На днях на беразе Лепельскага возера адбылося чарговае зарыбленне, у ваду было выпушчана больш за дзве тысячы асобін шчупака звычайнага

IMG_9332 На днях на беразе Лепельскага возера адбылося чарговае зарыбленне, у ваду было выпушчана больш за дзве тысячы асобін шчупака звычайнага. Калі аўтар гэтых радкоў прыбыў на месца, першы кантэйнер ужо быў выпушчаны, рукаў перачэплены да другога.

Некалькі спрытных рухаў, і засланка адчынена. Бачыў і вялікія экзэмпляры, такія даволі часта трапляюцца на вуды і спінінгі.
Некалькі праезджых машын спынілася, мужчыны выйшлі паглядзець, як будзе выпускацца рыба. У размовах яны ўхвалялі зарыбленне. Маўляў, вельмі добра, што рыбныя запасы Лепельскага возера папаўняюцца. Цяпер варта не вылавіць маладых шчупакоў, даць ім вырасці, асвоіцца, даць патомства. І ўжо потым цяперашнія рыбкі стануць годнымі трафеямі, якіх будзе не сорамна сфатаграфаваць, узважыць. Успаміны пра такія захоўваюцца на доўгія гады.
За другім кантэйнерам надышла чарга і да трэцяга, ён таксама апусцеў за лічаныя хвіліны. Шчупакі, збянтэжаныя такімі пераменамі ў іх жыцці, яшчэ некаторы час стаялі на месцы, не адважваючыся разыходзіцца. Аднак патроху ачомаліся, у рухах з’яўлялася прывычная рэзкасць, уласцівая драпежнікам. Спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валерый Масленка сказаў:
— Нічога страшнага, да вечара яны пастаяць тут, а пасля пачнуць разыходзіцца па возеры. Самы галоўны стымул руху для шчупака — голад. Як захоча есці, паплыве, шукаючы здабычы. Яны зараз разыдуцца, шукаючы і займаючы свабодныя месцы для палявання. Нармальна будзе, калі і паб’юцца са шчупакамі мясцовымі.
Яго падтрымаў і старшыня Чашніцкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Пётр Язеў:
— Лепельскае — цудоўнае возера, мне дужа падабаецца. Яно шырокае, глыбокае, з чыстай вадой, дзе для рыбы мноства корму. Выпушчанаму шчупаку тут будзе добра жыць, будзе расці, размнажацца. Шчупак звычайны для Лепельскага возера з’яўляецца абарыгенным, карэнным відам. Ён хутка адаптуецца да мясцовых умоў, гэта яго родная кліматычная зона, свая стыхія. У адрозненне, скажам, ад таўсталобіка ці белага амура. У нашых умовах шчупак выдатна сябе адчувае, ахвотна корміцца тым, што ёсць у вадзе, добра расце, адкладвае ікру і размнажаецца.
Пасля запуску рыбы ў ваду, запаўнення ўсіх дакументаў Пётр Язеў пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
— Пётр Паўлавіч, гэта не першае зарыбленне Лепельскага возера…
— Так, летась увосень было выпушчана некалькі тон траваяднай рыбы, гэта былі карпы і карасі, тысячы асобін. Спадзяюся, за зіму і пачатак вясны яны добра адаптаваліся, па крайняй меры, спецыялістамі не адзначана гібелі. Сёння мы прывезлі і выпусцілі 800 кілаграмаў шчупака звычайнага. Пасадачны матэрыял мае двухгадовы ўзрост, рыбкі каля 300 — 350 грамаў. Сустракаюцца і большыя. Усяго выпушчана больш за дзве тысячы асобін. Розніца паміж мінулагоднімі і цяперашнімі аб’ёмамі тлумачыцца проста — кармавая база. Траваяднай рыбе патрэбныя плошчы, парослыя водарасцямі, багатыя дробнымі мікраарганізмамі, каб харчавацца. Драпежнікам жа патрэбна іншая рыба, шчупак за год з’ядае дзясяткі рыбак. Таму калі выпусціць зашмат шчупакоў, яны з’ядуць зашмат траваяднай рыбы, і самі застануцца без корму. Такі закон прыроды, і не нам яго карэкціраваць.
— Адкуль рыбка?
— З Мінскай вобласці, з сажалак рыбгаса “Волма”. Там іх гадавалі два гады, а зараз прадаюць для зарыблення іншых вадаёмаў. Рыбгас знаходзіцца за 200 кіламетраў ад Лепеля, уся дарога заняла не больш за тры гадзіны. Дзякуючы спецыяльным кантэйнерам і пастаяннай падачы кіслароду, уся рыба давезена і выпушчана ў поўнай захаванасці. Дарэчы, у ранейшыя гады, калі такога абсталявання не было, гібель пасадачнага матэрыялу даходзіла да 20, а то і 30 працэнтаў.
Прыгледзеўся. Сапраўды, амаль усе маленькія шчупакі жвава расплываліся, на дне ляжалі толькі тры рыбінкі без прыкмет жыцця. Тры загінулых на больш за дзве тысячы жывых — зусім мізэрны паказчык.
— Ведаю, што зарыбленне вадаёмаў — справа не танная, — звяртаюся да Пятра Язева.
— Так, 800 кілаграмаў шчупакоў абышлося Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў у 60 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы сабраны з членскіх узносаў. З рыбаловаў і паляўнічых усёй рэспублікі збіраюцца грошы, акумулююцца і накіроўваюцца на розныя прыродаахоўныя і рэсурсаўзнаўляльныя мерапрыемствы. У прыватнасці, пад кіраўніцтвам старшыні рэспубліканскага савета таварыства Юрыя Шумскага распрацавана і рэалізуецца праграма зарыблення вадаёмаў Беларусі, якія знаходзяцца ў фондзе запасу.
— Якія далейшыя планы, ці мяркуецца ў бліжэйшы час яшэ запускаць рыбу ў Лепельскае возера?
— Асабіста я быў бы толькі “за”. Аднак гэта не ад мяне залежыць, такія пытанні вырашаюцца на ўзроўні рэспубліканскага савета таварыства. У любым выпадку буду рады прыязджаць у Лепель яшчэ шмат разоў. Дарэчы, хачу зазначыць, што летась і цяпер мы выпускалі рыбу ў вельмі спрыяльны час — позняй восенню і вясной. У гэтую пару халаднавата, рыба не дужа любіць спёку і дрэнна яе пераносіць пры транспарціроўцы.
— Калі цяпер можна будзе лавіць рыбу на Лепельскім возеры?
— Як і на любых іншых вадаёмах фонду запасу. Можна лавіць з берага ці з інжынерных пабудоў, мастоў, плацін адной вудай з адным кручком.
Пасля зарыблення яшчэ некалькі разоў праязджаў міма таго месца. Мясцовыя жыхары ведалі, што там яшчэ шмат рыбы, многія шчупачкі яшчэ стаялі на месцы, не адважваючыся рушыць на асваенне новай тэрыторыі. Аднак ні аднаго рыбалова са спінінгам ці вудай не заўважыў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: зарыбленне возера.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>