Пачатковая школа ў Востраве, што на Лепельшчыне, праіснавала нядоўга, але пакінула добрую памяць

Ужо колькі год не існуе вёска Вострава, што размяшчалася ў лесе недалёка ад Велеўшчыны. Калісьці гэта вёска была шматлюднай, яе ўтваралі некалькі пасёлкаў, якія былі раскіданы на значнай адлегласці. Засталіся падмуркі пачатковай школы.

Спачатку школа была арганізавана на адным з хутароў. Большасць сведкаў таго часу схіляецца да думкі, што гэта быў хутар Рэпішча. Хутар складаўся з трох хат, знаходзіўся за некалькі кіламетраў ад Вострава, узбоч дарогі, якая вяла на Велеўшчыну.
Уладзімір Парабковіч успамінае, што школа размяшчалася ў былой панскай хаце. Тое, што ў дзяцінстве Парабковіч прымаў за панскую сялібу, магло быць жыллём аднаго з былых заможных хутаран. Вядома, што ў Рэпішчы жыў Іларыён Садоўскі, які патрапіў пад рэпрэсіі ў 1938 годзе.
У трыццаць шостым, калі хутары звезлі ў калгасныя цэнтры, раённым кіраўніцтвам было запланавана адкрыццё школы ў калгасе Варашылава, цэнтральнай сядзібай і стаў хутар Цярэшкі. А паколькі ў саміх Цярэшках пад навучальную ўстанову не знайшлося прыдатнага будынка, аддалі пад школу хату аднога з раскулачаных сялян у Рэпішчы.
У той час Цярэшкам яшчэ не быў юрыдычна нададзены статут вёскі. З гэтай нагоды навучальная ўстанова атрымала прывязку да бліжэйшай вёскі Вострава і пачала звацца Астраўской. Пакуль невядома, у якім дакладна годзе дзеці хутаран упершыню селі за парты. Можна толькі меркаваць, што гэта адбылося ў прамежак паміж 1936 і 1938 гадамі.
Адным з першых настаўнікаў быў Уладзімір Фаміч Рудак 1915 года нараджэння, ураджэнец вёскі Стараселле Ушацкага раёна. Педагагічную адукацыю атрымаў у Лепельскім педагагічным тэхнікуме. У працоўнай кніжцы Уладзіміра Рудака першым запісам пазначана, што ён прыняты на працу Лепельскім раённым аддзелам народнай адукацыі 15 жніўня 1934 года.
Настаўнічаў ён да першага студзеня 1940 года, калі быў прызваны ў Чырвоную армію. Служыў у Брэсцкай крэпасці. Накіравалі на вучобу ў сапёрна-маскіровачнае вучылішча ў Барысаве. Калі пачалася вайна, вучоба ў вучылішчы яшчэ не была завершана. Уладзіміру датэрмінова прысвоілі званне малодшага лейтэнанта і накіравалі на фронт. Трапіў у палон. Некалькі разоў спрабаваў збегчы. Аднак толькі трэцяя спроба аказалася ўдалай. Амаль месяц дабіраўся да Цярэшак, дзе жыла сям’я.
Праз пэўны час Уладзімір пайшоў у партызаны. Ваяваў у брыгадзе “Гроза”. Пасля вызвалення Беларусі быў мабілізаваны на фронт. Ваяваў ва Усходняй Прусіі. Двойчы паранены — у нагу і плечы. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігзберга”, “За перамогу над Германіяй”.
Пасля Перамогі вярнуўся ў Цярэшкі. У 1946 годзе разам з сям’ёй выехаў з вёскі. Да пенсіі працаваў настаўнікам пачатковых класаў на Глыбоччыне. Памёр у 1989 годзе.
У трыццаць восьмым загадваў Астраўской пачатковай школай васямнаццацігадовы Іван Міснік, ураджэнец вёскі Чарнаручча. Да гэтага часу паспеў скончыць Поўсвіжскую школу і Лепельскае педвучылішча. У студзені 1940 года яго таксама прызвалі ў Чырвоную армію. З першых дзён вайны ён на фронце. У 30-м аўтамабільным палку падвозіў на перадавую гаруча-змазачныя матэрыялы. Прайшоў вайну ад першага да апошняга дня. Меў раненне. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і некалькімі медалямі.
Пасля вайны Іван Паўлавіч Міснік вярнуўся да мірнай прафесіі настаўніка — загадваў пачатковай школай у Чарнаруччы, працаваў у шэрагу іншых школ Лепельскага раёна. Пасля выхаду на пенсію прысвяціў сябе пчалярскай справе. Памёр у 2005 годзе.
Невядома, калі Астраўская школа спыніла існаванне, з пачаткам вайны ў 1941 годзе ці значна раней, калі настаўнікаў прызвалі ў войска.
У 1944 годзе, пасля вызвалення з-пад нямецкай акупацыі Лепельшчыны, школа адноўлена не была. У першыя пасляваенныя гады дзеці з Цярэшак і Вострава хадзілі вучыцца ў Сталюгі, дзе працавала пачатковая школа.
У пачатку 1950-х новая пачатковая школа адчыніла дзверы ў Востраве, у якую са Сталюг перайшлі на вучобу цярэшанскія дзеткі. Гэта стала вялікай палёгкай для малечы, якім да гэтага даводзілася адмерваць да школы адлегласць шэсць кіламетраў. Цяпер жа школьны маршрут скарачаўся амаль удвая.
На доўгі час прыжыліся ў Востраве Аляксандр і Марыя Валовічы, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў настаўнічалі ў мясцовай школе.
Зачынілася Астраўская пачатковая школа ў сярэдзіне 1970-х, калі скарацілася колькасць вучняў. Зноў цярэшанскім хлопчыкам і дзяўчынкам даводзілася з прыцемкамі адпраўляцца ў Велеўшчыну, у школу за шэсць кіламетраў, і позняй парой вяртацца дадому.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>