Жыве Дзяніс у Лепелі, вучыцца на трэцім курсе аграрна-тэхнічнага каледжа

Денис Ці важна чалавеку мець сваю думку? Здавалася б, пытанне вельмі простае, як і просты павінен быць адказ на яго. Аднак у жыцці вунь як усё няпроста, і мы ведаем, што тым, хто сваю думку мае, нялёгка жыць. У Дзяніса Пацэйкі, нягледзячы на тое, што яму яшчэ толькі васямнаццаць гадоў, уласная пазіцыя сфарміравалася ўжо даволі выразна. Кім ён будзе ў дарослым жыцці, праўда, яшчэ не зусім зразумела. Ды і не спяшаецца хлопец раскрываць карты, распінаць душу наросхрыст. Ці то прымхлівы, ці то абачлівы. Адно зразумела — ён ніколі не будзе ні дармаедам, ні нахлебнікам.

Жыве Дзяніс у Лепелі, вучыцца на трэцім курсе аграрна-тэхнічнага каледжа. Вучыцца някепска, хаця некаторыя лічаць, што мог бы і лепей, бо хлопец ён без сумневу здольны. Наконт здольнасцяў сумнявацца не прыходзіцца. А вось наконт імкнення да лепшага… Тут бы Дзяніс і сам мог паспрачацца. Нездарма на яго старонцы “УКантакце” ёсць такі пост: “Не шукай лепшае, а шукай сваё, бо ўсё лепшае не заўсёды стане тваім, затое сваё — заўсёды лепшае…”
Сваё і шукае. Часам нават здаецца, што ён у няспынным пошуку. У дзяцінстве шмат займаўся спортам. Спачатку — гандболам, аднак зразумеў, што не яго. Затым з галавою акунуўся ў картынг. Картынг, вядома, спорт цікавы, азартны, але ж і затратны. Купляеш на ўласныя грошы амуницыю: камбінезон, шлем, нарукаўнікі. Збіраеш машыну таксама часткова на свае грошы. Прынамсі, трэба дэталей шмат даставаць, а яны дарагія. Адным словам, картынг — занятак людзей высокага матэрыяльнага дастатку. Не скажаш, што Дзяніс не ў дастатку расце, бацькі працуюць у гаргазе, але і цягнуць “халяўныя” грошы з бацькоў не збіраецца, бо ведае кошт заробленай капейкі. Ведае, таму і імкнецца яе зарабіць самастойна…
І зараз ён захапляецца падводнай рыбалкаю. Ці ж не спорт, хаця і рызыкоўны. Ды і проста так палавіць рыбку з сябрамі не супраць. А то яшчэ пэўны час захапляліся з сябрамі скутарамі. Круцілі іх, вінцілі, разбіралі, збіралі, а потым, што граха таіць, ганялі па пасялковых дарогах. Які ж падлетак не любіць пракаціцца з вецярком!
Захапленне, як той віхор, мінула разам з маленствам. Спакваля прыйшло ўсведамленне, што можна, а чаго нельга. Спакваля наступала сталасць.
Гэта было ў школьныя гады, а ў каледжы, як і многія яго равеснікі, Дзяніс захапіўся грамадскімі справамі, усё часцей стаў выступаць у ролі вядучага. Напрыклад, на спаборніцтвах “Алё, мы шукаем таленты” быў прызнаны лепшым вядучым і атрымаў дыплом першай ступені. Паспяхова выканаў ролю вядучага і на адкрытай гадзіне куратара. Удзельнічаў у гульні інтэлектуалаў “Брэйн-рынг”. Бліснуў ведамі на адкрытым мерапрыемстве па нямецкай мове. Трапна адстраляўся з дробнакаліберкі і, зноў жа, стаў лепшым. І на турзлёце з начоўкаю на Люсеніцы — куды ж без Дзяніса Пацэйкі! Падарожнік. Аб’ехаў усю Беларусь з сябрамі: Брэст, мінск, Віцебск, Магілёў, Полацк. Быў у Кіеве, Адэсе, Санкт-Пецярбурзе, Валгаградзе. Збіраецца ў Сочы, між іншым, на ўласныя грошы.
Высокі, статны, прыгожы, крыху рамантычны і злёгку авантурны. Напэўна, аб такіх прынцах мараць летуценныя дзяўчаты. Аднак усё ж болей прагматык. А таму “на іншым баку медаля” праяўляюцца іншыя рысы яго характару: упарты рэаліст, часта скептык, асцярожны, абачлівы, дастаткова замкнёны і засяроджаны ў сабе. Для сваіх васямнаццаці Дзяніс занадта дарослы, аб чым я яму сказаў наўпрост. Зрэшты, можа, гэта і не кепска.
Зарабляе ды-джэем на вечарах.
— Табе падабаецца праца? — пытаюся.
— Што значыць падабаецца? Праца і ёсць праца. Для кагосьці адпачынак, а для кагосьці няпростая работа. Ды і не кожны ўмее прыстойна адпачываць. Шчыра кажучы, сам ніколі не напіваўся і не люблю падпіўшых, непрыстойна навязлівых. Бачыць п’яных людзей — добрая прышчэпка для чалавека, імунітэт супраць алкаголю выпрацоўваецца.
Вось такі ён, Дзяніс Пацэйка, катэгарычны. Пра такіх яшчэ кажуць — з характарам. І не кожнаму яны падабаюцца. А чалавек — не шакаладка, каб раставаць перад кожным і ўсцешваць слодыччу. Ёсць ў гэтага хлопца цвёрды стрыжань з пярчынкаю, ёсць думка свая і пазіцыя, а гэта выклікае сімпатыю.
М. ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>