Візітоўкай турыстычнай Лепельшчыны можа стаць Цмок. Выява міфічнай істоты прапісалася на ўзбярэжжы Лепельскага возера

Візітоўкай турыстычнай Лепельшчыны можа стаць Цмок. Выява міфічнай істоты прапісалася на ўзбярэжжы Лепельскага  возера. А вось у Бярэзінскім запаведніку ствараецца Цэнтр міфалагічнага турызму. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве БГА “Адпачынак у вёсцы” “Экатурызм ў Бярэзінскім запаведніку: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, “зялёная свядомасць”. Ініцыятыва была падтрымана ў рамках праекта “Садзейні­чанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН.

Якія ж складнікі праекта? На тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка плануецца стварэнне Цэнтра міфалагічнага турызму,  які будзе складацца з «Музея міфічных істот», эка­сцяжыны «У краі міфаў», экспазіцыі пад адкрытым небам «Міфалагічны хутарок». Пры яго стварэнні будуць выкарыстаны інавацыйныя падыходы да інтэрпрэтацыі прыроднай спадчыны, якія практыкуюцца ў сучасных нацыянальных парках і музеях свету. Мяркуецца, што музей будзе абсталяваны сонечнай электрастанцыяй, якая асветліць усе яго аб’екты і інсталяцыі.

Цікавую задуму выношвае ВА “Беларуснафта”. Тут намерваюцца аформіць запраўку ў Лепелі ў стылі Бярэзінскага запаведніка. Прадугледжваюцца таксама розныя інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы: трэнінг, школы для юных аніматараў і рамеснікаў, канферэнцыя па экатурызме, прэс-тур і многае іншае. Ініцыятыва рэалізоў­ваецца са студзеня 2016-га па чэрвень 2017 г.

І задуманае спакваля набывае ўжо рэальныя рысы. Ад слоў і намераў мясцовыя энтузіясты перайшлі да канкрэтных дзеянняў на дабратворнай ніве. У сёлетнім студзені адбылася першая партнёрская сустрэча па стварэнні Цэнтра міфалагічнага турызму — БГА «Адпачынак у вёсцы», Бярэзінскі запаведнік, агенцтва «ГруппаНЭФ», Беларускі саюз дызайнераў і ВА “Беларуснафта”.

Арганічна працягнуты арганізацыйны ланцужок і ў лютым. Завяршыўся тэндар па выбары асноўных выканаўцаў-падрадчыкаў. Творчую канцэпцыю будуць рабіць дызайнеры Ігар Герасіменка і Тамара Голубева, а сонечную электрастанцыю на даху будучага цэнтра пабудуе кампанія «АйТи­ПроектCтрой».

Названыя спецыялісты добра вядомыя сярод музейшчыкаў, арганізатараў выстаў і ландшафтных дызайнераў. Паслужны спіс іх дзейнасці вялікі. Кандыдат мастацтвазнаўства, член-карэспандэнт Рэспубліканскай Акадэміі архітэктуры Ігар Герасіменка стварыў і доўгі час узначальваў кафедру дызайну. Тамара Голубева — вядомы спецыяліст па выставах і музейных экспазіцыях.  Супольна яны рэалі­завалі многія праекты, сярод якіх павільён Беларусі на “Экспа-2010” у Шанхаі, экспазіцыі залаў музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мірскага замка і інш. Спадзяёмся, што ў гэтай каманды атрымаецца зрабіць інавацыйныя і крэатыўныя захады па ажыццяўленні задуманага.

Ініцыятыўная творчая група сустрэлася з кіраў­ніцтвам Бярэзінскага запаведніка. Кіраўнік установы Андрэй Пракошын выказаў пажаданне зрабіць цэнтр крэатыўным,  максімальна набліжаным да рэальных умоў. І гэта заканамерна, бо  аб’ект будуецца для прыёму турыстаў. Удзельнікі агледзелі дом, які будзе пераўтвораны ў “Музей міфічных істот”. Для яго запаведнік вы­дзеліў былы будынак лясніцтва. Будынак невялікі, аднак плануецца павялічыць яго карысны пляц. Па яго перыметры мяркуецца абуладкаваць  тэрасу, дзе зможа размясціцца група з 40 турыстаў.

Пакінулі свае сляды ўдзельнікі сустрэчы і на  будучай экасцяжыне “У краі міфаў”. Цудоўныя краявіды ўразілі ўсіх. Казачным выглядаў сцішаны зімовы лес. Апрача прыроднай прыгажосці, аб’ект напоўніцца міфалагічным зместам. Летам у запаведніку пройдзе пленэр пад эгідай Беларускага саюза дызайнераў, будуць створаны інсталяцыі міфічных істот, якія размесцяцца ўздоўж сцежкі.

Як мяркуецца, творчая канцэпцыя Цэнтра міфічнага турызму будзе створана на працягу месяца. У запаведніку яе чакаюць з нецярпеннем. Праект жа сонечнай станцыі   ў распрацоўцы.   Абсталяванне па назапашванні сонечнай энергіі будзе размешчана за шклянымі дзвярыма і гэтак жа стане аб’ектам экскурсіі. Гэта толькі першыя крокі ў сферы «зялёнай эканомікі» ў Бярэзінскім запаведніку, які плануе і далей развіваць гэтыя падыходы.

В. ВЕРАС.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>