Выдатніца Ульяна пасля заканчэння сямі класаў сярэдняй школы №3 перайшла ў СШ №1 г. Лепеля

98  У адрозненне ад большасці сваіх аднагодкаў, Ульяна Касцюковіч вызначылася з далейшым лёсам яшчэ ў дзіцячым садку. Пакуль астатнія дзяўчаты гулялі з лялькамі, яна іх лячыла. Пэўна, здагадаліся, якую прафесію выбрала. Адну з самых высакародных — урача.

Выдатніца Ульяна пасля заканчэння сямі класаў сярэдняй школы №3 перайшла ў СШ №1. Да настаўніцы хіміі Валянціны Вялюгі, з якой і склаўся вельмі ўдалы творчы тандэм. У восьмым Ульяна стала наведваць спецыяльны факультатыў. Заняткі былі два разы на тыдзень, аднак цяпер дзесяцікласні­ца вучыцца ў класе з хіміка-біялагічным профі­лем, урокі сталі часцей. Няпроста, прызнаецца дзяўчынка. Трэба было адаптавацца ў нязвыклым асяроддзі, наладзіць стасункі з аднакласнікамі, прывыкнуць да патрабаванняў новых настаўнікаў. Аднак зараз падобныя праблемы зніклі.

Сёлета, акрамя раённай алімпіяды па хіміі, Ульяна ўдзельнічала ў спаборніцтвах па біялогіі і беларускай мове. Атрымала дыпломы па кожным з прадметаў: беларуская мова — першае месца, хімія — другое, біялогія — трэцяе. Паўстаў нялёгкі выбар, на якой алімпіядзе выступаць на вобласці і прадстаўляць родную школу. Спынілася на карысць хіміі.

Упершыню ўдзельнічала на абласной алімпіядзе. Першы этап — тэорыя. Тэставыя заданні на дваццаць пытанняў і чатыры хімічныя задачы на рашэнне. Паспяхова справілася з большасцю. Наступнае выпрабаванне было больш цяжкім — практычнае, у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Трапілася задача на рэакцыю тытравання. Як патлумачыла дзяўчына, трэба было змерыць аб’ём і разлічыць канцэнтрацыю кіслаты ў растворы. Набрала больш за дваццаць балаў з сарака магчымых. Для першай спробы — дастойны вынік. Тым больш рыхтавалася разам з Валянцінай Васільеўнай больш тэарэтычна — трэба шмат спецыяльнага абсталявання, якога ў школы не стае. Аднак дзяўчына не разгубілася, глядзела відэа хімічных даследаванняў у інтэрнэце, пакрысе вучылася і запамінала. Сапернікі былі спрактыкаваныя. Шмат хто з іх быў на алімпіядзе раней, вучыліся на падрыхтоўчых курсах, ведалі дасканала як тэорыю, так і практыку.

Дыплом трэцяй ступені на абласным этапе алім­піяды стаў для Ульяны нечаканасцю. Для яе — магчыма. Аднак зразумела, што любая ўпартая праца рана ці позна прывядзе да поспеху. Нават у свабодную хвілінку дзесяцікласніца не расстаецца з падручнікам. Хоць адну задачу  рашае кожны дзень, каб не губляўся навык. Прыходзіць дадому з заняткаў, снедае і адчыняе падручнік па хіміі. Паўтары ці дзве гадзіны ў дзень — амаль “абавязковая” праграма.

Дапамагае адпачыць ад хімічных формул і задач яе любімая скрыпка, на якой іграе змалку. Закончыла дзіцячую школу мастацтваў. Цікавіць дзяўчыну і спартыўная ёга. Вучыцца гімнастыцы таксама па відэаўроках.

На стэндзе ў лабаранцкай хіміі вісіць любімае выслоўе Валянціны Вялюгі: “Можна падвесці каня да ручая, аднак прымусіць піць яго нельга”. Сэнс зразумелы. Калі ў вучня не “ляжыць сэрца” да прадмета, то тут вучы не вучы, а толку не будзе. Аднак Ульяна з задавальненнем “п’е тую ваду і грызе граніт навукі”. Прывыкла да такога “рацыёну”, бо трэба набываць грунтоўныя веды, каб здзейсніць мару свайго жыцця. Галоўным у будучай прафесіі лічыць здольнасць урача слухаць  пацыента і перажываць за яго. А непасрэдна ў рабоце абапірацца на вопыт і “халодную” галаву.

Яўген МУДРЫ.

 На здымку: Ульяна Касцюковіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>