У Каменскую аптэку на Лепельшчыне прыходзяць не толькі па лекі…

14 сакавіка 003  Цікава, што Наталля Смарговіч не мае адукацыі псіхолага. Дый, мабыць, у той час, калі жанчына атрымлівала вышэйшую адукацыі, яшчэ і не было наўпрост псіхалагічных спецыяльнасцяў. Ва ўсякім разе, яны не былі такімі моднымі і запатрабаванымі, як зараз. У восемдзесят чацвёртым выпускніца Віцебскага медыцынскага інстытута, займеўшы кваліфікацыю правізара, ехала працаваць у фармацэўтычную сферу. А з восемдзесят шостага яна на Лепельшчыне.

На псіхолага не вучылася, аднак дастаткова пагутарыць з Наталляй Уладзіміраўнай, пабачыць яе на працы, як пачынаеш думаць, што другая яе спецыяльнасць — менавіта псіхалогія. Такому перакананню спрыяе яе характар: спакойная, задуменная, пранікнёная. Зараз Наталля Смарговіч працуе тэхнолагам у цэнтральнай аптэцы і па сумяшчэнні, усяго на траціну стаўкі, — правізарам у Каменскай аптэцы №15. Бывае ў Камені ўсяго два разы ў тыдзень па паўдня. А вы б паслухалі, як прыхільна адгукаюцца пра яе ў аграгарадку!

Аптэка каменская хоць і невялічкая, але надзвычай утульная. Па ўсім відаць, што тут не так даўно быў зроблены капітальны рамонт, сцены аздоблены пластыкам, на падлозе прыгожы лінолеум. Ды і гаспадыня сочыць за парадкам – чысценька, кветкі растуць у вазонах, у вітрынах парадак.

— Асноўныя групы лякарстваў, — расказвае Наталля Уладзіміраўна, — прадстаўлены ў дастатковай колькасці.

І сапраўды, тут, напрыклад, поўны набор лекавых сродкаў супраць грыпу і ВРВІ, дастаткова сардэчна-сасудзістых, супрацьзапаленчых прэпаратаў.

— Дарагія коштам лекі прывожу выключна пад заказ, — кажа правізар. — Каб і не шукаць, каб і не залежваліся. Праўда, у нас заўсёды ёсць асартыментны мінімум, неабходны для аптэкі пятай катэгорыі.

— Колькі насельніцтва ў вас на абслугоў­ванні, колькі вёсак?

— Практычна ўвесь сельсавет, а гэта 1699 жыхароў з трыццаць адной вёскі. Праўда, у некаторых ёсць свае ФАПы, аднак жа на ФАПе асартымент не такі разнастайны. Бывае, што і за шмат кіламетраў, напрыклад з Чарэйшчыны, прыхо­дзяць. Ды і любому прыезджаму не адмовім. На абслугоў­ванні ў нас ільготная катэгорыя насельніцтва. І — аддзяленне дзённага знаходжання «Святліца». Шмат прэпаратаў і лекавых траў заказваюць менавіта са «Святліцы».  Працуем у цесным кантакце з мясцовай амбулаторыяй.

У маленькай вясковай аптэцы — даволі людна. Пакуль гутарылі, усяго за гадзіну сюды зайшоў добры тузін наведнікаў. Нават невялічкая чарга выстраілася. Правізар хоць і хутка адпускае, аднак кожнаму паспявае даць кваліфікаваную параду, дапамагчы вызначыцца, якое лякарства яму лепей купіць. І проста цёплага слова не шкадуе сваім кліентам.

— Чаму ў вас так людна? — пытаюся.

— Таму што ўсяго два дні працуем, многія прыходзяць па заказаныя лекі…

Наталля Смарговіч — надзвычай сціплы чалавек. Сама кажа, што не любіць публічнасці і пераважна стараецца заставацца ў цені, проста сумленна выконвае абавязкі ды і ўсё там. І таму «за кадрам» застаецца асабістае: творчыя дочкі, якія прафесіяй выбралі журналістыку, хворая маці, дзеля якой Наталля ахвяруе шмат чым і для якой з’яўляецца і лекарам, пераважна духоўным, і сябрам, і псіхолагам, і проста цікавым суразмоўцам. «За кадрам» — далёкая дарога на працу ў Камень. Дзе на грамадскім транспарце, дзе «на перакладных» — з поўнаю сумкаю лекаў, індывідуальна для кожнага. Паўтараю, Наталля Уладзіміраўна надзвычай сціплы чалавек, і таму на маё пытанне, чаму ў сельскай аптэцы людна, прамога адказу пазбягае. За яе скажуць пацыенты…

У Камені, кажуць, некаторыя пажылыя людзі ходзяць у аптэку не столькі па лекі, колькі выгаварыцца, душу пагаіць. Цягнуцца яны душою да Наталлі Смарговіч, адчуваючы ў ёй не толькі кваліфікаванага праві­зара, але і тонкага псіхолага — добрага «доктара». Нездарма ж кажуць, што добрае слова таксама лечыць.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: у Каменскай аптэцы.

Фота аўтара.

14 сакавіка 004 14 сакавіка 001

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>