Жыццё — дарога, гады — кіламетры на гэтай дарозе, а мы ўсе — за рулём

Фота ад  6 чэрвеня 040  Жыццё — дарога, гады — кіламетры на гэтай дарозе, а мы ўсе — за рулём. І — едзем-едзем. Хтосьці за рулём, а хтосьці побач, спадарожнікам. Па маладосці вельмі я любіў ездзіць на спадарожных машынах. Не прызнаваў аніякіх аўтобусаў, таксі. Прагаласуеш, спыніш машыну, і вось ты на спаборніцтвах з ветрам, сам сабе ўладар, вольная табе воля.

Так і гойсаў на падарожных машынах па сваіх юнацкіх вёрстах. Больш таго, на “папутках” знаходзіў і новых сяброў.
Вось так аднойчы падабраў мяне малады хлопец. Ехалі нядоўга, колькі тут з Лепеля да Чэрцаў. Аднак за тыя лічаныя хвіліны не толькі паспелі пазнаёміцца, а і, лічы, пасябравалі. Сашка Палавінскі, так звалі вадзіцеля, падаўся мне надзвычай сур’ёзным чалавекам. Як потым высветлілася, так яно і было. Ён паспеў мне за кароткі час расказаць пра сваё, а я яму — пра сваё. Расставаліся ўжо добрымі прыяцелямі. Зразумела, гэта была не апошняя наша сустрэча. Сашка запрасіў мяне ў Дварэц. Справа ў тым, што ён аказаўся вернікам, і яны ў Дварцы збіраліся на малітвы, там быў спецыяльны дом малітоўны. І я прыехаў. Верніка, праўда, з мяне не атрымалася, аднак памятаю, што мне вельмі спадабалася, як хораша моладзь спявае. Яны ж там не толькі маліліся, а яшчэ і спявалі псалмы…
А потым я быў у Сашкі на новай кватэры, якую той толькі што атрымаў у Белых Досах. На той час Палавінскі ўжо быў жанаты, паявіліся першыя дзеці. Пасля гэтага мы доўгі час не бачыліся. Жыццё — рэч цікавая, часам сябры раствараюцца ў часе, знікаюць. Не, Сашка не знік з майго далягляду, я ведаў, што ў яго ўсё добра, што ў яго… дзевяць дзяцей. Ён неяк сказаў: “Колькі Бог пашле, столькі і будзе”. Так яно і здарылася. І Палавінскім далі катэдж. Далей мы не бачыліся, хоць і засталіся добрымі знаёмымі, ды неяк разышліся крыху нашы шляхі-дарогі…
* * *
І вось я на МКК, рыхтую маладзёжную старонку. Прапанавалі мне напісаць пра маладога вадзіцеля малакавоза, маўляў, і старанны, і сур’ёзны, і адказны. Запрасілі хлопца ў дыспетчарскую. Прыйшоў, зніякавеў крыху, засаромеўся сваёй працоўнай вопраткі: ён якраз паставіў машыну на рамонт. Не ў касцюмчыку ж яму з гальштукам пад машынай поўзаць! Назваўся: Палавінскі Аляксей Аляксандравіч.
Я яшчэ пажартаваў, маўляў, Аляксандравічам ты будзеш гадоў праз сорак, а зараз — проста Лёша… А потым сабе думаю: “Дзесьці я ўжо бачыў гэтага маладога чалавека з “правільнымі”, як у акцёраў з лепшых савецкіх фільмаў, рысамі твару. І дзе я мог яго сустракаць?”
— Чакай, як ты сказаў? Аляксандравіч? Ты хіба Сашкі Палавінскага сын?
— Так, — здзівіўся хлопец, — а вы адкуль бацьку ведаеце?
І паплыло, і паехала перад вачыма юнацтва. “Папутка” з Лепеля, песні ў Дварцы… “Душа болит, а сердце плачет, а путь земной ещё велик…” Белыя Досы… Як тыя кіламетры за акном спадарожнай машыны — выявы-выявы…
— Ты хіба старэйшы?
— Так, я старэйшы ў сям’і.
— Дык расказвай жа, што, дзе, як ты!
— Вось бачыце, працую.
— Колькі ўжо тут?
— Гады тры.
— Машыну хоць добрую далі?
— Ды не, — усміхаецца, — “КамАЗ” быў старэнькі, я яго ўвесь перабраў. Нядаўна вось “МАЗ” атрымаў.
— Адкуль у цябе цяга да тэхнікі? Ой, ды што я, ды бацька ж…
— Так, бацька мяне добра “надрэсіраваў”: і па дарогах розных, і па лесе, і матор добра ведаю.
— А на каго вучыўся?
— У ліцэі на правы здаваў. А потым завочна ў Гомелі, у політэхнічным тэхнікуме, на тэхніка-механіка вучыўся.
— І адразу сюды?
— Ды не, вазіў дырэктара ліцэя. Пасля ў “Прывуллі” экскаватаршчыкам працаваў. Затым служыў у Бароўцы. З арміі пайшоў да мостабудаўнікоў.
— А што сюды прымусіла? На МКК заробкі добрыя, сюды ідуць.
— Шчыра скажу, гэта самае і прымусіла. Грошы патрэбны, дом будую.
— Дом будуеш?
— Дакладней, рамантую капітальна. Купіў дом на новым пасёлку, што паміж горадам і Поўсвіжам, і сам яго да ладу даводжу. Цесць у мяне за прараба. Штосьці знаходжу ў інтэрнэце, разбіраюся, вучуся і сам раблю.
— Раскажы пра сям’ю.
— Жонка з Дагестана, руская. Яны пераехалі сюды жыць за тымі неціхотамі. Двое дзяцей.
— А будзе дзевяць?
— Не, — смяецца, — не хачу. Сам вырас у шматдзетнай сям’і, ведаю, што гэта такое.
— А як наконт таго, што “колькі Бог пашле”?
— Не, я не такі вернік, як бацька. У кожнага свой шлях, кожны сам выбірае, як яму жыць. Я паважаю бацькаў выбар, тым болей, што гэты выбар дапамог бацьку знайсці правільны жыццёвы сэнс, падняцца. Аднак у мяне свае погляды.
— А ты ўсё той жа Палавінскі. Сур’ёзны мужык. Вучыцца далей думаеш?
— Думаў паступаць, ды пакуль што часу няма, трэба хату зрабіць. Машына ёсць, трэба абуладкаваць жыллё.
— Прагматыкі вы, Палавінскія. І ніякага рамантызму. У цябе захапленні ёсць? Ты ж яшчэ малады. На рыбу ходзіш, у лес?
— Калі? Якія захапленні? Трэба грошы для сям’і зарабляць. У вольны час — на шабашках. А пра рамантыку вы дарэмна. Не такі ўжо я і прагматык. Любім падарожнічаць. Ездзілі на радзіму жонкі, у Дагестан, да бабулі, за Варонеж, у Краснадарскі край, хацелася б да сваякоў у Сімферопаль.
— Ну і Чэрцы цяпер не абмінай, міма ж ездзіш. Будзем ведацца, сябраваць будзем.
Жыццё — дарога, а на ёй — кіламетры. На чарговым жыццёвым кіламетры я зноў пазнаёміўся з вадзіцелем Палавінскім, на гэты раз ужо малодшым. Жыццё працягваецца…
На здымку: Аляксей Палавінскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>