У якіх лепельскіх можна лавіць рыбу без набыцця пуцёўкі

У рэдакцыю патэлефанаваў лепяльчанін Міхаіл Грынянкоў і задаў наступнае пытанне:

— З’яўляюся членам Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, люблю правесці вольны час з вудай. Аднак апошнім часам у газеце рэгулярна публікуюцца паведамленні аб парушальніках, якія незаконна здабывалі рыбу на арандаваных азёрах. Прашу вас апублікаваць спіс арандаваных азёр і ўказаць, якія абмежаванні там дзейнічаюць. Загадзя ўдзячны.

Усяго ў арэндзе знаходзяцца 11 азёр Лепельшчыны. Для арганізацыі аплатнага аматарскага рыбалоўства або прамысловага рыбалоўства выдзелены азёры Сокальскае, Несіна, Астроўна, Заружанне, Сверзна, Неграза, Мухна, Чаросава, Воласна і Бярэшча. Для арганізацыі толькі прамысловага рыбалоўства ДЛГУ “Лепельскі лясгас” выдзелена возера Доўгае.

На азёрах, арандаваных для арганізацыі аплатнага аматарсакага рыбалоўства, рыбу можна лавіць толькі па пуцёўках арандатараў. Прычым, і звычайныя рыбаловы, і члены Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПіР) набываюць пуцёўкі на аднолькавых падставах, членскі білет ніякіх прэферэнцый не дае. Арандатар самастойна налічвае аплату, вызначае спосабы рыбалоўства, якія рыбалоўныя прылады можна выкарыстоўваць.

Продаж пуцёвак для аплатнага аматарскага рыбалоўства могуць весці толькі тыя арандатары і карыстальнікі вадаёмаў, якія стварылі належныя ўмовы і строга прытрымліваюцца дагавораў аб перадачы ў арэнду. У прыватнасці, арандатар абавязаны зарыбляць вадаём згодна з рыбна-біялагічным абгрунтаваннем, праводзіць добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, наладзіць пад’езд, стварыць і падтрымліваць зручныя ўмовы для рыбаловаў, сачыць за санітарным станам і г.д. Як толькі зроблены гэтыя мерапрыемствы, камісіяй складаецца акт, які зацвярджаецца ў аблвыканкаме. На падставе гэтага дакумента арандатару дазваляецца прадаваць пуцёўкі. На пачатак года акты мелі толькі ТДА “ЛябурХантФіш” (возера Сокальскае) і ЗАТ “Еўраэкасэрвіс” (азёры Астроўна і Заружанне). Толькі там рыбаловы-аматары абавязаны набываць пуцёўкі. У ТДА “ЛябурХантФіш” пуцёўка для аднаго рыбалова на дзень каштуе 250 тысяч рублёў, у ЗАТ “Еўраэкасэрвіс” – 50 тысяч. Акрамя гэтага, апошнія практыкуюць продаж абанементаў на месяц.

Рашэннем Віцебскага аблвыканкама №693 ад 29 кастрычніка 2015 года прадастаўлены льготы для аматарскага рыбалоўства жыхарам бліжэйшых і прылеглых да арандаваных вадаёмаў населеных пунктаў. Напрыклад, жыхары вёскі Доўгае могуць мець льготы пры рыбалоўстве на возеры Сокальскім. На возеры Астроўна – вёскі Астроўна і Паземшчына; возера Заружанне – вёска Заружанне. Жыхары гэтых вёсак набываюць аднаразовыя пуцёўкі з 50-працэнтнай зніжкай. Азёры Сверзна, Мухна, Воласна і Доўгае – лясныя, населеных пунктаў паблізу не маюць.

Нагляд за аматарскім рыбалоўствам на арандаваных азёрах ускладзены на ўпаўнаважаных прадстаўнікоў арандатараў. Яны маюць права спытаць пуцёўку, пры яе адсутнасці — прапанаваць набыць. Калі ж рыбалоў упарта не жадае дзейнічаць па законе, выклікаюцца інспектары з інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету або інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і на парушальніка складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, па якое прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

На возеры Неграза арандатарам – УП “Лепельскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” – не арганізавана аплатнае аматарскае рыбалоўства, таму ім можа займацца на вадаёме любы жадаючы на агульных падставах. Рыбалоў-аматар мае права выкарыстўваць прылады з не больш, як пяцю кручкамі. Пры гэтым не маё значэння, ёсць у яго білет БТПіР – усё роўна не больш за пяць кручкоў.

Такія ж правілы адносна рыбаловаў-аматараў дзейнічаюць і на возеры Доўгім, арандаваным ДЛГУ “Лепельскі лясгас” толькі для прамысловага рыбаводства.

Усе астатнія вадаёмы Лепельшчыны залічаны ў дзяржаўны фонд запасу рыбалоўных угоддзяў. Рыбалоў-аматар мае права вудзіць рыбу прыладамі з колькасцю кручкоў не больш як пяць штук. Член Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў мае права лавіць на дзесяць кручкоў.

Акрамя гэтага, на азёрах Лепельскае, Бобрыца і Какісіна дзейнічаюць абмежаванні. Там нельга здабываць рыбу спосабамі падводнага палявання і тролінгу – лоўлі на дарожку.

Напрыканцы для рыбаловаў-аматараў змяшчаем кантактныя даныя арандатараў для папярэдняга заказу пуцёвак. Возера Сокальскае – ТДА “ЛябурХантФіш” – тэлефоны 6-13-92 або 8-044-579-91-57 (Velcom). Азёры Астроўна і Заружанне – ЗАТ “Еўраэкасэрвіс” – тэлефоны 6-29-07, 8-044-771-18-86, 8-044-771-18-84 (Velcom) або 8-029-299-92-92 (МТС).

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>