Чалавек і сапраўды абмежаваны ў сваіх магчымасцях, не заўсёды можа спасцігнуць неспасцігальнае…

12Чаго ні знойдзеш на шырокіх прасторах інтэрнэту. Аднойчы напаткаў выказванне, прачытаўшы якое, напэўна, задумаўся б любы.
«Немагчыма сказаць, хто такі Бог. Калі мы намагаемся пра Яго гаварыць, то кажам, хутчэй, кім Ён не ёсць, чым Хто і Які Ён ёсць. Мы прызнаём, што Ён — Дух, а гэта перш за ўсё азначае, што Ён — Істота нематэрыяльная і бесцялесная. Ён іншы, чым усё, што нас акружае. Мы прызнаем, што Ён — Мудрасць, але гэта перадусім азначае, што Ён мудры не ў тым сэнсе, у якім гаворыцца пра мудрага чалавека. Мы прызнаем, што Ён — вольны, бо робіць усё паводле сваёй волі і згодна са сваёю Мудрасцю і Любоўю. Але Ён вольны не ў тым сэнсе, у якім вольны чалавек, абмежаваны ў сваіх магчымасцях дзейнічаць як звонку, так і знутры… Але ж мы гаворым: Бог — гэта Мудрасць, Бог — Вольны, Бог — гэта Любоў… Прызнаём за Богам усё тое, што ў нас саміх лічым несумненна вартасным. Але Бог бясконца, неспасцігальна, невыказна Мудры, Вольны і Любячы!»
Хіба тут паспрачаешся? Чалавек і сапраўды абмежаваны ў сваіх магчымасцях, не заўсёды можа спасцігнуць неспасцігальнае… Хаця нас, людзей, якія выраслі і атрымалі выхаванне ў «бязбожную» савецкую эпоху, вучылі, што менавіта сам чалавек — тварэц свайго лёсу. Пасля я не раз пераканаюся, што гэта не так, як кажуць: “Ты на гару, а чорт за нагу”. Пераканаюся — нехта ёсць, ён кіруе, ён дыктуе, ён распараджаецца.
Нам, людзям з савецкай эпохі, цяжка ўявіць Бога, бо нас вучылі матэрыялізму, а ён нематэрыяльны. І таму мы яшчэ не хутка да яго прыйдзем… Ці прыйдзем?..
Айцец Сергій, настаяцель Храма Праабражэння Гасподня, насамрэч Сяргей Андрэевіч Ляшкевіч. Мы бачым святароў на службе, прыходзім да іх па параду, паспавядацца, але ці багата мы ведаем пра іх звычайнае, асабістае жыццё? Вось перада мною трыццаціпяцігадовы чалавек, усмешлівы, шчыры, цікавы суразмоўца, хіба што апрануты па-іншаму, чым мы, людзі свецкія. Усміхаючыся, ён даводзіць мне, што гэткі ж самы, як і іншыя, ахвотна распавядае сваю біяграфію.
На Століншчыне ёсць буйная вёска з цікавай назвай Рубель. У тым палескім рэгіёне, зрэшты, большасць вёсак буйныя — па дзве, тры, пяць тысяч жыхароў. Гадоў дзвесце таму ў роднай вёсцы Ляшкевіча пабудавалі Міхайлаўскую царкву без адзінага цвіка. А ўжо ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя побач узвялі яшчэ адзін Храм — ужо з каменя. Магчыма, паўплывала тое, што на Століншчыну савецкая ўлада прыйшла толькі ў трыццаць дзявятым, але людзей так і не паспелі абязбожыць. У Храмах пад час службы не было дзе і яблыку ўпасці. Дзяцей хрысцілі адкрыта. Ляшкевіч прыгадвае, як хрысцілі яго сястру ў восемдзесят пятым годзе і па вёсцы пранесліся на фурманках са званочкамі.
Рос Сяргей у сям’і вернікаў. Асабліва моцна верыла бабуля. Бывала, на строгім пасту яна і да агульнага стала не прысядзе. Жанчына адна гадавала дзяцей, бо дзядуля Семіён, вярнуўшыся з вайны, у хуткім часе памёр. Бацька Сяргея Андрэй Ляшкевіч сам трохгадовым застаўся без бацькі. Тры класы школы закончыў — і працаваць!
Бабуля стала для ўнука прыкладам сямейнай адданасці. Пахаваўшы мужа, яна пражыла восемдзесят шэсць гадоў, але ў шлюб болей так і не ўступіла.
Бацькі Сяргея былі звычайнымі сялянамі, шчырымі працаўнікамі. Мелі дзве, а то і тры каровы, расцілі чатырох дзяцей.
Хлопец закончыў адзінаццаць класаў і падаўся ў Пінск у індустрыяльна-педагагічны каледж. Здавалася б, гэта свецкая навучальная ўстанова не магла мець ніякага дачынення да той мэты, якую паставіў сабе Сяргей яшчэ ў юнацтве і да якой ішоў — служыць Богу. Аднак нельга сказаць, што і індустрыяльныя, і педагагічныя яго навыкі сталіся лішнімі. Яшчэ вунь як згадзіліся ў жыцці! Вясной закончыў каледж, а ўжо ўвосень паступіў у Віцебскую духоўную семінарыю на пастырскае аддзяленне. Прымае духоўны сан. Па заканчэнні едзе працаваць у Лепель…
Аднак чакайце, паміж гэтымі падзеямі здарылася ў жыцці Сяргея Ляшкевіча і яшчэ адна, можа, самая значная — жаніўся. Са Святланай ведаліся яшчэ са школы ды і кахаліся ўжо ў старэйшых класах. Жонка таксама з сям’і шчырых вернікаў, закончыла Бабруйскае медвучылішча, працавала медсястрой. Яна ведала, за каго выходзіць замуж, і была гатовая прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу. Нейкі час жылі ў Рубелі. Бацькі з абодвух бакоў дапамаглі купіць дом, кампенсаваўшы дзве траціны яго кошту. Трэцюю частку ўсклалі на маладых. Сяргей лічыць гэта правільным, бо трэба, каб ужо замалада чалавек ведаў сваю долю адказнасці за ўласную будучыню.
Аднак у новай хаце доўга не пажылі — паехалі ў Лепель.
— Матушка Святлана плакала, — прызнаецца айцец Сергій, — калі я ўжо ў вёсцы Забаенне сказаў ёй, што гэта пачынаецца Лепель. “Куды ты мяне прывёз?” Пасля Століншчыны Лепельшчына выглядала нашмат бядней. А зараз прывыклі. Палюбілі гэты горад. Ад’едземся, а жонка ўжо кажа: “Паехалі дадому”.
У Лепелі давялося і на кватэры пажыць, і на здымнай хаце пакватараваць, пакуль у Старым Лепелі не атрымалі дом як чарнобыльскія перасяленцы. У Ляшкевічаў чацвёра дзяцей. Двое з іх, Дар’я і Андрэй, нарадзіліся яшчэ на Століншчыне. Аляксандр і Серафіма — ужо на Лепельшчыне. Лёс гэтай сям’і зусім не бязвоблачны. На вялікі жаль, старэйшы сын Андрэй цяжка хворы ад нараджэння. Аднак пра тое, каб скінуць з сябе гэты цяжкі крыж, наканаваны Богам, нават і размовы ніколі не было. Бог пасылае выпрабаванні тым, каго любіць, і шле іх столькі, колькі чалавек здольны вытрымаць.
Сялянская жылка заўсёды ў Сяргея Ляшкевіча была моцнай. Вось і зараз у яго агарод, градкі, парнікі. Свая бульбачка, агурочкі, памідоркі. У садзе маладыя яблынькі даюць ужо шчодры ўраджай, крыжоўнік, маліна, клубніцы спеюць улетку. У хлеве рохкаюць парсючкі, раней трусоў гадавалі, ды звяліся, зараз перайшлі на курэй. Якіх толькі парод курэй у іх нямашака!
Агарод айцец Сергій абрабляе сам. Купіў трактарок, сам зманціраваў да яго плугі — вось дзе спатрэбіліся інжынерныя навыкі. Прычэп зварыў — ужо восем гадоў служыць.
У Бога дзён многа. Сёмы, у нядзелю, Ляшкевічы заўсёды адпачываюць. Аднак Бог дае так, што паспяваюць усюды — і на службе, і на гаспадарцы, і іншым у дапамозе ніколі не адмовяць.
Служыць айцец Сергій, як вядома, настаяцелем Храма Праабражэння Гасподня. Храм пабудавалі дзевяць гадоў таму, а да гэтага тры гады служыў у царкве Параскевы Пятніцы памочнікам у айца Сергія.
Святар — не толькі той чалавек, які нясе службу ў царкве. Ляшкевіч з’яўляецца памочнікам благачыннага па адукацыі. Вось тут прыйшліся дарэчы і яго педагагічныя навыкі.
— Аднойчы зайшоў я ў дзіцячы прытулак, — расказвае айцец Сергій, — яшчэ калі прытулак знаходзіўся па Мінскай шашы. Заўсёды дамапагаем установе, прыходзім да іх, канцэрты арганізоўваем. Ходзім з дзецьмі ў паходы — сумесна з СШ №1 і нядзельнай школай. Вось летась, напрыклад, пачалі паход са Слабады, дзе загінуў святар, затым пайшлі ў Валосавічы на святую крыніцу, былі на могільніку камянёў з крыжамі. Другі паход быў на Заслонава, дзе таксама былі ля купелі, купаліся, начавалі на бліжэйшым возеры, правялі акцыю па зборы смецця і сустрэчу ў вайсковай часці. Працаваў духоўнікам у дзіцячым праваслаўным аздараўленчым летніку ў Варонах.
Айца Сергія Ляшкевіча ўбачыш на ўручэнні позваў у армію і на сустрэчах у МНС, сярод ліцэйскай моладзі — за гутаркай пра шкодныя звычкі і на спаборніцтвах па валейболе сярод школ горада і раёна. А як жа! Ён сам гуляе ў валейбол яшчэ з дзяцінства, калі вучыўся ў каледжы, выступаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах і амаль дайшоў да майстра спорту.
Аднак асноўная справа святара — Богу служыць, правіць малебен. Храм Праабражэння Гасподня, дзе служыць айцец Сергій, заўсёды поўніцца народам — прыхаджанамі і захаджанамі. Прыход у Храме надзвычай вялікі. Вернікі цягнуцца да Ляшкевіча душою, бо адчуваюць у ім не проста духоўнага настаўніка, але і чалавека добрага, паважаюць.
— Вось вы даволі малады святар. Не адчуваеце сябе ніякавата ў ролі духоўнага настаўніка перад людзьмі пажылымі з вашага прыходу? Як-ніяк старэйшыя.
— Не адчуваю, бо, хоць у мяне і болей духоўнага досведу, аднак стаўлюся да іх, як да бацькоў.
— А ў вас ёсць свае куміры ці хаця б людзі, вартыя пераймання?
— Куміраў няма, гэта грэх. Гасподзь сказаў: “Не сотвори себе кумира”. А запытацца парады ў мудрых — чаму б і не? Я таксама вучуся ў людзей.
— Што ў жыцці галоўнае?
— Пакаянне — што азначае ўменне мяняць сваё жыццё.
— Як вы ставіцеся да вернікаў іншага веравызнання, іншых канфесій, да людзей, якія яшчэ не прайшлі шлях да Бога?
— Скажу адным словам — любім. Людзей любіць трэба. У святым пісанні сказана: «Возлюби ближнего, яко ты любишь самого себя». Гэта не азначае, што мы, хрысціяне, падзяляем погляды гэтых людзей.
— Вы шчаслівы чалавек?
— Я шчаслівы, што нарадзіўся хрысціянінам…
…Неяк на адным з надмагільных помнікаў прачытаў эпітафію: “Кожны з нас прыйдзе да Бога шляхам і часам сваім”. Спадабалася. У размове з айцом Сергіем Ляшкевічам зноў прыгадаў гэтыя словы і падумаў: “Людзей сапраўды любіць трэба, паважаць іх погляды і перакананні. А шляхі да духоўнасці ў кожнага розныя”.
На здымку: айцец Сергій Ляшкевіч са сваёй сям’ёй.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>