Адстаўнік у Бароўцы зладзіў ва ўласным гаражы музей

21.1.16. бароўка. у паўлоўскага (38) Анатоль Паўлоўскі – чалавек ваенны. Любоў да вайсковай рамантыкі ў яго са  школы, з цягам часу перарасла ў мару стаць ваенным. Чвэрць стагоддзя  аддаў службе ў Савецкай арміі. Ужо больш за дваццаць гадоў, як знаходзіцца ў адстаўцы.

Болей як пяць гадоў таму пачаў збіраць ваенную атрыбутыку. Спачатку калекцыя змяшчалася ў некалькіх планшэтах, дзе  ў пэўнай сістэме размяшчаліся значкі,  металічныя эмблемы розных відаў войск, нарукаўныя нашыўкі і пагоны. З цягам часу рэчаў стала настолькі многа, што размясціць іх для паказу ў кватэры было немагчыма. Вядома, можна было захоўваць калекцыю ў чамадане, толькі час ад часу выстаўляць напаказ гасцям. Аднак Анатоль Аляксандравіч зрабіў па-іншаму. Хацелася, каб пра яго захапленне даведалася як мага больш людзей. Таму асновай будучай экспазіцыі стала сцяна ў гаражы, дзе знайшлося дастаткова месца, каб размясціць усе рэчы ў адпаведнасці з тэматыкай.

Цэнтральнае месца займае атрыбутыка Савецкай арміі: пагоны ад радавога да палкоўніка, нарукаўныя знакі адрознення радоў войскаў, пятліцы з эмблемамі. На асобным стэндзе — кукарды і значкі. Вялікая сапёрная рыдлёўка і процівагаз, лётны планшэт і кабура для пісталета сістэмы Макарава, свісток і компас — усе гэтыя рэчы знайшлі сваё месца ў экспазіцыі і сведчаць пра тое, як і чым была экіпіравана армія.

Частку стэнда займаюць шаўроны сучаснай беларускай арміі. Зараз кожная вайсковая часць мае свой нарукаўны знак, таму  збіраць іх можна бясконца. Аднак  Анатоль Аляксандравіч аддае перавагу  атрыбутам арміі савецкага перыяду.

У прыватным музеі Паўлоўскага можна не толькі паглядзець на экспанаты, але і прымерыць  кіцель ці галаўныя ўборы. Апошніх тут — на любы густ:  фуражкі, шлемы, пілоткі. Напрыклад,  хочаш “пераўвасобіцца” ў пагранічніка — калі ласка, прымярай зялёны бярэт. Выгляд грознага супрацоўніка дарожнай міліцыі прыдасць  адпаведная  фуражка і чорна-белы жэзл.

Цікавасць да міліцэйскай тэматыкі ў Анатоля Паўлоўскага  праявілася нездарма. Двое яго сыноў, Аляксандр і Віталь, пэўны час служылі ў міліцыі,  яны і папоўнілі адпаведнымі экспанатамі бацькаў музей. Быў створаны асобны куток. Тут можна прасачыць, як на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў удасканальвалася сімволіка і атрыбуты беларускіх праваахоўнікаў.

Анатоль Аляксандравіч пяць гадоў служыў у Германіі. Адтуль прывёз рэчы нацыянальнай народнай арміі ГДР. Распавядаючы пра гэта, ён засяроджвае ўвагу на тым, што многія прадметы, напрыклад салдацкая біклага, амаль не змяніліся з перыяду Другой сусветнай вайны. Яшчэ падлеткам Анатоль з сябрамі збіраў ваенныя рарытэты, у тым ліку і нямецкія, якіх засталося шмат пасля  фашысцкай акупацыі. Таму яму ёсць з чым параўнаць.

Музей у гаражы карыстаецца папулярнасцю, балазе наўкол шмат суседніх гаражоў, уладальнікі якіх былыя ці цяперашнія вайскоўцы.  Адстаўнікі з настальгіяй успамінаюць колішнюю  веліч Савецкай арміі, ваеннаслужачыя знаёмяцца з гісторыяй Узброеных Сіл. Ведаючы пра Анатолева захапленне, нясуць яму ўсё новыя і новыя экспанаты.

Паўлоўскі — чалавек рознабаковых інтарэсаў. Цікавіцца  гісторыяй свайго краю, любоў да якога яшчэ ў дзяцінстве прывіў яму бацька. Аляксандр Яфімавіч – настаўнік гісторыі і намеснік дырэктара Свядскай школы. Калі выпадае магчымасць, наведваецца ў Слабаду, дзе прайшло дзяцінства. Ён часты госць у мясцовай школе, асабліва ў краязнаўчым музеі, якому перадаў частку сваіх экспанатаў.

Валерый ТУХТА.

 На здымку: Анатоль Паўлоўскі дэманструе сваю калекцыю.

 Фота аўтара.

21.1.16. бароўка. у паўлоўскага (36)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>