Май быў цёплы. Цёплым пачынаўся і чэрвень, а затым раптам пахаладала

Фота ад  6 чэрвеня 008 Май быў цёплы. Цёплым пачынаўся і чэрвень, а затым раптам пахаладала. Падзьмуў сцюдзёны вецер з поўначы. Сіноптыкі пачалі нават палохаць слабымі начнымі замаразкамі. Аднак жа лета. Растуць кветкі, квітнеюць клумбы. Усё трэба даглядаць: паліваць, палоць, прарэджваць. На школьным двары ў СШ №3, нягледзячы на канікулы, людна, шумна, кіпіць работа.
Малыя носяцца навыперадкі з палівачкамі, ледзьве не высунуўшы язык ад старання. Старэйшыя хлопцы больш паважна, узяўшы рыдлёўкі, выйшлі за школьную агароджу, вакол якой растуць клумбы, дзяўбуць пустазелле. Дзяўчаты старанна поляць.
Падыходжу да хлопцаў, знаёмімся. Гэта васьмікласнікі: Аркадзь Броўка, Саша Старасельскі, Дзяніс Палавінскі. Яны на вытворчай практыцы. Як цяпер называюць — у атрадзе па азеляненні. Іх чарга настала, пяць летніх дзён на канікулах трэба ахвяраваць роднай школе дзеля таго, каб яна выглядала прыгожа і ўлетку, а ўвосень сустрэла новы навучальны год рознакаляровымі фарбамі і радавала вока вучняў, настаўнікаў, бацькоў і г.д.
Цікаўлюся планамі маіх суразмоўцаў на канікулы, якія толькі нядаўна пачаліся. Аркадзь збіраецца да бабулі, што жыве на Лугавой. Хлопец ведае сялянскую працу, можа і з касой звычайнай, і з трымерам, і на агародзе з палівачкаю няблага спраўляецца. Саша любіць спорт. І асабліва футбол. Можа днямі ганяць мяч на стадыёне. Выступаў за школу і нават за каманду раёна “Лепелька” на спаборніцтвах па “скураным мячы”. Дзяніс таксама збіраецца правесці большую частку лета ў вёсцы ў сваякоў. А захапленні ў яго розныя. Усім пакрысе цікавіцца.
Размаўляем з настаўнікамі Інай Агеенка і Анжэлай Ляйко, якія сёння кіруюць практыкай. Гэта класныя кіраўнікі пятага і восьмага класаў (ужо шостага і дзявятага). Да таго ж, Іна Валянцінаўна вядзе біялогію. Расказваюць, што сёння працуюць два пятыя і два восьмыя класы, высяваюць расаду, поляць, рыхляць, частка займаецца ў бібліятэцы рамонтам падручнікаў. Дзеці вельмі старанныя і адказныя. Называюць найбольш старанных і сярод пяцікласнікаў — Наташу Чарнышову, Аню Андрыеўскую, Максіма Прускага і іншых. Стараюцца ўсе. Так што нават цяжка кагосьці вылучыць.
За лета “вахтавым метадам”, па пяць дзён кожны, школьную практыку пройдуць усе дзеці з пятага класа па восьмы. А гэта не меней як трыста чалавек. І спраў хопіць усім.
На здымках: на школьнай практыцы: большыя — з рыдлёўкамі, меншыя — з палівачкамі.

Уладзімір МІХНО.

Фота ад  6 чэрвеня 001

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>