Алімпійскія дні моладзі

У Оршы прайшлі абласныя спаборніцтвы Алімпійскіх дзён моладзі, у якіх прынялі ўдзел дзяўчаты 1995 — 1996 гадоў нараджэння. У камандзе, якая абараняла спартыўны гонар Лепельскай СДЮШАР, выступалі Насця Мазго і Насця Грахоўская, што цяпер вучацца ў Мінску ў рэспубліканскай школе алімпійскага рэзерву, уваходзяць у склад Нацыянальнай зборнай Беларусі і гуляюць у дарослым чэмпіянаце нашай краіны за каманду БНТУ-БелАЗ.

Дарэчы, гэта знакамітая жаночая гандбольная каманда сёлета стала чэмпіёнам Беларусі і таму нашым дзяўчатам разам з яшчэ адной лепяльчанкай, іх сяброўкай Насцяй Шарамет, прысвоена ганаровае званне майстра спорту.
— Спачатку сустрэліся са спартсменкамі з Наваполацка, у якіх выйгралі з перавагай у восем галоў, — паведаміла трэнер Наталля Паўлоўская. — Наступнымі нашымі саперніцамі сталі гаспадыні гандбольнай пляцоўкі — аршанскія дзяўчаты. Яны не змаглі супрацьстаяць атакуючым дзеянням лепяльчанак, іх умелай гульні ў абароне, таму ў выніку прайгралі ім з розніцай у дзесяць забітых мячоў.
Найбольш вострая барацьба разгарнулася ў матчы з гандбалісткамі Віцебска. Амаль да сярэдзіны паядынка ішла роўная гульня, мяч у мяч. І толькі незадоўга да перапынку паміж таймамі лепяльчанкі выйшлі наперад з перавагай усяго ў два галы. Сапраўдную волю да перамогі, спартыўнае майстэрства праявілі Алёна Мірановіч, Насця Мазго, Насця Грахоўская, наш вельмі малады па ўзросце (1998 года нараджэння) варатар Дар’я Барадзейка. Яна змагла парыраваць адзін сямімятровы штрафны ўдар, адбіла некалькі вельмі трапных кідкоў саперніц у “дзявятку”. Ды і астатнія гандбалісткі праявілі сябе з самага лепшага боку: стойка трымалі абарону і рашуча пераходзілі ў атаку, нягледзячы на стому і недахоп фізічных сіл. Яны да самага фінальнага свістка суддзі ўпарта змагаліся на кожным квадратным метры гандбольнай пляцоўкі. Як вынік — перамога над саперніцамі з перавагай у восем галоў і агульнакаманднае першае месца, занятае на абласных Алімпійскіх днях моладзі.
За перамогу каманда Лепельскай СДЮШАР узнагароджана дыпломам упраўлення па фізкультуры, спорце і турызме аблвыканкама. На яе аснове сфармі¬руецца гандбольная дружына, якая будзе абараняць спартыўны гонар прыдзвінскага краю на рэспубліканскіх Алімпійскіх днях моладзі, што адбудуцца ў канцы кастрычніка ў Магілёве.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>