Танкавы бой

Тамашевич Яшчэ адзін наш герой-зямляк Мікалай Мікалаевіч Тамашэвіч, партрэт якога намаляваў малады лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў, нарадзіўся 13 мая 1921 года ў вёсцы Новыя Валосавічы Лепельскага раёна ў сям’і селяні­на. Закончыў мясцовую школу-сямігодку і два курсы рачнога тэхнікума ў горадзе Мазыр Гомельскай вобласці. Працаваў механікам на гідравузле.

У Чырвонай арміі з 1940 года. Служыў у 46-й танкавай дывізіі 21-га механізаванага корпуса Прыбалтыйскай ваеннай акругі.

З чэрвеня 1941 года на фронце. Быў камандзірам танка, узвода, роты. Ваяваў на Паўночна-Заходнім фронце, на Волхаўскім, Ленінградскім і Карэльскім франтах. У 1943 годзе закончыў курсы малодшых лейтэнантаў. У баях двойчы быў паранены.

У 1941 годзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у раёне гарадоў Даўгаўпілс, Рэзекне, Апочка, рэк Ловаць і Свір, у вызваленні горада Ціхвін, а ў 1942 годзе — у Любанскай аперацыі, у змаганні з ворагам у раёне Спаскай Палісці і Мяснога Бора.

У 1943 годзе прарываў блакаду Ленінграда ў раёне станцыі Сінявіна.

У студзені 1944 года пачалася Ленінградска-Наўгародская наступальная аперацыя нашых войскаў, мэтай якой быў прарыў блакады Ленінграда. У ходзе наступлення першаму батальёну 7-й асобнай гвардзейскай танкавай брыгады было загадана авалодаць вёскай Кшэнціцы Ленінградскай вобласці. Тут гітлераўцы стварылі моцны апорны пункт. Па папярэдніх даных разведкі, у вёсцы знаходзілася каля 25 супрацьтанкавых гармат, некалькі мінамётных батарэй. Але дзе яны знаходзіліся, было невядома. Выявіць іх вырашылі разведкай боем. Гэтую складаную задачу даручылі Мікалаю Мікалаевічу Тамашэвічу — камандзіру танка 7-й асобнай гвардзейскай танкавай брыгады 8-й арміі Ленінградскага фронту.

Праз некалькі хвілін танк Мікалая Тамашэвіча рашуча накіраваўся наперад, за імі астатнія баявыя машыны падраздзялення. На адной з палянак сярод лесу ўсе танкі спыніліся, і далей пайшла толькі баявая машына пад камандаваннем Мікалая Мікалаевіча.

Калі танк панёсся непасрэдна да вёскі, Мікалай Тамашэвіч замяніў наводчыка гарматы. І не таму, што не давяраў яму, а проста сам лічыўся ў батальёне сапраўдным “танкавым снайперам”, бо лепш за ўсіх трапляў у цэль.

Баявая машына ўварвалася ў Кшэнціцы. У гэты час фашысты абедалі. Убачыўшы палявую кухню і салдат каля яе, на поўным хаду наехалі на іх. Некалькі гітлераўцаў кінуліся да гарматы, але Мікалай Мікалаевіч двума снарадамі знішчыў гармату з разлікам.

Танкісты працягвалі рэйд па варожых пазіцыях. Праскочылі ў канец вёскі, развярнуліся, падмяўшы пад сябе адну супрацьтанкавую гармату, потым — другую. Камандзір танка ў гэты час вёў агонь па іншых цэлях.

Скіраваўшы ўсю сваю ўвагу на адну баявую брані­раваную машыну, якая бясстрашна атакавала іх, фашысты не заўважылі, як да вёскі наблізілася танкавая рота гвардзейцаў. Яна без бою захапіла варожую батарэю, потым — другую. Знішчыла гарматы.

Хоць праціўнік і панёс вялікія страты, аднак сілы ў яго яшчэ хапала. Нашы танкісты таксама панеслі страты. Пад вечар была падбіта і баявая машына Мікалая Тамашэвіча. Загінуў механік-вадзіцель. Мікалай Мікалаевіч сам сеў за рычагі. У гэты момант снарад разбіў правую гусеніцу. Агнём ад выбуху апякло твар. Мікалай Тамашэвіч падняўся ў вежу, агледзеў мясцовасць. Заўважыў хлеў, у сцяне якога было выстаўлена бервяно, і ўспышку ад выстралу. Зразумеў, што там схавана гармата. Дакладнымі выстраламі Мікалай Мікалаевіч знішчыў агнявую кропку ворага.

Толькі калі скончыўся боезапас, танкісты пакінулі баявую машыну. Мікалай Тамашэвіч умела арганізаваў кругавую абарону і вёў бой да падходу падраздзяленняў батальёна.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 жніўня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі малодшаму лейтэнанту Тамашэвічу Мікалаю Мікалаевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

Пасля вызвалення Карэліі 7-я асобная гвардзейская танкавая брыгада была перакінута ў Запаляр’е і перададзена 14-й арміі Карэльскага фронту. У яго складзе Мікалай Тамашэвіч адважна змагаўся ў Петсама-Кіркінескай наступальнай аперацыі ў кастрычніку 1944 года. На берагах Баранцава мора ў снежні 1944 года Мікалай Мікалаевіч завяршыў свой баявы шлях, быў накіраваны на вучобу ў Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую бронетанкавую школу. Затым служыў камандзірам танкавага батальёна ў Ленінградскай ваеннай акрузе.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, медалямі “За адвагу”, За абарону Савецкага Запаляр’я” і іншымі.

З 1956 года капітан Мікалай Тамашэвіч — у запасе. Жыў у горадзе Ленінгра­дзе. Працаваў транспартным дыспетчарам у аўтакалоне. Памёр 23 верасня 1983 года. Пахаваны ў Санкт-Пецярбурзе на Нова-Волкаўскіх могілках.

Горад на Няве захоўвае добрую памяць аб храбрым лепяльчаніне. Яго імя высечана на мармуравай дошцы, якая знаходзіцца ў Памятнай зале велічнага манумента, створанага ў гонар гераічных абаронцаў Ленін­града.

Мікалай

 ГАРБАЧОЎ.

 На здымку: партрэт Героя Савецкага Саюза Мікалая Мікалаевіча Тамашэвіча, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>