У Каменскай школе на Лепельшчыне атмасфера беларускасці зыходзіць ад кіраўніка

111 Калі я запытаўся ў дырэктара Каменскай СШ, хто з вучняў найбольш актыўны ў грамадскіх справах і ў спорце, найбольш цікавы і творчы, тая прыгадала Ксенію Хацкевіч.

Ды якая там Ксенія — Ксюша! Дзяўчынка ўсяго толькі заканчвае сёмы клас, аднак што без яе рабілі б у Камені!

Думаеце, жартую? На раённых спаборніцтвах па валейболе — Ксюша, на раённай алімпіядзе па беларускай мове — Ксенія, на сцэне — зноў Хацкевіч. Адным словам, «на сямі стулах» сядзіць дзяўчынка. Проста дзіву даешся, як усюды паспявае.

— Хто цябе да спорту прывучыў, — пытаюся ў Ксюшы.

— Дзядзька Слава займаўся з намі, ён мяне вучыў гуляць і ў тэніс, і ў футбол. А зараз ужо я яго абыгрываю ў тэніс.

Гэты чалавек раней працаваў у аграгарадку інструктарам па спорце і турызме, вечары праводзіў з моладдзю і школьнікамі ў спартыўнай зале. Два гады запар зборная з Каменя займала другое месца па баскетболе на раённых спаборніцтвах. Зараз школьная валейбольная каманда рыхтуецца ехаць на раён. Ну як тут абысціся без Ксюшы!

Пікантнасці сітуацыі надае той факт, што дзяўчынка ў раннім дзяцінстве перанесла цяжкую аперацыю. Іншая б на яе месцы апусціла рукі, засела дома, у лепшым выпадку — за камп’ютарам. Толькі не Ксюша… Самасцвярджацца «УКантакце» — гэта не для яе і не з яе характарам.

— А як жа, Ксюша, твае праблемы і спорт? Ці сумяшчальныя яны?

— Урачы сказалі мне як мага болей рухацца. Я ніколі не задаю сабе непа­сільных нагрузак. Займаюся ў сваё задавальненне. Аднак і сядзець дома не збіраюся.

А вось гэта ўжо разважанні сталага чалавека. Ксенія па вечарах улетку разам са старэйшай сястрою робіць прабежкі на свежым паветры, займаецца на турніку. Здзівіла вунь Докшыцы, калі ездзілі туды на паказальныя мерапрыемствы з акрабатычнымі нумарамі. Дзяўчынка можа лёгка падцягнуцца на турніку з дзясятак разоў і зрабіць пад’ём з пераваротам.

Дырэктар Ганна Барадзіна, слухаючы нашу з Ксюшай размову, прыгадала філасофскае выказванне Шапенгаўэра: «Лепей быць здаровым жабраком, чым хворым каралём». А потым і кажа:

— Іду нядаўна, бачу: дзеці на вуліцы гуляюць. Не паверыце, мне так прыемна стала. Гэта ж такая рэдкасць у наш электронны век. Гуляць — ды не ў «Танкі», ды не ў «Доту». У што вы, Ксюша, тым разам гулялі?

— У маскоўскія хованкі. Гэта нас масквічы навучылі, якія тут гасцілі.

А калі раптам загаварылі пра рыбалку, у дзяўчынкі і ўвогуле загарэліся вочы:

— Нас сусед дзядзька Мікалай браў з сабою на рыбалку на Дзядзюлькін мост. Ездзілі я, Мацвей і Мікіта. Я тады злавіла карасёў штук семдзесят. А другім разам на Школьным возеры двух акунькоў злавіла. А на Чаросаве — падлешчыка.

— Чым ловіш?

— Вудачкай,  спінінгам, які мне дзядзька Вова падарыў.

І якая ж прыгожая, мілагучная родная мова гучыць з вуснаў каменскай сямі­класніцы, якім гаючым бальзамам кладзецца яна на душу. Нездарма ж Ксюша Хацкевіч — беларуская ­алімпіядніца. Ды і якой можа вырасці вучаніца самабытнай вясковай школы, дзе атмасфера беларускасці зыходзіць ад самога яе кіраўніка. У асяродку, створаным Ганнай Барадзіной, няма месца манкурцтву. Тут выхоўваюць сапраўдных патрыётаў сваёй радзімы, якія памятаюць свае карані і пачуваюць сябе беларусамі. Слова пасеянае прарастае. Дзяўчынка піша вершы, апошнім часам болей на роднай мове. А яшчэ спявае ў мастацкай самадзейнасці, асабліва любіць спяваць пра матулю, іграе ў школьных пастаноўках, ­удзельнічае ў камандзе КВЗ «Закрытая школа», якая нядаўна заняла трэцяе месца на раённым конкурсе, піша даследчыя працы: то бярозу даследуюць, то вывучаюць старадаўнія меры вагі і адлегласці.

А калі выпадае вольная хвілінка ад бясконцых грамадскіх спраў, Ксенія бяжыць у… дзіцячы садзік праводзіць з маленькімі ўрокі здароўя.

Вось такая няўрымслівая, аптымістычная натура ў Ксюшы Хацкевіч, і яе аптымізм дапамагае ёй жыць і змагацца за ўласнае здароўе.

 Уладзімір

МІХНО.

 На здымку: «беларусачка» з Каменя.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>