Грант Еўрасаюза – у Домжарыцы. Як героі міфаў і легенд атрымаюць свой музей на лепельскай зямлі

Бярэзінскі біясферны запаведнік атрымаў грант ад Еўрапейскага саюза на праект, звязаны з зялёнай эканомікай, на 120 тысяч еўра. А цяпер паглядзіце на фота. Знаёмцеся – Лізавета Сідарэнка, аўтар ідэі, на рэалізацыю якой і выдзяляюцца 120 тысяч еўра.

Лізавета нарадзілася і вырасла ў Мінску, з залатым медалём скончыла школу. Далейшы жыццёвы шлях вырашыла звязаць з турыстычнай галіной – паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, скончыла яго з чырвоным дыпломам і стала спецыялістам па турызме. І вось тут жыццё закруціла свой чарговы нечаканы паварот – мінчанку, гарадскую дзяўчынку размеркавалі ў Брэзінскі біясферны запаведнік.

Разам з Лізаветай туды ж размеркавалі і Аляксея Рымшу, яе жаніха, выпускніка гэтага ж факультэта, маладым спецыялістам выдзелілі службовую кватэру. А праз месяц-другі у той жа турыстычны аддзел прыйшоў і іх аднакурснік Арцём Дамуць. У адным кабінеце сабраліся трое маладых, ініцыятыўных сяброў, і закруцілася…

Адной з ініцыятыў і стала ідэя Лізаветы – стварэнне цэнтра міфалагічнага турызму. Дарэчы, гэта была тэма яе дыпломнага праекта, так што менавіта Домжарыцы далі магчымасць для самарэалізацыі.

У Бярэзінскім запаведніку жыве міфічная істота – Балотнік. Там для яго прастора – тысячы гектараў балот, лясоў, поймаў рэк і ручаёў, яго падданыя – жабы, змеі, птушкі і жывёлы. Вакол Балотніка здавён-даўна віюцца легенды, паданні, казкі.

Аднак не адным Балотнікам славіцца зямля беларуская, ёсць у нас цэлы пантэон багоў і духаў, якія перажылі хрысціянізацыю, а потым – камунізм з атэізмам. Лізавета прапанавала сабраць іх пад адным дахам – у цэнтры міфалагічнага турызму.

Пад цэнтр выдзяляецца будынак канторы домжарыцкага лясніцтва. Леснікі пераязджаюць у іншы будынак. Але ж кантора лясніцтва гэта адно, а цэнтр турызму – зусім іншы профіль, трэба пераабсталёўваць, перабудоўваць, каб адпавядаць новым рэаліям.

Моладзь прапанавала перабудаваць былую кантору па прынцыпе зялёнай эканомікі – з выкарыстаннем сонечных батарэй, сонечных калектараў, з прымяненнем экалагічных і энергазберагальных тэхналогій. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы заяўкі на грант, суправаджэнні яе аказала беларускае таварыства “Адпачынак у вёсцы” і яго кіраўнік Валерыя Кліцунова. Ужо ў студзені павінны пачацца практычныя работы.

А пакуль што на плечы Лізаветы, Аляксея і Арцёма – кладуцца клопаты па непасрэднай рэалізацыі задум. Ну і, вядома, па генерацыі новых. Бо ў любой справе самае галоўнае – добрая ідэя.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>