Сцяжынка школьная мая…

На гэтым старым фотаздымку адлюстраваны вельмі далёкі ўжо час – першае верасня 1962 года ў Замошскай сярэдняй школе, што знаходзілася на самай ускраіне Лепельшчыны. Зафіксавана ўрачыстая лінейка. Першакласнікам дырэктар Анатоль Равякін уручае падарункі. Яны былі для ўсіх вучняў аднолькавыя, утрымлівалі разнастайныя школьныя прыналежнасці: пенал, сшыткі, ручкі, алоўкі, лінейкі і г. д. Так атрымалася, што ў стоп-кадр трапіў момант, калі такі падарунак атрымліваю я.

На заднім плане бачны шарэнгі дзесяцікласнікаў. Па-добраму яны зайздросцяць нам, малалеткам, бо ўжо заканчваюць свой шлях у цудоўную краіну ведаў, шчаслівага дзяцінства, а ў нас усё яшчэ наперадзе.

Злева ад дырэктара Замошскай СШ Анатоля Равякіна — мая першая настаўніца Валянціна Броўка, якая з першага па чацвёрты класы вучыла нас разумнаму, добраму, вечнаму. А крыху воддаль размаўляе з першакласнікамі яшчэ адна настаўніца пачатковых класаў Марыя Стэльмах. Дарэчы, Марыя Рыгораўна – актыўная ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, уваходзіла ў падпольную групу мясцовых патрыётаў, якія мужна змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, выконвала заданні народных мсціўцаў у якасці сувязной партызанскай брыгады імя Сталіна. Зараз яна знахо­дзіцца на заслужаным адпачынку, жыве ў г. п. Расоны.

Як даўно гэта было! Мінула амаль паўвека з таго пахмурнага асенняга дня. Адшумелі, адгаманілі вясёлыя школьныя гады, напоўненыя юначай няўрымслівасцю і стараннай вучнёўскай працай. Па-рознаму склаўся потым лёс маіх аднакласнікаў. Самым высокім па росту, па-сапраўднаму цыбатым у нашым класе лічыўся Анатоль Дзірко, які на здымку знаходзіцца справа ад мяне. Ён стаў мінчанінам. Анатоль Валаховіч, які на здымку знаходзіцца злева ад мяне, застаўся жыць на малой радзіме ў Замошшы, працаваў механізатарам у саўгасе “Латыголічы”. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця. Як не стала яшчэ ў канцы 70-ых гадоў дваццатага стагоддзя яшчэ аднаго майго аднакласніка Валянціна Мядзведскага – афіцэра транспартнай міліцыі ў Полацку, сумленнага чалавека і выдатнага прафесіянала, які вывеў на “чыстую ваду” цэлую банду выкрадальнікаў дзяржаўнай маёмасці. На жаль, злачынцы адпомсцілі Валянціну, забілі яго.

Уважліва глядзіць у аб’ектыў фотаапарата, знаходзячыся злева ад Анатоля Валаховіча —  Марыя Жванская (Падабед). Марыя Эдуардаўна атрымала вышэйшую адукацыю, доўгі час працавала старшынёй Домжарыцкага сельвыканкама, а зараз, пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, плённа рупіцца кіраўніком справамі гэтага ж органа ўлады.

Можна бясконца расказваць аб тых, з кім разам вучыўся ў школе на працягу дзесяці гадоў. Аднак, на жаль, не магу так жа распавесці пра дзесяцікласнікаў, якія бачны на здымку. Акрамя таго, не ведаю падрабязнасці жыцця дырэктара школы Анатоля Равякіна. Памятаю толькі, што ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, франтавіком, афіцэрам Чырвонай Арміі. Ён выдатна выкладаў гісторыю, вельмі цікава праходзілі яго ўрокі. Аповеды Анатоля Паўлавіча Равякіна аб гістарычных падзеях заўсёды ўважліва слухалі не толькі тыя дзеці, якія непасрэдна сядзелі за партамі, але і свабодныя ад урокаў вучні пачатковых класаў, сярод якіх быў і я, Мы цішком падкрадаліся да вокнаў кабінета гісторыі, з захапленнем успрымалі роўны і зычны голас сталага чалавека, якому было што расказаць, паколькі ён шмат чаго пабачыў у жыцці, у тым ліку здабыў нам, сваім нашчадкам, Вялікую Перамогу над фашысцкай Германіяй.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 На здымку: першага верасня 1962 года ў Замошскай СШ.

 Фота з сямейнага архіва.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>