У пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» гімназіі — новы лідар

Наталля Гарбёнак У пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» гімназіі — новы лідар. Наталля Гарбёнак ужо год узначальвае пярвічку. А зусім нядаўна каманда з гімназіі заняла другое месца на абласным этапе конкурсу «Лідар — новае пакаленне».

— Наталля, у чым, на тваю думку, сакрэт вашага агульнага поспеху?
— У нашай еднасці. Мы адна каманда, заўсёды разам трымаемся. Разумеем адзін аднаго з паўслова.
— А якімі прынцыпамі кіруешся ты як лідар?
— Ды які я лідар! Не люблю нават, калі мяне іншыя так называюць. Мой прынцып — калектыўная работа.
— І тым не менш лідарам абралі цябе… А з якой праграмай вы прыехалі на абласны конкурс?
— Па-першае, поспех на абласным этапе не быў выпадковасцю. Да гэтага мы паспяхова прайшлі першыя ступені конкурсу. Перамаглі на раённым этапе і сталі другімі на рэгіянальным. На вобласць прывезлі візітоўку «Мая грамадзянская пазіцыя». Затым прадставілі свой праект «Тры дубочкі». Пасля гэтага была дыскусія «Мой любімы дзеяч культуры». Я «абараняла» Уладзіміра Мулявіна. Апошнім этапам стаў конкурс «Лідар-сюрпрыз».
— Каму вы саступілі першае месца?
— Віцебскай гімназіі.
— Пра цябе кажуць, што ты кіруеш… як танцуеш. Наколькі гэта адпавядае сапраўднасці?
— Я і сапраўды выйшла з харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў. Шмат гадоў займалася танцамі ў «Зачаравашках», якімі кіруе Дзіяна Былінская. Танцы — мая стыхія. Вось і зараз рэпетыруем у школе вальс да выпускнога. Але ж не толькі танцы. Шмат і яшчэ чаго ёсць у маім жыцці.
— Напрыклад…
— Спорт. Займаюся лёгкай атлетыкай, валейболам, баскетболам. Нядаўна ўдзельнічалі ў лёгкаатлетычнай эстафеце на прыз газеты «Лепельскі край».
— Сябры кажуць, што ты проста так можаш з’імправізаваць мерапрыемства. Напрыклад, узяць ды паклікаць вечарам на стадыён, сабраць людзей на бегавой дарожцы, на турніках.
— А чаму б і не? Сабрацца на стадыёне — гэта класна. У нас у горадзе да крыўднага мала месцаў, дзе можна было б сабрацца і адпачыць моладзі.
— А дыскатэкі?
— Хіба што ў школе. Дыскатэка таксама не павінна быць пустой. Прыдумаць добрую, цікавую дыскатэку — таксама класна.
— Ты так кажаш, нібыта прафесіянал…
— Я разам з нашай камандай «Компас» пісала даследчы праект «Наш вольны час». Даследавала, дзе можна адпачываць у Лепелі.
— Табе хіба ў пракуроры…
— Здагадаліся. Якраз у пракуратуры і хацела б працаваць. З дзяцінства мару паступіць у акадэмію МУС.
— Цікава, адкуль такія намеры? Магчыма, у цябе хтосьці ў сям’і…
— Часткова. Дзядзька — міліцыянер, брат — таксама, а тата — пажарны, ён у Афганістане служыў.
— Чым яшчэ захапляешся, акрамя грамадскіх спраў?
— Грамадскімі справамі.
— А ты з гумарам.
— І не расставаліся з ім ніколі. Шчыры прыхільнік клуба вясёлых і знаходлівых. А калі сур’ёзна, маё хобі — штосьці рабіць. Не магу сядзець на месцы.
На здымку: Наташа Гарбёнак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>