“Джып-джып — ура!”

Трэці этап адкрытага кубка Беларусі па джып-трыялу сабраў на выхадныя на трасе за аўтадромам тысячы лепяльчан і гасцей горада. Сёлета спаборніцтвы праводзіліся ў трэці раз. У 2009 годзе, калі толькі пачыналася аўтагоначная кар’ера Лепеля, паралельна праводзіліся спаборніцтвы па ралі-спрынту. Сёлета ралійныя машыны ў Лепель не прыехалі, за тлумачэннямі звярнуліся да дырэктара Лепельскай аўташколы ДТСААФ Паўла Лямцава.

— Многія аматары аўтаспорту ў той, першы, раз бедавалі, што вымушаны ледзьве не разрывацца паміж дзвюма трасамі. Яны хацелі пабачыць і ралійныя гонкі, і спаборніцтвы джыпаў. Вынік — менш гледачоў і там і там. Таму мы прынялі рашэнне праводзіць толькі спаборніцтвы па джып-трыяле. Гэтаму наступныя прычыны: наяўнасць блізка ад горада выдатнай спецыялізаванай трасы з секцыямі, асаблівая цікавасць лепяльчан да гэтага віду гонак. Немалаважным з’яўляецца і той факт, што двое прадстаўнікоў Лепельшчыны на роўных змагаюцца ў джып-трыяле за прызавыя месцы. Як мы памятаем, абсалютным чэмпіёнам этапу-2009 стаў экіпаж у складзе Віктара Чаплінскага і Івана Кавалеўскага. Другі экіпаж, Сяргей Ляоненка і Аляксей Кажэка, таксама займаў прызавыя месцы.

У прызначаны час траса за аўтадромам напоўнілася рыкам магутных матораў. Некаторыя джыпы гаспадары прыгналі самі, аднак большасць прывезлі на тралах — настолькі яны пераробленыя, што ні па якіх рэгламентах іх на аўтадарогі выпускаць нельга. Заяўленыя ў спаборніцтвах як “Нісаны”, ВАЗы, БМВ і іншыя маркі, гоначныя апараты (інакш іх назваць не магу) нічым ужо не напаміналі згаданыя маркі. Да кожнай гонкі пілот і яго каманда рыхтуе машыну індывідуальна, падбі­рае камплектуючыя, перарабляе іх, кампануе часта ў самых неверагодных варыяцыях. Часта на трасу выязджалі натуральныя “лунаходы”, якія ламалі ўсе прывычныя ўяўленні аб аўтамабілебудаванні. Праілюструю на прыкладах. Прывычная схема кампаноўкі рухавіка дыктуе размясціць яго ў пярэднім адсеку джыпа падоўжна. Адна мінская каманда размясціла матор у кабіне якраз паміж крэсламі пілота і штурмана, а нашы госці-расіяне з Масквы ўвогуле здзівілі — паставілі матор наўскасяк, дыяганальна. Як ім гэта ўдалося — для аўтара засталося загадкай, хаця і сам трошкі разбіраюся ў тэхніцы.

Сяргей Ляоненка і Аляксей Кажэка сабралі фактычна новую машыну. Заяўлена яна была як “Міцубісі”, аднак выгляд мела сюррэалістычны, ад “Міцубісі”-мамы там засталіся толькі каробка перадач і масты, усё астатняе — зборная “салянка”. Рухавік — “Нісан”, рама — самаробная, падвеска — скампанаваная індывідуальна.

Віктар Чаплінскі свайго “монстра” УАЗіка з рухавіком ад грузавой машыны ГАЗ-53 пасля апошняй гонкі “рэанімаваць” не паспеў — настолькі вялікія былі пашкоджанні, таму была рызыка, што аматар аўтаспорту з Грыгаравічаў на лепельскую трасу не выедзе. Выйсце прыйшло з самага нечаканага боку — з Мінска. Гоншчык Дзмітрый Аказнікаў часова застаўся без штурмана, той вымушаны быў прапусціць этап па асабістых прычынах. Дзіма прапанаваў Віктару, знаёмаму па ранейшых гонках, пабыць у яго штурманам.

На сёлетняй гонцы не было старых знаёмых па этапах мінулых гадоў “Керагазіка” і “Газонакасілкі”. Пра апошнюю гоншчыкі нават казалі, што ўжо год пра іх нічога не чуваць, у гонках не ўдзельнічаюць, на сувязь не выходзяць. Затое сёлета да нас прыехала шмат гасцей з-за мяжы — экіпажы з Масквы і Цвяры. Геаграфія лепельскага этапу паступова пашыраецца.

* * *

 Першым этапам па традыцыі стала барацьба ў секцыях. Адметнасць лепельскай трасы ў тым, што яна знаходзіцца, хаця і пад самым горадам, аднак у лясным масіве. Дрэвы з’яўляюцца дадатковай перашкодай, якую трэба пераадольваць, абмінаць. Секцыя ўяўляе сабой абгароджаную пляцоўку ў лесе прыблізна 20 на 30 метраў з кантрольнымі вешкамі-створамі. Створ трэба праехаць так, каб памечаная вешка засталася злева па ходу руху. Пры гэтым пляцоўка не роўненькая, а з глыбачэзнымі ямінамі, у якіх немаленькія джыпы хаваліся цалкам, толькі гул матораў паказваў, што тэхніка там і яна яшчэ жывая. Крутыя пад’ёмы часцяком не паддаваліся з першага разу, іх штурмавалі зноў і зноў. За памылкі налічваліся штрафныя балы, але самай вялікай памылкай лічылася дакрананне корпусам машыны да абмежавальнай стужкі, за гэта ішло выдаленне з секцыі, яна лічылася няпройдзенай.

Пасля катання ў такіх дворыках машыны выязджалі з пашкоджаным кузавам. Не прагадалі хлопцы з Брэста, якія на свае “Рэндж-Роверы” ў якасці задніх бампераў прыварылі чыгуначныя вузкакалейныя рэйкі. Аўтар быў сведкам таго, як пасля праезду секцыі ў адной з машын дзверцы заклінаваліся — настолькі моцна іх прымяла да сасны, пілот змог вылезці толькі праз акно.

Некаторыя ўладальнікі машын рэзка выказваліся пра “гэты лес, дзе можна абліцоўку пакінуць на раз”, ім адказаў старшыня Беларускай пазадарожнай аўтамабільнай федэрацыі Яўген Сільвестраў:

— А хто казаў, што будзе лёгка? Гэта вам не гламурныя гоначкі, дзе з магутных машын ледзь не пылінкі здзьмухваюць, гэта трыял. Так што будзьце ласкавыя не скардзіцца на трасу, а змагацца. З трасай, з сапернікамі, з самім сабой.

У першы ж дзень моцна дасталося экіпажу Аказнікаў/Чаплінскі, у адной з першых секцый яны так моцна ўдарылі­ся ў сасну, што рассыпаліся ўсе вокны: і лабавое, і бакавыя. Машына, заяўленая як “Фольксваген-Гольф”, выглядала страшным монстрам.

Ляоненка і Кажэка ў секцыях аддзелаліся “малой крывёю” — толькі абшарпанымі бартамі. Флажок Лепеля, прычэплены да іх машыны, высока і горда развяваўся на сваім месцы, радуючы шматлікіх балельшчыкаў.

У перапынках паміж заездамі ў секцыі гледачы шчыльна абступалі аўтамабілі, разглядалі іх, параўноўвалі характарыстыкі. Тут, аказваецца, амаль усе становяцца самымі кампетэнтнымі знаўцамі аўтатэхнікі.

— Гэты трохлітровы рухавік у спалучэнні з чатырохступеньчатай каробкай выдае на-гара больш за дзвесце коней, — аўтарытэтна заяўляе мужчына, — гэту машыну можна раскачагарыць да 150 кіламетраў у га­дзіну. Хай сабе ў трыяле яна выступіла слабавата, затое ў карусельнай гонцы сябе пакажа, усе будуць толькі дым яе нюхаць!

— Як не так, — парыруе маладая дзяўчына, — пакуль ён бу­дзе “раскачагарвацца”, сусед з маторам БМВ далёка апярэдзіць. Яшчэ пабачым, хто чый дым нюхаць будзе!

Шырока вядома распаўсюджаная думка пра тое, што жанчына і аўтамабіль, увогуле аўтатэхніка, знаходзяцца на дыяметральных процілегласцях. Аднак на джып-трыяле гэта ісціна неаднаразова абвяргалася. Па-першае, на трасе шмат глядачак заўзята балелі за нашых. Маладыя дзяўчыны ў джынсах і модных куртках ішлі да самых стужак, якія абмяжоў­валі гоначную трасу, воклічамі падбадзёрвалі спартсменаў. Балельшчыцы імкнуліся стаць так, каб на свае вочы ўбачыць праходжанне небяспечных крутых паваротаў, глыбокіх лужын. Па-другое, аказалася, што яны няблага разбіраюцца ў тэхніцы, па крайняй меры ведаюць адрозненні паміж маркамі і мадэлямі машын, характарыстыкі матораў, некаторыя ў сваіх ведах нават могуць заткнуць за пояс і мужыкоў. Па-трэцяе, у складзе экіпажа з Гродна штурманам у мужа Івана Кузьміных была жонка Святлана, у мінскага пілота Сяргея Шыка штурманам была Алена Шаманкова. Яшчэ адзін экіпаж быў увогуле жаночым — вялізным “Нісан–Патролам” кіравалі мінчанкі Оля Данілейка і Наташа Ладыгіна.

* * *

 На другі дзень быў прызначаны самы відовішчны этап спаборніцтваў — карусельная гонка: чатыры заезды па шэсць кругоў. Як кажуць самі гоншчыкі, “разбіваем машыны на апошнія грошы”. Да гонкі дапускаюцца толькі джыпы, якія абсталяваны спецыяльнымі сістэмамі бяспекі: найперш сталёвым зварным каркасам і гоначнымі сядзеннямі з рамянямі.

Першы заезд быў, так бы мовіць, пробны, спартсмены асабліва не разганяліся, выпрабоўваючы сябе, машыны і трасу. Дарэчы, колькі слоў пра яе. Першапачаткова яна мела даўжыню 1,9 кіламетра. Сёлета яе падоўжылі да 2,5 кіламетра і крыху пашырылі, дадалі некалькі крутых паваротаў. Гледачам асабліва цікава гля­дзець, як машыны фарсіруюць брады, глыбокія лужыны, таму на радасць ім арганізатары запрудзілі ручаінку, яна разлілася — і на трасе з’явілася яшчэ адна водная перашкода.

Другі заезд адзначыўся вострай, зацятай барацьбой, аварыйнымі момантамі. Нядобрая планіда, якая ў гэтыя дні навісла над экіпажам Аказнікаў/Чаплінскі, не пакідала іх, на адным з крутых паваротаў другога заезду машыну занесла. “Фольксваген-Гольф” не ўтрымаў трасу, адарваўся ад зямлі і перакуліўся, Віктар ледзь паспеў убраць руку. Пасля заезду на стаянку іх зацягнулі на буксіры. Мужчыны ўзяліся, агле­дзелі падвеску, замянілі ў ёй некалькі запчастак. Падрамантавалі рухавік, але новая бяда — пакуль ляжаў дагары коламі, з картара выцекла масла. Тэрмінова трэба купіць новае, а грошай няма. Літаральна з шапкай Віктар пайшоў па знаёмых, тыя дапамаглі. Дакладна ў час “Фольксваген-Гольф” экіпажа Аказнікаў/Чаплінскі стаяў на старце.

“Міцубісі” Сяргея Ляоненкі таксама сур’ёзна пацярпела — адарваліся мацаванні амартызатараў задняй падвескі — тоўсты метал не вытрымаў нагрузак. Сябры-гоншчыкі дапамаглі, выдзелілі зварачны апарат. На старт трэцяга заезду Сяргей і Аляксей выехалі.

Лепяльчане на трасе ганяліся на мяжы магчымасцей сваіх і тэхнікі. Калі іншыя заязджалі ў лужыну асцярожна, каб не дай бог вада не трапіла ў маторны адсек, не заліла кабелі і іншае абсталяванне, то Сяргей смела накіроўваў сваю машыну ў самае глыбокае месца, раскідваючы пырскі ва ўсе бакі. Часам і машыны не было відаць.

Гэта лужына ўсё ж зрабіла сваю каварную справу ў апошнім, чацвёртым, заездзе. Праязджаючы трэці круг, “Міцубісі” чарговы раз нырнула ў ваду, вільгаць трапіла ў матор, аўтамабіль стаў. Сапернікі між тым не гублялі часу, адзін за адным аб’язджалі лепяльчан. Паводле ўмоваў, у час спаборніцтваў гоншчыкам нельга сыходзіць на зямлю — адразу дыскваліфікацыя і адлічэнне з заезду. Мужчыны з дзверцаў перайшлі на капот, адчынілі яго, некалькі хвілін корпаліся там, перабіраючы кабелі. Нарэшце Сяргей Ляоненка нешта прыдумаў, злучыў абсталяванне напрамую, машына завялася і сама выехала з лужыны. Хаця і самымі апошнімі, але нашы завяршылі гонку. Яны лідзіравалі на працягу трох заездаў, апошні сапсаваў усю карціну, адкінуў іх далёка назад.

Экіпажу Аказнікаў/Чаплінскі ў апошнім заездзе не пашанцавала. На выхадзе аднаго з крутых паваротаў машыну занесла праз агароджванні аж у сектар для гледачоў. У выніку — дыскваліфікацыя і выдаленне з заезду. Дзмітрый з Віктарам накіраваліся на стаянку. Толькі даехалі на сваё месца, як дыск кола разваліўся на часткі. А каб такое адбылося на трасе?! Пазней Віктар прызнаўся, што напярэдадні спаборніцтваў прысніў, што ён увесь у гіпсах і бінтах. Нікому словам пра тое не абмовіўся да самага фінішу. Напэўна, шчаслівая зорка зберагла яго ў сёлетніх гонках.

* * *

 А пятай гадзіне вечара былі падведзены вынікі. Лепяльчане Ляоненка/Кажэка заваявалі другое месца ў адной з катэгорый. Аднак яны здолелі сваім майстэрствам, смеласцю заваяваць прыз сімпатый гледачоў. Спецыяльным прызам “За волю да перамогі” адзначаны і экіпаж Аказнікаў/Чаплінскі, якія, не гледзячы ні на паломкі, ні на небяспеку, мэтанакіравана ішлі да фінішу. Медалі і кубкі прызёрам і пераможцам уручалі старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ генерал-маёр Анатоль Сцяпук, старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян і старшыня Беларускай пазадарожнай аўтамабільнай федэрацыі Яўген Селівестраў.

На свяце адзначылі тых, хто ўнёс значны ўклад у яго падрыхтоўку, увогуле ў справу далучэння падрастаючага пакалення да тэхнічных відаў спорту. Ганаровымі знакамі Цэнтральнага савета ДТСААФ былі ўзнагароджаны старшыня райвыканкама Пётр Шыкшнян, намеснік старшыні Мікалай Нікіцін, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Ганаровых грамат ДТСААФ удастоены педагогі ЦДТ Алена Макаранка і Жанна Кузіна, сакратар райкама БРСМ Юрый Мілы.

Развітваючыся, госць з ра­сійскай Цвяры Дзмітрый Сітнікаў сказаў:

— Мы сёлета ўпершыню ганяемся ў Беларусі і ўражаны прыёмам, умовамі. Вялікі дзякуй арганізатарам за сапраўднае спартыўнае свята, сапраўдную гонку. Абяцаю, мы яшчэ прые­дзем сюды, прывязём яшчэ лепшыя машыны, запросім сваіх сяброў-гоншчыкаў. А пакуль што запрашаю беларускіх гоншчыкаў да нас на бліжэйшыя спаборніцтвы. Джып-джып — УРА!!!

Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: Сяргей Ляоненка і Аляксей Кажэ­ка;  пераможцы на п’едэстале гонару; фарсіраванне воднай перашкоды.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>