох дзяцей у жыццё выправілі. Зіна працуе ў адной з лепельскіх сталовак, Маруся ў сушанскім Замошшы пошту носіць і малако збірае, Валя лепельскі ўнівермаг прыбірае, Коля ў лясгасе на лесапавале сукі абсякае. Чатырох унукаў і два праўнукі маюць. Сам Міхаіл сем гадоў каня даглядае. Мянушка ў яго адмысловая — Конь. Дзіўны характар. За плугам ходзіць добра, машын не баіцца, а палохаецца птушак і поліэтыленавых плёнак. Нядаўна паехалі ў каменскі магазін. Невядома, якім чынам на ўзбочыне плёнка аказалася. Конь — на дыбы і разварочваецца, каб дахаты драпака даць. Тады Дуся занесла за кусты поліэтылен, і Конь стаў як конь, далей павёз Скавародкаў. А аднойчы ў Сушу паехалі. Напаўдарозе чарада птушак перад носам успырхнула. Конь як кінецца ўбок, Скавародкі вываліліся ў канаву, а воз іх накрыў. Ледзь выбраліся. Добра, што не пабіліся.

Раней дзве каровы трымалі. Збылі, бо сена нарыхтоўваць цяжка. Каню дык сын Коля накошвае, а вось высушыць — праблема.

Увогуле жывёлу не трымаюць. Навошта, калі ў аўталаўцы можна ўсё купіць. А Конь патрэбен больш як транспартны сродак, чым рабсіла. Былі куры, але шашок паеў.

*   *   *

 Муж 77-гадовай Людмілы Засека 40 гадоў таму назад памёр. Траіх дзяцей адна на ногі ставіла. Маці за тое дзеці ўдзячныя — кожны да сябе на зіму запрашае. Пераязджае, як у той песні народнай, ад аднаго да другога. Усе ёй рады — і лепяльчанка Зіна, і віцябчане Міша з Алай. Нідзе не сумуе бабуля — унукі не даюць. А іх чацвёра.

Жыццё праляцела, бы адна хвіліна. Калі гэта быў той 1955 год, які стаў першым сумесным для яе і Пеці Засекі з Зямцоў, а ўжо 56 гадоў мінула, паміраць час надыходзіць, а добрага нічога не бачыла ні ў басаногім у поўным сэнсе слова дзяцінстве, ні ў галоднай маладосці, ні ў цяжкой ад непасільнай працы сталасці. Да гэтага часу дрыжыкі праці­наюць ад успамінаў, як рукі рвалі, сянаж з ямы выдзіраючы ды цяжкія мяхі са збожжам, бульбай, мукой, цэментам, салетрай цягаючы. А пенсію паляводы дык меншую за ўсіх іншых работні­каў атрымліваюць.

*   *   *

 У калідоры хлопец мыў робу. Побач стаяў керагаз.

— Гэта ж трэба, да гэтага часу не згарэў! Ужо і газа не прадаецца. Дзе бераце?

— Салярку запраўляем. Крыху болей капціць, але гарыць, грэе.

— Ты тут жывеш?

— Гэта дом маіх бацькоў Дзмітрыя Рабовіча і Валянціны Піскуновай. Яны зараз знаходзяцца на працы ў акцыянерным таварыстве “Ладасна”. Я іх сын Іван Рабовіч, гастарбайтар. Два дні назад прыехаў з Піцера. Адбыў там два з паловай месяцы. Цяпер адпачываю да чарговага заезду ў Расію. Раней працаваў грузчыкам на камбікормавым заводзе.

— Што пацягнула ў замежжа?

— Малы заробак тут. Там працаваць цяжэй, аднак ёсць за што.

— У бацькоў розныя прозвішчы. Ты сын аднаго з іх?

— Яны абодва мае бацькі. Проста носяць розныя прозвішчы.

— Ты адзіны іх сын?

— Мая сястра Наташа Піскунова працуе поварам у псіхбальніцы, трохгадовую дачку Насцю мае.

— “Лепельскі край” ляжыць на стале. Адкуль у вас газета?

— Выпісваюць бацькі. Любяць газету. Хоць і жывуць на перыферыі, аднак цікавяцца падзеямі ў раёне. А пасля вашага візіту яшчэ і пра сябе прачытаюць…

*   *   *

 Еўдакіі Скавародка 71 год. Жыла ва ўшацкай вёсцы Кугоні. Ад Атокаў, дзе жыў на тры гады старэйшы за яе будучы муж Віця, два кіламетры скрозь балота. Бегалі адзін да другога цераз хуткаплынную рэчку, якая даўно зарасла, у балота ператварылася.

Зажыліся. Шчаслівае жыццё пражылі. Ён працаваў трактарыстам у “Сушанскім”. Яна на ферме завіхалася. Нара­дзіла Зіну і Васю. У Наваполацку жывуць цяпер. Да сябе клічуць. Але боязна хату пакінуць, хоць і трэба самой на аперацыю класціся — расцягнуць усё датла.

— Старым цяжка дабірацца да медыцынскай установы, — разважае Еўдакія Скавародка. — Няхай бы медыкі самі арганізавалі абследаванне старых па месцы жыхарства. Мы б спакайней сябе адчувалі.

— Вы не сказалі, дзе ваш муж Віктар…

Сказаў і тут жа пашкадаваў аб тым, бо Еўдакія заплакала.

— Памёр ён 26 верасня. Хварэў. Пасля аперацыі ніяк не мог моцы набрацца, аднак насуперак рэкамендацыям урачоў курыў несупынна. Гэта яго і даканала. Дзіўлюся, як курцы не могуць зразумець, што навідавоку самі сябе губяць. Гэта ж навуковымі даследаваннямі даўно даказана. Аб тым Віця не хацеў слухаць. Не думаў, як мне без яго бу­дзе цяжка ад суму жыць.

Да апошняга Скавародкі 15 курэй трымалі. Аднойчы прыйшлі ў куратнік, а яны роўненька ляжаць з перагрызенымі горламі — шашок пазавіхаўся. Склалі ў мех і закапалі. Учора ліса пад вокнамі хадзіла. Дзікі агарод ускапалі.

— Не разумею, якую карысць грамадства мае ад абароны гэтых агульнапрызнаных вяскоўцамі шкоднікаў, — разважае Еўдакія. — Па тэлевізары бачыла, што ў Чэхіі яны прызнаныя шкоднымі жывёлінамі, як у нас ліса, і адстрэл іх прэміруецца. Агледзяцца і ў нас. Шкада, што не дажыву да такога.

*   *   *

 Усе падворкі Атокаў з рэдакцыйным вадзіцелем Мікалаем Красковічам абышлі. Напрыканцы вёскі зайшлі ў нічыйны сад, яблыкаў назбіралі. Ад сядзібы былых гаспадароў нават падмурка не заўважылі.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымках: Ганна Садоўская і Дунай любяць адзін другога; нялёгка жылося Міхаілу і Дусі Скавародкам; любіць Людміла Засека на прызбе маладосць узгадаць.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>