Лепельскае прадпрыемства “Будаўнік”: учора, сёння. А што заўтра?

IMG_8556 да М-4 Камунальнае рамонтна-будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства “Будаўнік” з’яўляецца адным з трох малых камунальных будаўнічых прадпрыемстваў у вобласці, якія працуюць, выконваюць заказы. Гадоў з дзесяць таму іх было 23. Многія не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы, некаторыя не змаглі наладзіць рэнтабельную дзейнасць, і крэдыторская запазычанасць прывяла да банкруцтва. “Будаўнік” сёння таксама не ў лепшай форме, аднак кіраўніцтва не разгублена, кадравы патэнцыял не страчаны. Расказвае дырэктар Леанід Хацкевіч:

— Пры ўсіх праблемах і цяжкасцях нам удалося захаваць прадпрыемства. Не так даўно, пакуль надвор’е дазваляла, выконвалі фасадныя работы. У калектыве 45 чалавек – пераважная большасць вопытныя работнікі з багатым стажам. Пры гэтым пры патрэбе могуць падмяніць адзн аднаго: плотнікі – бетоншчыкаў, муляры – плітачнікаў. На вялікі жаль, з-за аб’ектыўных прычын заработная аплата знізілася. Так, калі летась сярэдні налічаны заробак за студзень быў каля 5,9 мільёна рублёў, то ў снежні склаў толькі каля 5,1 мільёна. Вядома, хацелася б болей, але…

— Што ж стрымлівае?

— Дэбіторская запазычанасць. Прадпрыемству не аплачаны работы на два мільярды рублёў.

— Як такое магло атрымацца?

— Самая вялікая доля – 1,1 мільярда рублёў – неаплата за будаўніцтва двух індывідуальных дамоў у Старым Лядне. Іх узвядзенне пачалося яшчэ ў 2013 годзе, заказчыкам выступіла ААТ “Лядна”. Асноўная крыніца фінансавання – банкаўскі крэдыт. Агульная сума заказа была каля 2,5 мільярда рублёў. Калі работы ўжо перайшлі за палову, фінансаванне прыпынілася, завяршаць будоўлю нам давялося за свае сродкі – 1,1 мільярда. У сярэдзіне 2014 года дамы былі ўведзены ў эксплуатацыю. Да гэтага часу заказчык не можа расплаціцца. За паўтара года інфляцыя ўдвая абясцэніла суму. Калі ў сярэдзіне 2014 года долар каштаваў восем – дзевяць тысяч рублёў, то напрыканцы 2015-га перакрочыў 18 тысяч. Аднак і пры гэтым 1,1 мільярда рублёў цалкам хапіла б, каб выплочваць заробак усяму прадпрыемству на працягу квартала. Ёсць яшчэ некалькі аб’ектаў, па якіх работы выкананы, але аплата пакуль што затрымліваецца. Аднак лядненская — самая вялікая пратэрмінавана дэбіторская запазычанасць.

— Як жа выжываеце ў падобных фінансавых умовах?

— Перакрываем страты за кошт іншых, прыбытковых, аб’ектаў. Ды і па пратэрмінаваных заказчыкі па меры магчымасці стараюцца запазычанасць пагасіць.

— Якія аб’екты апошніх месяцаў “Будаўнік” можа запісаць сабе ў актыў?

— Безумоўна, першым нумарам ідзе рэканструкцыя будынка сярэдняй школы №3. У 2014 годзе там было выкарыстана матэрыялаў і выканана работ амаль на дзевяць мільярдаў рублёў, прычым большая частка фінансавання патупала з рэспубліканскага бюджэту. У 2015 на гэты аб’ект было накіравана амаль чатыры мільярды, большасць работ выканаў “Будаўнік”.

Яшчэ адзін напрамак працы ў мінулым годзе – абнаўленне помнікаў. У прыватнасці, помнік Леніну на плошчы Свабоды. З 1970 года, калі ён быў узведзены, там не праводзілася падобных аднаўленчых работ, гранітныя пліты пачалі адвальвацца. Да Дзявятага мая ўсё было зроблена, свята Перамогі горад сустракаў з абноўленай галоўнай трыбунай, а мы заробілі 170 мільёнаў рублёў.

Шмат зроблена і ў вёсках, прыведзены ў парадак помнікі на месцах пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Напрыклад, рэканструкцыя двух помнікаў у вёсках Крайцы і Саўскі Бор Домжарыцкага сельсавета каштавала 274 мільёны рублёў, у вёсцы Барсукі Слабадскога сельсавета – 150 мільёнаў. Словам, стараемся зарабіць усюды, дзе адкрываюцца магчымасці.

— Апісаныя аб’екты – заказы ад дзяржавы, раённых улад. А ці праяўляюць цікавасць да вас прыватныя заказчыкі?

— Праяўляюць, але ў агульным аб’ёме іх заказы мізэрныя, каля аднаго –двух працэнтаў. Часцей за ўсё людзі набываюць у нас вагонку, якую, дарэчы, мы вырабляем самі. Заказваюць у нас паслугі спецтэхнікі. Амкадор, каб выкапаць катлаван ці разраўняць пляцоўку, пагрузіць грунт ці пясок на машыну. Бывае, заказваюць грузавыя машыны для перавозкі пяску, піламатэрыялаў ці іншых грузаў. Карыстаюцца і паслугамі пад’ёмнага крана. А ў астатнім людзі, прыватныя забудоўшчыкі стараюцца эканоміць дзе толькі магчыма і як мага больш будаўнічых работ выконваюць самі.

— Наколькі сфарміраваны партфель заказаў на 2016 год?

— Не вельмі шмат, аднак сёе-тое ёсць, на першы час хопіць. 1,5 мільярда рублёў яшчэ трэба будзе асвоіць на рамонце СШ№3, завяршыць унутраную аддзелку і фасад. Яшчэ 500 мільёнаў рублёў плануецца выдзеліць на рамонт гімназіі, там патрабуецца наладзіць камунікацыі ў падвальных памяшканнях. Запланаваны і рамонт помніка ў Чарэйшчыне на 200 мільёнаў рублёў. Гэта толькі тыя аб’екты, дзе мы ўжо выйгралі тэндар.

У бліжэйшы час будзе праводзіцца тэндар на капітальны рамонт дзіцячага садка ў вёсцы Заслонава, у яго плануецца ўкласці 1,2 мільярда рублёў. Там патрэбна рамантаваць фасад, замяняць дах, вокны, рабіць добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

— Чытаў у газетах і інтэрнэце пра факты недобрасумленнай канкурэнцыі пры правядзенні тэндараў.

— Я з гэтым сутыкнуўся непасрэдна ў мінулым годзе. Па этычных прычынах не буду называць канкрэтныя назвы, аднак… Адна лепельская арганізацыя, фінансуемая з бюджэта, планавала праводзіць капітальны рамонт свайго будынка, выставіла для агульнага агляду тэндарную прапанову. Напачатку агучвалася сума ў 4,7 мільярда рублёў –- вельмі неблагія грошы. Мы з эканамістамі агледзелі аб’ект і прыйшлі да высновы, што можам узяцца зя яго пры цане ў 4,2 мільярда рублёў, пры такім фінансаванні цалкам укладзёмся ў каштарыс, нават будзем з некаторым прыбыткам. Аднак у дзень правядзення тэндара з’явіліся яшчэ шэсць прыватных рамонтна-будаўнічых фірм і як пачалі абвальваць цану! Словам, таргі спыніліся на цане ў 1,9 мільярда рублёў. Я ўжо больш за 20 гадоў працую ў будаўнічай галіне, за гэты час навучыўся з пэўнай доляй дакладнасці ацэньваць аб’ём рамонтна-будаўнічых работ нават наўскідку, без дапамогі эканамістаў. Аднак у гэтым выпадку падумалася, якімі рэзервамі пераможцы тэндару збіраюцца рабіць аб’ект. А яны, як аказалася, і не збіраліся – проста ўзялі перадаплату і вадой разліліся. Заказчыкам давялося тэрмінова шукаць дадатковыя сродкі. Цяпер яны, спадзяюся, зрабілі высновы з прымаўкі пра скнару, які плаціць двойчы.

Васіль МАТЫРКА.

IMG_8549 да М-4

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>