Мотаблок у падарунак

Задоўга да рэспубліканскага свята ўраджаю ў сельскагаспадарчым асяроддзі заходзяць гутаркі аб чарговых “Дажынках”. Абмяркоўваецца галоўнае пытанне: хто паедзе і ці паедзе хто ўвогуле.
Сёлета ў раёне першая частка пытання не мусіравалася. Чамусьці ўсе былі ўпэўнены, што ўдзельнікам дажынак будзе камбайнер сортавыпрабавальнай станцыі Анатоль Жылінскі, які адзін у раёне перасягнуў двухтысячны рубеж і намалаціў 2022 тоны збажыны. Даліся яны нялёгка.

У сваёй гаспадарцы Анатоль на 358 гектарах намалаціў 1820 тон збожжа. Дапамагаў потым сялянскай фермерскай гаспадарцы “ВалБіК” і акцыянернаму таварыству “Чарэйшчына”, дзе зжаў адпаведна 17 і 30 гектараў ды намалаціў 38 і 160 тон збажыны. У дадатак сабе на рахунак запісаў тры тоны рапсу і пяць — шматгадовых траў. Аднак у маштабах рэспублікі Анатоль двухтысячнікам так і не стаў, бо там рахункі падлічваліся ў пераліку на ўмоўны камбайн, так сказаць сярэдні эталон. Дык вось, быццам па гэтым эталоне камбайнер сартастанцыі адужаў як бы 1638 тон. Наш зямляк заняў другое месца ў рэспубліцы.
На “Дажынкі” з раёна запрасілі трох прадстаўнікоў — яшчэ ва¬дзіцеля МАЗа сельгасфіліяла “Заазер’е” Аляксея Шпака (трэцяе месца сярод маладых вадзіцеляў) і дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Міхаіла Мільчаніна (па вытворчых паказчыках гаспадарка выйшла на другое месца ў рэспубліцы).
Каб даведацца, як праходзілі “Дажынкі”, паехалі ў дзяржаўную сельскагаспадарчую ўстанову “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”.
Вось табе на! Жылінскі знахо¬дзіцца на бальнічным. Але не паспелі забедаваць, як нас супакоілі — ён павінен выйсці на працу, каб перадаць веды навучэнцам-практыкантам, як ставіць камбайн на захоўванне.
— Анатоль, няўжо, апрача цябе, няма каму павучыць будучых спецыялістаў?
— Я працаваў на камбайне “Ліда”, да вінціка яго вывучыў. Лепш за мяне ніхто не пакажа.
— Тады давай прыступім да выканання асноўнай мэты нашага прыезду. Галоўнае пытанне, што з “Дажынак” прывёз, пакінем, як жартуюць, на закуску. Пачнём з таго, як туды дабіраўся і што там рабіў.
Дырэктару сартастанцыі Сяргею Матвееву давялося весці ўсіх трох удзельнікаў “Дажынак” аж у Віцебск. Там адзначылі камандзі-роўкі, і тры аўтобусы скіраваліся ў Маладзечна праз… Лепель. За Бягомлем, на мяжы з Мінскай вобласцю, дэлегацыю віцябчан гасцінна сустрэлі мінчане. Стол на ўсю пляцоўку заставілі разнастайнымі прысмакамі, з якіх Анатоль найбольш упадабаў наварыстую юшку і катлеты з бульбай — “нашанская” ежа. Паслухалі канцэрт, і кожны госць атрымаў сокавыціскалку.
Наступны прыпынак быў у Вілейцы — суседнім з Маладзечнам райцэнтры. Віляйчане паказалі канцэрт, выдалі кожнаму праграму свята з пропускам на ўрачыстасць і пасялілі ў гасцініцу “Вілія”.
Абед у рэстаране пры гасцініцы. Паездка ў Маладзечна. Мо сямікіламетровы паход у парк скрозь бясконцыя гандлёвыя палаткі. У амфітэатры Анатолю дасталася 53-е месца ў пятым шэрагу.
Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка ўручыў удзельнікам жніва і корманарыхтоўкі, якія занялі першыя месцы, аўтамабілі “Лада”. Тым, хто не ўпершыню стаў пераможцам — камп’ютары і па дзевяць мільёнаў рублёў. Апошніх было болей. Пасля — канцэрт зорак беларускай эстрады.
Увечары вярнуліся ў Вілейку. Раніцай наступнага дня выпісаліся з гасцініцы і паехалі ў Маладзечна.
Нарэшце Анатоль пачуў сваё прозвішча. Узнагарода — мотаблок. Аляксей Шпак атрымаў тэлевізар. Дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Міхаіл Мільчанін атрымаў 20 мільёнаў рублёў.
— Анатоль, колькі разоў быў на “Дажынках”?
— На абласных — некалькі. На рэспубліканскія трапіў упершыню.
— На наступныя збіраешся?
— Збірацца мала — трэба належным чынам папрацаваць. Ва ўсялякім выпадку буду імкнуцца.
— Падарункам задаволены?
— Неабходная рэч на ўласным агародзе.
— Чым будзеш на працы займацца пасля папраўкі?
— Да “Дажынак” уносіў тукі па ржышчы, глебу на зябліва буду араць.
— Ты чалавек гарадскі. На працу штодзень дабіраешся больш як за дзясятак кіламетраў. Ці не лепей было б у якімсьці з бліжэйшых прадпрыемстваў прыладкавацца?
— З 1986 года працую на гэтых палетках. Ведаю кожны іх куточак. Прывык. Ды і матэрыяльны бок адыгрывае пэўную ролю — на заробленыя сто тысяч атрымліваю пяцьдзясят тысяч рублёў надбаўкі за стаж і класнасць. Так што буду і надалей цягнуць выбраны ў маладосці воз.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: Анатоль Жылінскі.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>