“Шчасце жыць у мірнай краіне” — пад такой назвай адбыўся конкурс сачыненняў, прысвечаны 55-годдзю Беларускага Фонду міру

“Шчасце жыць у мірнай краіне” — пад такой назвай адбыўся конкурс сачыненняў, прысвечаны 55-годдзю Беларускага Фонду міру. Журы разгледзела дваццаць сем работ. Вызначана тройка лідараў, якія прадставяць раён на абласных спаборніцтвах у Віцебску.
Думкі, выказаныя на роднай мове, прасякнуты любоўю да свайго роднага куточка, да сяброў і аднавяскоўцаў. Хто яны, нашы фіналісты?
Дзесяцікласніца Баброўскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Вераніка Свірыдзенка распавядае пра сваю маленькую вёсачку Ладзеена і няпросты лёс суседніх вёсак Грабяжова, Гарадца, Антаполля… Сям’ю Веранікі напаткала бяда. Cваім чорным крылом іх закрануў Чарнобыль, і Ладзеена стала другой радзімай. Тутэйшую вуліцу назвалі Даманскай, у гонар той вёскі на Магілёўшчыне, якую давялося пакінуць. З вялікай любоўю дзяўчына расказвае пра сваіх школьных сяброў — пра хлопчыка, які прыехаў з Луганскай вобласці Украіны. Нагадвае, што трэба памятаць урокі мінулага, каб не паўтараць памылак. Заклікае, каб кожны народ задаў сабе пытанні пра мір, цішыню і спакой.
Тэма васьмікласніцы Старалядненскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Дарыны Панкевіч — “Цёплы дом бацькоў”. Гэты дом — у вёсцы Залучына, якая захавала свой непаўторны каларыт. Ціхія вуліцы і агародзікі, дзе растуць морква, бульба, агуркі. Кветнікі з рознакаляровымі краскамі, пладовыя дрэвы і кустоўе вінаграднай лазы, альтанкі і вірлівая рэчка. “Аднак дом мы збераглі дзякуючы ветэранам-франтавікам,” — адзначае дзяўчынка. Вайна — сінонім жорсткасці, болю, смерці. Вайна — рана, якая будзе крываточыць у кожнага ветэрана і не загоіцца ўжо ніколі. Дарына прысвяціла верш “Хоць мы не бачылі ўзрываў” усім абаронцам Айчыны.
“Гэта сапраўднае шчасце — жыць у мірнай краіне”, — сцвярджае сямікласнік Бароўскай сярэдняй школы Яўген Івашкевіч. У сям’і Яўгена захоўваецца сямейная рэліквія: пажоўклая паперка і фотаздымак прабабулі і прадзядулі. Маладая шчаслівая пара прыехала на адпачынак у Беларусь з Куйбышава. Шчасце выдалася трывожным і нядоўгім. Дваццаць другога чэрвеня пачалася вайна. Прадзядуля, якога звалі таксама Яўген, пайшоў абараняць родную краіну. Абяцаў вярнуцца… Пажоўклая паперка — гэта паведамленне пра тое, што афіцэр прапаў без вестак у першыя дні вайны. Марыя так і не выйшла замуж, усё жыццё чакала таго адзінага, якога забрала вайна. Яўген успамінае, што прабабуля вельмі любіла глядзець перадачу “Чакай мяне”. Фільмы пра вайну не любіла…
Прывіла прабабуля і любоў да хлеба. Калі бачыла кінуты кавалачак хлеба, беражліва падымала яго, цалавала і прасіла прабачэння. Перажыла вайну, таму ведала цану нават самаму мізэрнаму кавалачку хлеба.
Яшчэ адзін выпадак апісвае хлопец. Вучні чакалі на пляцоўцы аўтобус. Настаўнік паведаміў, што ва ўкраінскай Горлаўцы зноў стралялі. Нейкая дзяўчынка побач заплакала. Аказалася, у Горлаўцы засталіся бабуля і дзядуля, родныя. На жаль, вайна не засталася на старонках кніг і часопісаў, а патрабуе ўсё новых ахвяр чалавечай жорсткасці і эгаізму.
Усе ўдзельнікі раённага этапа будуць уганараваны дыпломамі раённай арганізацыі Беларускага Фонду міру. Пад яе эгідай пройдуць акцыі “Тут жыве ветэран” і “У страі заўсёды — у памяці навечна”.
Яўген МУДРЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>