Рана распачалася вясна. Ці памяняліся месцамі люты з сакавіком, пакажа час

Рана распачалася вясна. Ці памяняліся месцамі люты з сакавіком, пакажа час. А вось тое, што апошні зімовы месяц стаў першым вясновым — факт бясспрэчны. Прырода адрэагавала на гэты факт па-свойму. На азёры і рэкі ўжо страшна ступаць любому абачліваму чалавеку. Праўда, зусім не страшна некаторым адчайным рыбакам, хто паставіў рыбацкі азарт вышэй за ўласную бяспеку. Ну ды гэта іх выбар. Кожны мае права выбіраць паміж рыбалкай і жыццём. Пацяплела — і ўжо неўзабаве пачне нераставаць шчупак. Такім чынам, азартныя рыбакі, якім не церпіцца на вадаёмы, могуць нечакана ператварыцца ў браканьераў. Дзе тая тонкая грань, пераступіўшы якую аматар рыбнай лоўлі становіцца правапарушальнікам, а то і злачынцам, паспрабуем высветліць у Міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

— Інспекцыя нагадвае, — распавядае дзяржаўны інспектар Леанід Крывец, — што лоўля рыбы альбо іншых насельнікаў вадаёмаў без належнага дазволу, у забароненыя тэрміны ці ў забароненых месцах, не дазволенымі спосабамі і прынадамі падпадае пад адзін з артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і караецца штрафам ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

— Ужо даводзілася прымяняць падобныя санкцыі да парушаль­нікаў? Прывядзіце канкрэтныя прыклады.

— Восенню жыхар Жэжліна лавіў рыбу ў мясцовым возеры сеткамі. Выйшаўшы на бераг, быў затрыманы супрацоўнікамі інспекцыі. Складзены адміністрацыйны пратакол. У выніку былі канфіскаваны дзве рыбацкія сеткі і два з паловай кілаграмы рыбы. Суд вынес пастанову ўтрымаць з вінаватага штраф памерам 3960000 рублёў і спагнаць урон і кошт незаконна злоўленай рыбы ў памеры 1953000 рублёў.

Жыхар Бароўкі паплаціўся штрафам 3960000 рублёў і мусіў выплаціць урон, нанесены прыродзе, у памеры 590000 рублёў за тое, што замест вудачак скарыстаўся на рыбалцы сеткамі, якія загадзя ўстанавіў на возеры Бобрыца. Не ўдалося мінуць сустрэчы з прыродаахоўчай інспекцыяй і жыхарам Матырына. Зноў жа, двое лавілі рыбу сеткамі на мясцовым возеры. Рыбка аказалася залатой. Выклалі з кішэні кожны па тры мільёны семсот восем­дзесят тысяч і ў дадатак кампенсавалі ўрон дзяржаве памерам два мільёны пяцьсот дваццаць тысяч рублёў.

— Так, сума немалая, нават у разліках на ранейшыя расцэнкі. Зараз жа базавая велічыня вырасла да двухсот дзесяці тысяч. Так што будучым браканьерам не шкодзіла б задумацца, каб не апынуцца, злавіўшы “залатую рыбку”, ля разбітага карыта.

— Хочацца таксама нагадаць, што зусім хутка пачне дзейнічаць забарона на лоўлю шчупака.

— Калі?

— Сёлета — з дзявятага сакавіка па дваццаць пятага красавіка. А з дзясятага красавіка па восьмага чэрвеня будзе дзейнічаць агульная забарона на лоўлю рыбы. І рыба, злоўленая недазволеным спосабам, будзе ацэньвацца ў трайным памеры. А калі сума ўрону, нанесенага дзяржаве, перавысіць сто і болей базавых велічынь, то браканьер ужо нясе крымінальную адказнасць.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>