Мара стала явай

Ці то спецыяльна работнікі салона-магазіна “Скарбонка” прызначылі вернісаж на дзень нараджэння мастака, ці гэта проста выпадковасць — не так важна. Галоўнае, што такое супадзенне атрымалася сімвалічным і дарэчы.

Невыпадковая і назва выставы: “Мая мара…”. Яна сведчыць, што, нарэшце, здзейснілася мара ўсяго жыцця мастака. Мастацтвам Алена Бязега занялася шэсць гадоў таму, калі ёй споўнілася 57 гадоў.

На другой за гэты год выставе мастачкі ўсе карціны выкананы на працягу апошніх трох гадоў.

Сказаць, што ў 57 гадоў Алена ўпершыню ўзяла пэндзаль, няправільна. Яна на працягу ўсяго жыцця старалася перанесці прыгожае на паперу алоўкам, акварэллю, тушшу. Разумела, што ў яе атрымліваецца. Аднак жа і адчувала, што не хапае тэарэтычных ведаў, мастацкіх навыкаў. А самае галоўнае — ніколі не хапала часу, каб з галавой акунуцца ў любімы занятак.

Нарадзілася ў Кітаі, дзе бацька навучаў кітайцаў ваджэнню паравоза. У дзевяць гадоў з бацькамі пераехала ў Казахстан. Там выйшла замуж. Нарадзіла сына. Сям’я не склалася. Каб быць далей ад былога мужа, пераехала ў Забайкалле. Будавала цэлюлозна-папяровы камбінат. Знайшла другога мужа. Разам паехалі ў Якуцію. Там клімат не пайшоў сыну. Памянялі халодную рэспубліку на больш спрыяльны Арэнбург. Калі сыну споўнілася 10 гадоў, памёр муж. Сястра Наташа Дорахава жыла ў Лепелі. Да яе паехала пагасцяваць маці і за тры дні да вяртання памерла. Пахавалі ў Лепелі. У 2005 годзе Алена вырашыла пасяліцца бліжэй да магілы маці. Купіла ў нашым горадзе кватэру, адрамантавала, прадала і набыла лепшую.

Сябры і знаёмыя засталіся ў Арэнбурзе. Пакуль завяла новых, каб не сумаваць у адзіноце, запісалася на курсы “Ешка”. Завочна вучылася пісаць кар­ціны.

Аднак толькі курсамі Алена не задаволілася. Тры гады таму прыйшла ў школу мастацтваў і папрасіла выкладчыка Алеся Саўчанку ўзяць яе ў вучаніцы. Мастак ухваліў творчы парыў жанчыны.

— Спачатку пісала акварэллю, — узгадвала на вернісажы Алена Бязега. — Аднойчы выкладчык зазначыў — час пераходзіць на алейныя фарбы. Збегаў на вуліцу, наламаў рабіны, паставіў у вазу — і загадаў мне напісаць букет. З асцярогай павяла пэндзлем — і адразу здзівілася. Пісаць алеем аказалася лягчэй, чым акварэллю. Вось яна на сцяне, мая першая праца алеем.

Алена паказала на вогненны букет рабіны. Не на сапраўдны — на карціну. Ніколі не сказаў бы, што работу выканаў чалавек, які ўпершыню ўзяўся за алейныя фарбы.

На выставе шмат прыроды. Знаёмыя краявіды. На карціне “Азярцо” адразу пазнаеш сажалку на прымыканні вуліцы Чуйкова да Мінскай шашы. На задуменне схіляюць работы “Гняздо ластаўкі”, “Бярозкі”, “Галіна яблыні”, “Захад на Івана Купалу”, “Вясёлка”, “Ціхая затока”, “Камін”, “На золку”. Настальгіяй вее ад карцін “Бацькоўскі дом”, “Кухня дзяцінства” — знаёмая людзям старэйшага ўзросту абстаноўка: на двух табурэтах месціцца дзіцячая ацынкованая ванна, на трэцім — бы на троне, сядзіць тоўсты кот, пад топкай мураванай пліткі ў беспарадку ляжаць цуркі, пад столлю, на вяроўцы сушыцца бялізна, сервант упрыгожваюць некалькі шклянак, на стале неяк самотна адчуваюць сябе бохан хлеба, міска, лыжка…

— У школе мастацтва душа адпачывае, — кажа Алена Бязега. — І на ўроках, і ў калектыве ўвогуле адчуваю сябе спакойна, вольна, істоту самі пакідаюць першыя сімптомы дэпрэсіі, якая не-не — ды і падкрадзецца знянацку.

— Алена Фёдараўна ўмее перадаць пэндзлем настрой прыроды, — сказаў яе настаўнік Алесь Саўчанка. — А гэта галоўнае ў мастацкай справе. Аднойчы давялося пабыць у яе кватэры. Выставачная зала! Сцены скрозь у карцінах.

Удзельнікі вернісажу ўручалі мастачцы букеты кветак. Падарунак майстра Васіля Шкіндзера — рамка для карціны.

 Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 На здымку: Алена Бязега са сваім настаўнікам Алесем Саўчанкам на вернісажы.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>