Вучаніца з Лепеля пакарыла «біялагічны алімп»

25студзеня 003Доўгія бялёсыя, нібы льняныя, валасы, блакітныя васільковыя вочы. Сапраўдная беларусачка, сапраўдная бландзінка… Як бы там ні жартавалі ў анекдотах пра бландзінак, усё тое Віка абвергла рашуча і настойліва, як толькі яна ўмее гэта рабіць.

Прыгожая бландзіначка з Лепеля вярнулася з абласной алімпіяды па біялогіі пераможцай. Дакладней кажучы, дзесяцікласніца СШ №1 здабыла дыплом першай ступені, абагнаўшы ў «алімпійскай гонцы» ўсіх, акрамя прадстаўніка Наваполацкага ліцэя.
Поспех несумненны і невыпадковы. Поспех увогуле, бадай, ніколі выпадковым не бывае. Бывае, вядома, нейкі працэнт удачы і шанцу… Удача, як правіла, усміхаецца кемлівым, аднак за імі — вялікая, штодзённая карпатлівая праца. Пра яе якраз і трэба распавесці, бо, можа, хто думае, што на школьных алімпіядах перамагаюць адны шчасліўцы.
Аднак спачатку пра ўдачу…
— Некалькі пытанняў мы з Вікай угадалі, — расказвае настаўніца біялогіі СШ №1 Алена Сільвановіч, якая падрыхтавала дзяўчынку да алімпіяды. — Я часопіс стары знайшла, а там якраз хваінку рэжуць. Віка на наступны ж дзень падняла кніжкі Антонавай (гэта выкладчыца кафедры агульнай батанікі Віцебскага педуніверсітэта), знайшла мікраскапічны малюнак хваінкі. І што вы думаеце, на практычнай частцы алімпіяды менавіта гэтую хваінку ёй і далі. Віка адразу ж па памяці ўсё ўзнавіла. Памяць у яе фенаменальная. Альбо вось яшчэ. Дзяўчаты ў сталовую снедаць ідуць, а Віка з кніжкай. Акурат паўтарыла, якія вусцейкі бываюць. (Вусцейка ў біялогіі — элемент тканкі раслін, неабходны для выпарэння вады і газаабмену.) І ёй гэтыя самыя вусцейкі трапіліся на алімпіядзе.
Слухаю і думаю, якая ж тут удача, гэта ж элементарная заканамернасць: хто вучыць, той ведае.
Віка Шабуня — звычайная дзесяцікласніца. Мае шмат сяброў, займаецца спортам, вельмі добра вучыцца, так што ёсць усе шанцы стаць медалісткай. Спачатку хацела ў медыцынскі паступаць на фармацэўта. Аднак пасля таго, як трапіла на алімпіяду па біялогіі, перадумала, захацела на біяфак. Алена Алегаўна мяркуе, што гэта адкрые яе вучаніцы большыя перспектывы. А Віка, яна ўпэўнена, заслугоўвае большага. Магчыма, пойдзе ў навуку.
Упершыню дзяўчынка паспрабавала сябе на біялагічнай алімпіядзе ў восьмым класе. Пачынала з «малых алімпіяд», якія праходзяць увесну. А летась ужо не толькі перамагла на раённай, але і з абласной алімпіяды вярнулася з дыпломам другой ступені. А потым удзельнічала яшчэ і ў рэспубліканскім этапе.
Чатыры дні на алімпіядзе ў Віцебску запомніліся. Жылі на базе прыборабудаўнічага ліцэя. Віка пазнаёмілася са сваёй равесніцай з Ушаччыны Ларысай Правада. Дзяўчынка з вясковай школы таксама вельмі ўдала выступіла, заняўшы на алімпіядзе трэцяе месца. Схадзілі ў тэатр імя Якуба Коласа на спектакль «Белы анёл з чорнымі крыламі» — сучасная сямейная драма…
— Што дае перамога на прадметнай алімпіядзе такога ўзроўню? — пытаюся ў Алены Алегаўны.
— Мы не ставілі сабе мэты перамагчы любым коштам. Ехалі, каб яшчэ раз патрэніравацца, бо наша мэта — падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэставання. Зараз Віка на тэставанні набрала восемдзесят два балы. Падумалі: а чаму б і не ўсе сто! Наперадзе яшчэ два гады, у дзяўчынкі ёсць і здольнасць, і ахвота, выключная памяць, уменне працаваць самастойна, уседлівасць — склаліся ўсе перадумовы. Мы добра разумеем адзін аднаго, знайшлі агульную мову.
— Калі вы паспяваеце рыхтавацца? Урокі, секцыі ў Вікі, ды і вы чалавек заняты, да таго ж ездзіце з вёскі на працу, пасля ўрокаў трэба на аўтобус спяшацца.
— Выкарыстоўваем любую зручную магчымасць. Ды Віку і не патрэбна залішне апекаваць, дастаткова каардынаваць. Яна дапытлівая, большасцю працуе дома з кніжкамі, у інтэрнэце — усё аблазіць, усё, што трэба, знойдзе.
Чалавек сціплы, Алена Алегаўна больш расказвае пра вучаніцу, балазе Віка не надта гаваркая, пра сябе не ўмее гаварыць словамі, хіба толькі справамі. Між тым перамога кавалася імі ў творчым тандэме і была б немагчымая без сістэмнай працы настаўніка і яго несумненных прафесійных здольнасцяў. Ведаю Алену Алегаўну даўно як чалавека цікавага лёсу, творчага ва ўсіх адносінах — і педагога, і выхавальніка, і маці, і гаспадыні. Жывём жа побач, у адной вёсцы. Ну ды гэта ўжо іншая тэма…
Уладзімір МІХНО.
На здымку: настаўніца Алена Сільвановіч і дзесяцікласніца Віка Шабуня – у творчым тандэме.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>