Калі заходзіш на тэрыторыю Каменскай школы, што на Лепельшчыне, адчуваеш нязвыклае, раздвоенае пачуццё

Фото0019 Калі заходзіш на тэрыторыю Каменскай школы, адчуваеш нязвыклае, раздвоенае пачуццё. Па-першае, адчуваеш замілаванне. Ды ў любога б, відаць, выклікаў замілаванне гэты адкрыты пятачок на стромым узбярэжжы маляўнічага возера, якое ў аграгарадку так і завуць — Школьным. На гэтым пятачку ў сямі­дзясятыя гады мінулага стагоддзя быў узведзены цэлы школьны комплекс. Узве­дзены з уласцівым таму часу размахам.

Зрэшты, было дзеля каго размахнуцца. Кажуць, на той час у Каменскай школе вучылася каля трохсот дзяцей. Дзеля іх і будавалі школьныя карпусы: спартыўную залу, сталовую, інтэрнат шматпавярховы. Зараз у школе вучыцца роўна ў дзесяць разоў меней дзяцей, і таму ўзнікае другое пачуццё — горычы. Разумееш, што не сёння-заўтра гэтая дзіцячая краіна на маляўнічым паазер’і апусцее…

Ну а пакуль што таму-сяму ў гэтай «краіне» нават і цеснавата. Прынамсі, дзіцячаму садзіку, які пакуль яшчэ не зусім абмялеў. Тут хоць і адна рознаўзроставая група, аднак займаецца ў ёй дваццаць адзін чалавек. І ў невялікім драўляным будынку, дзе месціцца дашкольная ўстанова, крыху цеснавата.

— Можна было б размясціць сад у пустым будынку інтэрната, — разважае дырэктар навучальнай установы Ганна Барадзіна, — аднак гэта было б зусім не па-гаспадарску. Такія вялікія плошчы трэба ацяпляць, ды і рамонт там патрэбны капітальны.

А таму дашкаляты хоць і ў цеснаце, ды не ў крыў­дзе. Штогод у садзіку робяць рамонт, хай сабе не капітальны, касметычны, але ўсё старанна фарбуюць, паднаўляюць. Вагаюцца толькі, ці траціцца на шпалеры, не ведаючы, які далейшы лёс чакае саму школу.

Тым не менш, на абсталяванне трацяцца. Вось і сёлета, — расказвае Ганна Антонаўна, — закупілі столікі-«падкоўкі», стульчыкі. Набылі корпусную мэблю. Шмат закуплена дыдактычнага матэрыялу, развіццёвых гульняў, цацак. Купілі спартыўны дыванок «Астраўкі», інвентар для спартыўных заняткаў.

Працуюць у садзіку выхавальнікамі Галіна Забабура і Алена Усціловіч — педагогі кваліфікаваныя, старанныя. Да сэрца кожнага дзіцяці імкнуцца сцежку знайсці. Дзеля гэтага прыкладаюць шмат намаганняў. Зрэшты, дзеці ўсе роўныя, вось толькі лёсы іх неаднолькавыя. Ёсць такія, якім асаблівая ўвага патрэбна — і слова ласкавае своечасовае, і падтрымка, і паразуменне. Не заўсёды хапае гэтага ім у сем’ях. Двое садзікаўскіх дзяцей з праблемных сем’яў.

— Намецілі канкрэтны план працы з гэтымі дзецьмі, — кажа дырэктар. — Наведваем сем’і, праводзім прафілактычныя гутаркі. Адна з гэтых сем’яў была накіравана на камісію па справах непаўналетніх. Другая, як шматдзетная, сям’я ў жо атрымлівае ключы ад гарадской кватэры, якая ёй выдзяляецца бясплатна.

Шмат чаго выхавальнікі робяць і сваімі рукамі. Напрыклад, зрабілі зоны: «Банкамат», «Школа», «Цырульня». На гэты навучальны год запланавалі шэраг буйных мерапрыемстваў, большасць з якіх ужо правялі: асенні баль, «Навагоднюю казку», святочную шоу-праграму «Разам з маці», у якой прымалі ўдзел і бацькі. Застаўся выпускны баль. Вывучалі, як дамоў прыходзіць хлеб, знаёміліся са збажыною, слухалі расповед пра хлебаробскія прафесіі, запрашалі ў госці ардэнаносцаў, якіх шмат у аграгарадку.

Праводзяць у садзіку і анкетаванні. Адно з іх паказала, што праграма падрыхтоўкі і адаптацыі да школы выконваецца паспяхова. Са старэйшымі дзецьмі-дашкольнікамі арганізаваны заняткі па праграме падрастаючай групы.

Вядома ж, не было б такім яркім садзікаўскае жыццё без пастаянных экскурсій і прагулак на свежым паветры — і пазнавальных, і аздараўленчых у адначассі. А хадзіць на прагулкі ў Камені — адно задавальненне. І на возеры бываюць, і лес наведваюць.

Сёлета дзіцячы сад збіраецца пасадзіць сваю градку. Будуць вырошчваць буракі, моркву, кроп і кветкі.

Невялікая сельская дашкольная навучальная ўстанова жыве сваім паўнавартасным жыццём, бруіць крынічкаю жыццё ў Каменскім садзіку і пасяляе тым самым надзею на аптымістычную будучыню аграгарадка.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: прагулка ў дзіцячым садзіку.

Фото0017 Фото0018

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>