Жыццё ваеннага чалавека непрадказальнае. Пакідала па свеце сям’ю Сашы. Германія — Саратаў — Мінск

24 Адзінаццацікласніцы гімназіі ім. І. М. Ерашова Аляксандры Галіновіч, пэўна, лёсам было наканавана добра ведаць не толькі сваю родную мову, але і замежную. Дзядуля, падпалкоўнік запасу, шмат гадоў служыў у Германіі, маці нарадзілася ў Дрэздэне, дзядзька — у Лейпцыгу. Таму не дзіва, што моўная сямейная традыцыя не перарываецца, а прадаўжаецца і па сённяшні дзень.

Жыццё ваеннага чалавека непрадказальнае. Пакідала па свеце сям’ю Сашы. Германія — Саратаў — Мінск. У Мінску і нарадзілася. Потым атабарыліся на бароўскай зямлі, калі ёй было шэсць год.

З пятага класа вучылася ў школе дыстанцыйнага навучання “ЕШКО”. З Бароўскай школы перайшла ў гімназію ім І. М. Ерашова. Цугам адна за адной пайшлі алімпіяды: сёмы, восьмы, дзявяты класы… Сёмы і восьмы — дыпломы трэцяй ступені. У дзявятым — першай. А ў гэтым годзе заваявала дыплом другой. Рыхтавала дзяўчыну да перамогі настаўніца нямецкай мовы Святлана Шакура.

Не толькі нямецкая мова даецца лёгка. Яна — выдатніца, і перад ёй адчынены ўсе дзверы. Але зразумела, што далейшы лёс даўным-даўно акрэслены — Дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, факультэт рамана-германскай філалогіі.

А ў жніўні 2014-га пазнаёмілася з нямецкай дзяўчынай. Ванеса Хельмер з Берліна прыехала ў Бароўку да бабулі і дзядулі. Калі Саша адпачывала на пляжы, пачула нямецкую гаворку. Не засаромелася, падышла, павіталася па-нямецку, завязалася гутарка. Вельмі здзівіўся замежны госць, бо не кожны дзень у беларускай глыбінцы пачуеш чыстую, без акцэнту, нямецкую мову. Пасябравалі, пісалі адна адной, тэлефанавалі. У красаві­ку мінулага года Саша ездзіла да Ванесы ў Берлін.

Аднак гэта быў не першы візіт у Нямеччыну. Саша працавала валанцёрам у Старым Лепелі і ў складзе сваёй групы ў 2012-м наведала Білефельд.

Чысціня, педантычнасць —рысы, характэрныя для немцаў. На яе погляд, галоўная “фішка” — усе катаюцца на роварах, а не на грамадскім транспарце. Сняданак, полудзень, вячэра — у адзін час. Спазнішся — рызыкуеш застацца галодным. Прыгадала дзяўчына і традыцыйную страву —  carry-wurst (від сасісак). Аднак не пакаштавала. Саша — вегетарыянка. Некалькі гадоў таму адмовілася ад ужывання мясной ежы. Спачатку было цяжка, а зараз і не цягне да кілбас і катлет.

Выпускны клас, трэба добра закончыць школу. Не хапае часу на любімую гітару і фартэпіяна. А граць яна ўмее добра. Нездарма закончыла музычную школу. Хіба што толькі ўлетку выпадае час пакатацца на ролі­ках і наведаць Берлін альбо Франкфурт, папрактыкавацца ў мове. Германія Сашы падабаецца. Збіраецца туды і ў гэтым годзе. Прыгожая краіна, вялікія гарады, цікавыя мясціны. Шмат сяброў і знаёмых. Аднак жыць там не жадае.

— Я люблю сваю краіну, чулых і спагадлівых людзей, якія ведаюць кошт такім словам, як “каханне”, “сяброўства”, “спачуванне”, “дабрыня”, — прызнаецца яна.

Сапраўды так. Лепш у роднай хатцы, чым у чужым палацы. Пагасціць яна на чужыне, і цягне назад, у край жоўтых гарлачыкаў ды сівых валуноў. Радзіму, як і бацькоў, не выбіраюць…

Яўген МУДРЫ.

 На здымку: Аляксандра Галіновіч каля Берлінскай сцяны.

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>