Колькі каштуе сартавая бульба суперэлітнай або элітнай рэпрадукцыі?

IMG_9143Колькі каштуе сартавая бульба суперэлітнай або элітнай рэпрадукцыі? У мінулую нядзелю, напрыклад, мужчына прадаваў такую, расфасаваную ў сеткі па пяць кілаграмаў, па цане 85 тысяч рублёў за сетку. Гэта дорага ці не? Кожны пакупнік вырашаў для сябе сам.
Прадавец жа нахвальваў свой тавар:
— Прывёз з інстытута бульбаводства ў Самахвалавічах Мінскай вобласці, суперэліта. Клубні ўжо апрацаваны супраць шкоднікаў, што гарантуе высокі ўраджай. Сарты ранне- і сярэдняспелыя: “брыз”, “уладар”, “рагнеда”.
На другім баку сельгаспляцоўкі вясковец таксама прапаноўваў насенную бульбу па 25 тысяч рублёў за вядро, даводзіў, што эліта. Стандартнае дзесяцілітровае вядро, як правіла, змяшчае ў сабе каля васьмі кілаграмаў клубняў.
А крыху раней у нашай газеце за першага красавіка бачыў аб’яву аб тым, што Лепельская сортавыпрабавальная станцыя рэалізуе насельніцтву насенную бульбу па сем тысяч рублёў за кілаграм. Адным словам, выбар насеннай бульбы даволі багаты, на любы густ і кашалёк.
Харчовай бульбы таксама было вельмі шмат, не менш за дзесяць прадаўцоў рэалізоўвалі яе ў нядзелю. Цана не змянілася, па 25 тысяч рублёў за вядро. Не змяніліся кошты і на зерне. Ячмень, авёс і пшаніцу можна было набыць па 20 — 25 тысяч за вядро.
Прывычнай і папулярнай стала кропка па продажы саджанцаў. Прыпыніўся ля іх, паглядзеў, як мужчына выбіраў вішню, прадаўшчыцы з веданнем справы распавядалі пра тое, як іх лепей садзіць, даглядаць, калі пачынае пладаносіць той ці іншы сорт. Вішні і чарэшні прадаваліся па 150 тысяч рублёў за саджанец, грушы — па 120, яблынькі — па 100 тысяч за саджанец.
Базарны дзень быў ледзьве не рэкордным па колькасці кропак з розным насеннем. Гэты тавар можна было сустрэць у самых, здавалася б, нечаканых месцах: насупраць рэчавых ралетаў, у крытых радах, адразу каля ўваходаў на базарную плошчу. Аднак расада памідораў, перцаў і агуркоў пакуль што не прадаецца, бо рана. Лічу, калі надалей будзе стаяць яснае і цёплае надвор’е, то зямля прагрэецца, агароднікі пайдуць набываць гэты тавар. Спадзяюся на наступны прыход.
Даволі шмат з’явілася і ўсялякага агародніцкага рыштунку ад ручных цяпак да мотаблокаў і мотакультыватараў. Ля аднаго кіёска гэты інструмент быў выстаўлены ў шэраг: штыховыя і саўковыя, з простымі ручкамі і апорнымі. Самая танная каштавала 69 тысяч рублёў. Наступная цэнавая пазіцыя — 85 тысяч рублёў, на наклейцы напісана, што “лапата зроблена з рэйкавай сталі”. Па 98 тысяч рублёў прапаноўваліся такія “рэйкавыя” рыдлёўкі, толькі на дрэўках зверху былі яшчэ папярочныя ручкі для зручнейшай працы.
А вось поліэтылену для парнікоў і цяпліц не бачыў. Хаця, мушу заўважыць, у апошнія гады лепяльчане і вяскоўцы з вялікай ахвотай аддаюць перавагу іншаму матэрыялу — полікарбанату.
У мясным павільёне працавалі чатыры прадпрымальнікі, прадавалі свініну. Па іх словах, апошнім часам пакупнікі не праяўлялі вялікай цікавасці да мяса, значная частка тавару заставалася нераспрададзенай, цэны трымаліся на ранейшым узроўні.
У малочным павільёне карціна таксама застаецца без перамен. Мёд, малочныя прадукты, яйкі, квашаная капуста, прывазная садавіна і агародніна, макароны, крупы, цукеркі і пячэнне — традыцыйны асартымент па ранейшых цэнах.
Амаль усе ралеты на рэчавых радах у мінулую нядзелю працавалі. Выбар быў вельмі разнастайны — ад шкарпэтак да куртак. У асноўным зімовыя мадэлі саступілі на прылаўках месцы веснавым і летнім.
Б. САНЕЎ.
На здымку: прадаецца сартавая бульба.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>