Калі яшчэ колькі часу таму на рынку працы вакансій было ў разы болей, чым беспрацоўных, то апошнім часам тэндэнцыі мяняюцца

Калі яшчэ колькі часу таму на рынку працы вакансій было ў разы болей, чым беспрацоўных, то апошнім часам тэндэнцыі мяняюцца. Каментуе сітуацыю намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, начальнік аддзела занятасці насельніцтва Тамара Васіленка.

— Тамара Анатольеўна, як выглядае рынак працы апошнім часам?
— Дысбаланс паміж колькасцю беспрацоўных і наяўнасцю вакансій па-ранейшаму застаецца, аднак вектар яго памяняўся. Мяркуйце самі, зараз на сто дваццаць заяўленых наймальнікамі вакансій прэтэндуюць сто семдзесят чалавек. Менавіта столькі беспрацоўных знаходзіцца на ўліку. Толькі за чатыры месяцы гэтага года ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне звярнуліся дзвесце семдзесят шэсць чалавек, з іх сто семдзесят сем было зарэгістравана ў якасці беспрацоўных.
— Вы кажаце, прэтэндуюць на вакансіі. Ці ўсе?
— Не ўсе, вядома, бо рынак працы зараз арыентуецца на кваліфікаваных спецыялістаў. Калі гэта рабочы, то з вышэйшай кваліфікацыяй, калі вадзіцель, то першага класа. Патрабуюцца таксама ўрачы, інжынеры, слесары кантрольна-вымяральных прыбораў у аўтаматызацыі і г.д. А сярод беспрацоўных далёка не заўсёды людзі высокакваліфікаваныя. У гэтым адна з нестыковак попыту і прапановы працоўнага рынку.
— Як дапамагаеце людзям працаўладкавацца?
— За чатыры месяцы аказалі садзеянне ў працаўладкаванні сямідзесяці двум грамадзянам, з якіх шэсцьдзясят сем з’яўляюцца беспрацоўнымі. Выдаём субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Сёлета выдалі шэсць такіх субсідый на суму сто шэсцьдзясят мільёнаў рублёў.
— І які прадпрымальніцкі занятак яны выбралі?
— Гандаль рэчамі, якія былі ў карыстанні, цырульніцкая, рамесніцкая дзейнасць. Асвоена дзвесце тры мільёны рублёў, выдаткаваных на мерапрыемствы па садзеянні занятасці насельніцтва.
— Што гэта за мерапрыемствы?
— Розныя. Вось, напрыклад, другасная занятасць. На яе мэты выдаткавана шэсцьсот дзесяць мільёнаў рублёў. Летам будзе арганізавана праца школьных брыгад у СШ №1 і №3, Бароўскай школе, Старалядненскім ЦДК, Лепельскай ЦБС, Цэнтры рамёстваў, Заслонаўскай і Лепельскай дзіцячых школах мастацтваў, Бароўскім Цэнтры культуры і адпачынку.
— Што будуць рабіць дзеці?
— Зоймуцца бягучым рамонтам, азеляненнем тэрыторыі, адрамантуюць парты, абедзенныя сталы, стулы і г.д.
— Ці займаецеся падрыхтоўкай і перакваліфікацыяй спецыялістаў?
— Апошнім часам работа ў гэтым накірунку крыху запаволілася ў сувязі з выхадам на электронны плацдарм. На рынку працы шукаем і выбіраем навучальныя камбінаты, дзе падрыхтоўка больш танная. Аднак пакуль больш нізкіх расцэнак на аўкцыёнах не заяўлена, прыступаем да справы. Сёлета трэба падрыхтаваць дваццаць пяць спецыялістаў з ліку беспрацоўных па рабочых спецыяльнасцях: повар, электрык, электрагазазваршчык, качагар і г.д.
— Ці рыхтуеце спецыялістаў па замове прадпрыемстваў і арганізацый?
— Абавязкова. Пад запатрабаваныя ў раёне спецыяльнасці будзем накіроўваць на вучобу беспрацоўных па заказе наймальніка. Заключаем трохбаковыя дамовы, і затым спецыяліст пасля вучобы вяртаецца на прадпрыемства. Сёлета да сямідзесяці працэнтаў беспрацоўных будзе накіравана на вучобу менавіта пад заказ наймальніка.
М. ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>