Гарыць трава, гараць хаты

1335431903_suhaya-trava Вельмі неспрыяльная пажаранебяспечная сітуацыя склалася ў мінулым го­дзе. Падраздзяленні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях больш за 60 разоў выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў сухой травы і іншых адходаў. У нашай краіне выпальванне сухой расліннасці забаронена законам і прадугледжвае адказнасць — накладанне штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь, а за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах — папярэ­джанне або штраф да 12 базавых велічынь. І ўсё ж жаданне пазбавіцца з дапамогай запалкі ад смецця і сухой травы ў нашых грамадзян не знікае. На гэтай выснове акцэнтаваў увагу ў нашай гутарцы старшы інжынер групы арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі НС і ГА РАНС Аляксандр Александровіч.

— Практычна кожны год вясновыя палы прыводзяць да няшчасных выпадкаў, узгарання жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, траўмавання і гібелі лю­дзей…

— Згодзен. Толькі ў 2015 годзе ў раёне ад падпаленай сухой расліннасці палалі чатыры дачныя дамы і шэсць гаспадарчых пабудоў, а таксама здарылася ўзгаранне пяці не эксплуатуемых будынкаў.

— Назавём давайце канкрэтныя адрасы…

— 18 сакавіка з-за выпальвання сухой расліннасці загарэўся жылы дом і гаспадарчая пабудова ў в. Юркаўшчына. У выніку агнём цалкам знішчана пабудова, моцна пашкоджаны сцены дома. А  праз два дні пажарныя падраздзяленні імчаліся ў Азярцы. Пры аналагічных абставінах успыхнулі дзве дачы і гаспадарчыя пабудовы.

І не толькі траву не варта спальваць падчас вясновай уборкі. Нельга кідаць у вогнішча вырабы з пластыку (яны вылучаюць дыяксіны), а таксама афарбаваныя кавалкі дрэва (у большасці фарбаў змяшчаецца свінец), гумавыя вырабы, старую мэблю. Варта памятаць, што пры гарэнні ўсе гэтыя матэрыялы выдзяляюць небяспечныя для здароўя рэчывы.

Аматарам адпачынку на прыродзе нагадаю: не пакідайце ў месцах адпачынку не патушаныя вогнішчы, запалкі, недакуркі, шкляныя бутэлькі (на сонцы яны працуюць як павелічальнае шкло). Не праходзьце міма падпаленай травы! Пры немагчымасці патушыць пажар сваімі сіламі паведамляйце пра ўзгаранні ў дзяжурную службу МНС па тэл. «101», «112».

— Як вядома,  пасля ўнясення змяненняў у правілы пажарнай бяспекі дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў для спальвання смецця і адходаў на пляцоўках…

— Дапускаецца. Хоць пры гэтым пляцоўкі павін­ны быць абрамлены ачышчанай ад мінеральнага пласта глебы паласой, шырыня якой не менш за 0,25 м. Паліць адходы дапушчальна пры слабым ветры і пры выкананні наступных адлегласцяў: 15 м ад будынкаў і збудаванняў, 20 м ад ляснога масіву, 30 м ад месцаў, дзе складуецца сена ці салома. Дадаткова ў правілах пазначана, што на прысядзібных участках дапускаецца гатаванне ежы ў спецыяльных прыстасаваннях на мінімальнай адлегласці да будынкаў і збудаванняў не менш за чатыры метры.

Забараняецца пры спальванні смецця выкарыстоў­ваць гаручыя вадкасці, а таксама пакідаць непатушаныя вогнішчы, запалкі, недакуркі і іншае смецце.

— На практыцы ўсялякае здараецца. Як дзейнічаць, калі загаранне  адбылося?

— Калі пляц загарання невялікі, паспрабуйце патушыць агонь самастойна. Пры тушэнні выкарыстоў­вайце нізку дубцоў у выглядзе веніка. Збівайце агонь з “кромки” пажару. Гэта самы просты і эфектыўны спосаб тушэння.

Наш кар.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>