Магазін у вёсцы… Не толькі гандлёвая кропка, а яшчэ і асяродак культуры, можа, адзін з апошніх

16 мая 009 Магазін у вёсцы… Не толькі гандлёвая кропка, а яшчэ і асяродак культуры, можа, адзін з апошніх. Шмат дзе пазачыняліся клубы, бібліятэкі, засталіся хіба што магазіны. І таму людзі ідуць сюды не толькі па хлеб ды па масла. Ідуць па свежыя навіны, па гарачыя спрэчкі, урэшце, па добрае слова, якое людзям патрэбна не меней, чым масла, намазанае на хлеб.

У Вялікім Поўсвіжы, магчыма, магазін і не адыгрывае пакуль такой ужо выратавальна-камунікацыйнай ролі, бо ёсць тут і клуб, і бібліятэка, і школа, і садзік — як-ніяк аграгарадок. Аднак усё роўна магазін ёсць складнік вясковай стабільнасці, і людзям не ўсё роўна, хто тут і як працуе.
А працуюць тут утрох: Людміла Сільвановіч, Любоў Кашпяровіч і Вольга Гарнак. Апошняя — загадчыцай. Усе жанчыны рупяцца падоўгу ўжо — хто па дзесяць, хто па пятнаццаць гадоў. А Людміла Васільеўна, якая акурат сёння на змене, дык і ўсе дваццаць дзевяць, трыццаты, юбілейны яе пайшоў год працы ў сістэме гандлю. Як прыйшла сюды, у Поўсвіж, васямнаццацігадовай стайскай дзяўчынай, як выйшла замуж у вёску, на другі бок ад Лепеля, так і засталася тут.
У чым праблема цяперашніх вясковых магазінаў? Як гэта ні дзіўна, у… дэфіцыце асартыменту. Здавалася б, даўно мінула тая эпоха дэфіцытаў, калі стаялі ў чарзе нават па хлеб, а пра каўбасу толькі марылі ды вазілі яе са сталіцы. Так, было ўсё танным, але ж ці было ўсё? Хіба забыліся, як апельсіны прывозілі толькі з экскурсій, з Масквы?
Зараз эпоха іншая — не дэфіцыту, а ашчаднасці. І лічаць капейкі ўсе. І, як ні дзіўна, гэтыя самыя ашчаднасць і скрупулёзны падлік кожнай капейкі прыводзіць часам да… дэфіцыту асартыменту ў вясковых крамах. Прадаўцы проста перастрахоўваюцца, не рызыкуюць заказваць тых ці іншых тавараў уволю, каб затым не плаціць са сваёй кішэні за заляжалае і пратэрмінаванае. Ды дзе ты ўгадаеш, што заўтра заляжыцца, а што сёння купяць. Вось і атрымліваецца часам «трышкін кафтан», калі кожны нацягвае коўдру на сябе.
А таму я нямала здзівіўся, пабачыўшы, як у магазіне ў Вялікім Поўсвіжы паліцы ломяцца ад тавару. Ды і асартымент багаты. Папрасіў прадаўшчыцу, якая была на змене, падзяліцца вопытам, як у наш час трымаць магазін напоўненым.
Людміла Васільеўна ўсміхнулася, заўважыла:
— Дык гэта вы ў панядзелак прыехалі, пасля таго, як усе выхадныя мы гандлявалі. Ведаем, калі, хто, што і як бярэ. Вядома, ёсць рызыка і прамахнуцца: сёння бяруць, а заўтра ўжо набраліся. Аднак трэба варушыцца. Трэба заўсёды своечасова сачыць за тэрмінамі прыдатнасці і бачыць, на што пайшоў попыт, а што неабходна своечасова адпісаць…
— Але ж кажуць, што заказаны тавар вяртанню не падлягае?
— Няпраўда, гэта не зусім так. Тавар, які пастаўляе нам база, часткова падлягае абмену?
— І нават хлеб?
— У крайніх выпадках і хлеб… Не, гэта, вядома, не азначае, што вы лёгка адпішаце тавар, у якога набліжаецца заканчэнне тэрміну прыдатнасці. Але гэтага не трэба дапускаць. Мы плённа працуем з базай, прынамсі, з галоўным таваразнаўцам Таццянай Рэкуць. І калі чагосьці раптам набралі зашмат, чаму яго не адпісаць іншым магазінам, дзе, можа, такога віду тавару не стае? А ўвогуле ж, стараемся не назапашваць аднолькавага тавару, а робім стаўку на яго разнастайнасць.
Выручае і тое, што ў нас амаль кожны дзень прывоз. Працуем жа не толькі з нашай базай, але і наўпрост з многімі пастаўшчыкамі. Аўторак, пятніца — завозы з базы, хлеб прывозяць кожны дзень, акрамя нядзелі. Чацвер — прывоз тавараў маркі «Савушкін прадукт», прадукцыі прадпрыемстваў «Ганна», «Віткон» (курыныя паўфабрыкаты, каўбасы). У сераду працуем з віцебскім «Мяскавітам». Непасрэдна маем справу з прадпрыемствамі Ліды і Рэчыцы. Кока-колу атрымліваем з самога прадпрыемства.
Каб не падумалі, што ў Вялікім Поўсвіжы якісьці асаблівы магазін. Тут таксама ёсць свае засмучэнні. Вось, напрыклад, за год мінулы план недавыканалі. Слабая пакупніцкая здольнасць насельніцтва, затрымкі з выплатамі ў мясцовай гаспадарцы. Як ад гэтага не будзеш залежаць? У красавіку амаль што «выйшлі па нулях», нагандляваўшы на чатырыста трыццаць тры мільёны пры плане чатырыста сорак. У маі таксама «ідуць роўненька», і ёсць спадзяванні, што план таваразвароту — пяцьсот дзесяць мільёнаў рублёў — выканаюць.
Правільна, магазін тут ніякі не своеасаблівы, хоць і даволі буйны, нездарма працуюць пазменна трое прадаўцоў з васьмі раніцы да дзесяці вечара штодня і без абеду. Так — улетку. Зімою крыху іншы графік. А сакрэт поўных прылаўкаў просты: варушыцца трэба і праяўляць ініцыятыву.
Людзі задаволены. Між іншым, менавіта ад мясцовага насельніцтва паступіла просьба напісаць пра поўсвіжскі магазін. Ды і пакупнікі, якіх сустрэў тут, у адзін голас хвалілі магазін: “Асартыментам задаволены, да якасці абслугоўвання прэтэнзій не маем”. Суразмоўцы назвалі свае прозвішчы: Роза Кокатава, Вольга Бярсенева, Галіна Міхно. А прадаўшчыцу Людмілу Сільвановіч хвалілі асабліва — тактоўная, абыходлівая, ветлівая, нікога на «ты» не назаве, толькі на «вы» звяртаецца.
— Што ў магазіне разыходзіцца найбольш? — спытаўся ў Людмілы Васільеўны.
Паціснула плячыма:
— Цяжка так адказаць. Хлеб і хлебабулачныя. Садавіну і гародніну добра бяруць, малако… А ўвогуле — усё бяруць, былі б грошы.
Падумалася: вось табе і вёска! Гародніну ў магазіне хапаюць, малако раскупляюць — толькі дай. Развучыліся людзі вырошчваць свой сельскагаспадарчы прадукт…
Усім, вядома, не дагодзіш. Як не дагодзіш кожнаму і за прылаўкам.
М. ВАЛОХА.
На здымку: прадавец Людміла Сільвановіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>