Дзмітрый Міхно працуе метадыстам раённага Дома культуры. Нядаўна вярнуўся з вайсковых збораў

WP_20160321_14_58_39_Pro_LI Дзмітрый Міхно працуе метадыстам раённага Дома культуры. Нядаўна вярнуўся з вайсковых збораў. Мы папрасілі Дзмітрыя падзяліцца ўражаннямі.
— Дзмітрый, вы служылі на тэрміновай?
— Так, служыў у Межыцы ў войсках супрацьпаветранай абароны дзевяць гадоў таму.
— У якасці каго вас прызвалі на гэты раз?
— Камандзіра аддзялення роты хімічнай разведкі.
— Раскажыце, як праходзілі зборы, што запомнілася?
— У першы дзень памылі нас у лазні, выдалі амуніцыю, не новую, вядома, усё ж мы не ваеннаслужачыя тэрміновай службы, аднак чысценькую, папрасілі падшыць чыстыя падкаўнерыкі.
— Давялося ўспомніць маладыя вайсковыя гады?
— Так, усё звыкла ды не зусім яшчэ забылася. І ведаеце, з таго часу ў арміі нічога не змянілася. На другі дзень тыя, хто не служыў і хто служыў яшчэ пры Савецкім Саюзе, прынялі прысягу.
— Былі на зборах і тыя, хто яшчэ пры Саюзе служыў?
— Няшмат, усяго некалькі чалавек. Пасля гэтага нам выдалі зброю пад подпіс. Каму — аўтаматы, у кагосьці ў распараджэнні быў РПГ, у залежнасці ад займаемай пасады. Так са зброяй мы і не расставаліся ўсе дваццаць чатыры дні.
— Дзе жылі, як сталаваліся?
— Спачатку ў Заслонаве жылі ў казарме некалькі дзён і харчаваліся ў часці. Потым нас падзялілі па ўзводах. Былі ўзводы глыбіннай, хімічнай разведкі, камандны пункт, упраўленне. Адправілі на заслонаўскі палігон, дзе было праведзена станаўленне баявых разлікаў. З гэтага часу карміла нас палявая кухня, тым болей, што неўзабаве адправіліся на палігон Даманава ў Брэсцкую вобласць. Увогуле, палявой кухняй мы засталіся задаволеныя. Бадай як хатняя ежа. Кашы з тушонкаю вельмі смачныя — пярловая, рысавая. Макароны таксама давалі, кількі ў бляшанках, сала. Часта проста давалі па кавалку сырога сала, якое можна было з’есці ў любы час: ці вечарам, ці на прывале.
— Чагосьці дамашняга хацелася?
— Ну хіба што селядцы пад шубаю, — смяецца.
— Што вы рабілі на Брэстчыне?
— Перад кожным з нас была пастаўлена задача. Мы, напрыклад, вялі назіранне за радыяцыйным фонам, рота глыбіннай разведкі павінна была адшукаць месца знаходжання сіл праціўніка і высветліць, колькі ў яго тэхнікі і г.д.
— Жылі ў палявых умовах?
— Не тое, што ў палявых, у забалочанай мясцовасці. Умовы былі максімальна набліжаныя да сапраўдных ваенных. Напрыклад, у першую ноч, калі толькі сышлі з цягніка, было ўжо цёмна. Размясціліся наўпрост у лясной балацявіне, расклалі вогнішча ды і спалі хто на матрацах пад адкрытым небам, хто проста на зямлі ў спальных мяхах. Ды і потым далёка не ўсе раскашавалі ў палатках, некаторыя жылі ў маленькіх буданчыках ды спалі нагамі бліжэй да вогнішча. На вайне як на вайне.
— І слалі родным “франтавыя трохкутнічкі”?
— Ды не, — усміхаецца, — час трохкутнічкаў прайшоў. У кожнага з сабою быў мабільнік, так што праблема сувязі з домам востра не стаяла. Хіба што падзарадзіць мабільнік у палявых умовах было не так проста.
— Сумавалі па доме?
— Ну мы ўжо не ў тым узросце, саракагадовыя прызыўнікі, не дзеці. А з іншага боку, у кожнага сем’і, ёсць каму і па кім хвалявацца. Аднак мы задаволены. Змянілі абстаноўку, урэшце атрымалі хто падзякі, хто граматы. Вясна на Брэстчыне прыходзіць раней, колькі дзён стаяла амаль летняя спякота, хаця хапала ўсяго: і пад дажджом пабылі, і пад марозікам. Усё як на вайне.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымках: вайсковыя зборы.

WP_20160323_08_51_25_Pro_LI

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>