Хто нас вучыць жыццю? Падумаеш-падумаеш і прыходзіш да высновы, што жыццё нас вучыць само

4 красавіка 007Хто нас вучыць жыццю? Падумаеш-падумаеш і прыходзіш да высновы, што жыццё нас вучыць само. Вось і мой сённяшні суразмоўца Раман Смажэўскі… Ну хто яму ўпершыню ў жыцці, малому, мог паказаць, як тыя цвікі забіваць, як працаваць сякераю ці, тым болей, разцом.
Гэта пасля ўжо брат старэйшы Дзяніс навучыў працаваць з пілою. Рос хлопчык, можна сказаць, без бацькі. І не было тае цвёрдае мужчынскае рукі, якая і паказала б, а калі трэба, і пакарала б.
— Маці пойдзе на працу, а шафы адкрытыя, і там яшчэ дзедаў інструмент розны, — успамінае Ромка. — Залезу, вазьму малаток, сякеру — і штосьці пачынаю майстраваць…
А “майстру” на той час ішоў шосты годзік. У сем гадоў хлопчык упершыню змайстраваў рыдлёўку снег чысціць. А ў школе яны з аднакласнікамі з задавальненнем рабілі на ўроках працы шмат чаго: качалкі, таўкачыкі, потым — табурэткі, рамантавалі стулы, зачышчалі-шліфавалі паверхню старых скарыстаных прадметаў. Вучыўся Раман у Новых Валосавічах. Аднойчы настаўнік Аляксей Уладзіміравіч Волкаў прапанаваў выразаць на дошках фігуркі розных звяроў. Рому захацелася паспрабаваць парася. Гэта былі першыя знаёмствы з разьбою па дрэве, якія затым прадоўжыліся ў ліцэі.
Ужо на першым курсе хлопец запісаўся ў гурток па металаапрацоўцы да Уладзіміра Карпава, а на другім — і ў гурток разьбы па дрэве да Анатоля Сімановіча. Балазе жыве ў інтэрнаце, а вечарамі трэба ж нечым рукі заняць.
— І чым вы там займаецеся?
— На металаапрацоўцы гнём па гарачым, па халодным, выразаем усё, цяпкі робім, адшліфоўваем дэталі да бляску. У гуртку разьбы па дрэве я спачатку выразаў мядзведзя, пасля — зубра.
— Чакай, але як гэта ўсё робіцца?
— Не, мы працуем па гатовых эскізах, якія нам накідвае настаўнік. Сам я маляваць не ўмею.
Эскізы эскізамі, аднак цяжка паверыць, што ў разьбяра зусім адсутнічае эстэтычны густ мастака. Зірніце, які прыгожы атрымаўся ў Ромкі мядзведзь (на здымку). Зубра яго я, праўда, не бачыў, але ведаю, што той ездзіў нават у Віцебск на выставу. Як кажуць, рукі ў хлопца не драўляныя…
— Над чым зараз працуеш?
— Зараз раблю арла.
— А вучышся на трактарыста? І навошта табе, скажы, разьба па дрэве?
— Так, занятак цікавы, ды і ўсё ў жыцці можа спатрэбіцца.
— Магчыма, далей пойдзеш вучыцца гэтай справе?
— Не, вучыцца далей пайду, але не туды. Хачу працаваць у МНС.
— Чаму?
— Не ведаю, я ўвесь час, яшчэ ў школе, заўсёды казаў, што буду служыць у МНС. Падабаецца мне гэтая работа.
— А трактарыст?
— Тут можна атрымаць некалькі вадзіцельскіх катэгорый. Тэхніка мне таксама заўсёды падабалася, люблю матацыкл, майструем, збіраем з сябрамі.
— Сяброў у цябе шмат?
— Вельмі шмат, як старэйшых, так і малодшых.
— А дзе хацеў бы жыць?
— Мне і ў горадзе добра, і ў вёсцы цікава, але не люблю надта шумных, вялікіх гарадоў. Такія, як Лепель, сама тое.
На здымку: Раман Смажэўскі паказвае сваю першую працу ў гуртку разьбы па дрэве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>