У творчым агародзе далёка не ўсё падпарадкоўваецца законам прыроды. Вось, напрыклад, у Лепелі кабачок, як і належыць, пачаў спець увосень, аднак затым выспяваў усю зіму

127У творчым агародзе далёка не ўсё падпарадкоўваецца законам прыроды. Вось, напрыклад, у Лепелі кабачок, як і належыць, пачаў спець увосень, аднак затым выспяваў усю зіму і падобна на тое, што канчаткова выспеў толькі ўвесну.
Вы заінтрыгаваны?
У такім разе падрабязнасці паспрабуем высветліць у гаспадыні арыгінальнага «кабачка» Таццяны Стрыжонак, якая працуе намеснікам дырэктара РДК.
— Пакуль што — проста «Кабачок». Гэта і ёсць рабочая назва тэатра мініяцюр, які ўжо фактычна «выспеў» у нетрах нашай установы, — расказвае Таццяна Іванаўна.
— А ён часам не перагукаецца са славутым колішнім кабачком «Тринадцать стульев», якім трызнілі ў свой час усе хатнія гаспадыні ды і ці толькі яны! Глядзела ўся краіна.
— Як жа вы ўгадалі? Вядома, перагукаецца. У нас таксама ёсць свая пані Вольга, — ківае на метадыста Вольгу Якубовіч, — ды і іншыя персанажы.
— Аднак вы, дзяўчаты, проста па ўзросце не можаце памятаць таго кабачка…
— А хіба мы не чытаем, не глядзім, не маем інтэрнэту? Увесь той польскі кабачок дасканальна вывучылі.
— Дарэчы, чаму польскі? Можа, вам лепей зрабіць яго з нашым беларускім каларытам? І няхай будзе спадарыня Вольга, спадарыня Таццяна і г.д. І нашы песні, і нашы жарты.
— А што, гэта ідэя. Трэба падумаць. Магчыма, мы да восені, да дня работнікаў сельскай гаспадаркі, «выспелім» свой мясцовы кабачок.
— Дык як усё ж узнікла ідэя новага тэатра мініяцюр?
— Яна наспявала ўжо даўно і спакваля, яшчэ калі мы з Вольгай працавалі над праектам вострава піратаў і плылі на пірацкай шхуне. Летась на дзень работнікаў сельскай гаспадаркі стварылі асеннюю кавярню і былі ў ёй афіцыянткамі. А пасля, на дзень сям’і, былі сцюардэсамі на самалёце. Наступны крок — фестываль «Белыя росы» ў Бароўцы, які правялі бортправадніцамі ў цягніку. А ў студзені, на выязным канцэрце ў Слабадскім СДК, паявіўся ўласна «Кабачок», які затым канчаткова замацаваўся на канцэртным круізе па аграгарадках (у Поўсвіжы, Горках, Забароўі, Стаях, Слабадзе), прысвечаным дню жанчын.
— І хто ўдзельнікі вашага «Кабачка», альбо, як любіў казаць пан вядучы, «завсегдатаи»?
— Нас сямёра. Акрамя нас з Вольгай удзельнічаюць Ірына Зіновіч (больш вядомая пад прозвішчам Бусава) і хлопцы Аляксандр і Дзмітрый Міхно, Мікіта Казлоўскі і нават вадзіцель, які, здавалася б, да культуры мог мець дастаткова ўскоснае дачыненне, наш жа Ігар Вішнеўскі. Ён не толькі возіць, але і спявае.
— У кожнага свае ролі?
— У кожнага — свае. Вольга адказвае за фальклор і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, Ірына — за вакал, харэаграфію, Дзмітрый — за драматычны жанр, Аляксандр — мастацкі кіраўнік, Мікіта — гукааператар.
— Аднак цэнтральныя персанажы — Стрыжонак і Якубовіч?
— Так.
— Дзе знаходзіце мініяцюры?
— Паўсюль. Штосьці — у інтэрнэце , штосьці — з мясцовага, самі дапрацоўваем і сінтэзуем.
— А можа я паспяшаўся са сваёю прапановаю наконт нацыянальнага каларыту. Ці «пацягнеце» вы беларускую мову?
— Мы ж з Вольгай вучыліся на настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Віцебскім педуніверсітэце. Праўда, так атрымалася, што па спецыяльнасці не працавалі, пайшлі ў культуру.
— Ну тады, як кажуць, спадарожнага вам ветру, а вашаму «Кабачку» — смачнай спеласці.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: усе, хто ў «Кабачку» жыве.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>