Успаміны пра паветраны бой

578 Віктар Шуманскі выпісвае і чытае раённую газету многія дзесяцігоддзі, а вось даслаць ліст у рэдакцыю адважыўся толькі нядаўна, упершыню ў жыцці. Падставаю з’явіўся дзіцячы ўспамін. У той час маленькаму Віцю было ўсяго сем гадоў.

Вось як апісвае Віктар Аляксандравіч той памятны летні дзень сорак чацвёртага года:

«Свяціла сонца. Высока ў небе ляцелі два самалёты і стралялі. Былі бачны клубочкі дыму. Раптам адзін задыміў і паляцеў у бок вёскі. Пакуль мы прыбеглі, самалёт ужо ляжаў на зямлі і гарэў. А другі забраў лётчыка і паляцеў. Нас вайскоўцы адагналі. Назаўтра мы прыбеглі зноў, усё згарэла. Ад самалёта засталася адна рама…»

Далей у лісце Віктар Аляксандравіч выказаў спадзяванне, што нам, магчыма, нешта вядома пра той паветраны бой і пра лёс лётчыка, паколькі газета выходзіць з 1930 года.

На жаль, мы не можам наўпрост адказаць на пытанні, якія задаў даўні сябар нашай газеты. Прайшло шмат гадоў. Аднак спа­дзяванні, што адгукнуцца іншыя сведкі гэтай падзеі, якія, магчыма, ведаюць больш, застаюцца.

Пакуль жа мы вырашылі бліжэй пазнаёміцца з яшчэ адным пастаянным чытачом.

Зараз Віктар Шуманскі жыве ў Старым Лядне, куды пераехаў неўзабаве пасля жаніцьбы. Жонка яго Таццяна родам з Казін­шчыны. А сам ён з Заві­дзічаў. У Лядне купіў хату, прадаўшы ў Завідзічах бацькоўскую. У ёй і дажываюць свой век. Віктару Аляксандравічу семдзесят дзевяць, жонка на пяць гадоў маладзейшая. Доўга хату дабудоўвалі, даводзілі да ладу, пакуль не займела яна цяперашні выгляд: утульная, цёплая, светлая. Правялі газ, памянялі вокны, абставілі мэбляю і бытавой тэхнікай, тэлевізар сучасны купілі. Вядома, наўрад ці адолелі б удвух, каб не дапамаглі дзеці. У іх двое сыноў. Сяргей у Расіі. Ён, як і бацька, ваенны, зараз ужо на пенсіі. Алег працуе вадзіцелем і жыве ў Мінску. У Шуманскіх чацвёра ўнукаў і ўжо дачакаліся праўнучкі, імя якой, Юліяна, прабабуля ніяк не можа запомніць.

Раней бы дзяўчынку звалі проста Ульянай… І імёны былі іншыя, і людзі, і лёсы…

Аляксандр Шуманскі загінуў на вайне.

— На фінскай куля прастрэліла бацьку грудзі навылёт, — успамінае Віктар, — у сорак трэцім немцы занялі Завідзічы і паціснулі мясцовых жыхароў. Сагналі ў хату па дзве-тры сям’і. Хацелі пустыя хаты спаліць, ды жанчыны прасіцца сталі — і выпрасілі. Хаты пакінулі. Ад Завідзічаў лес кіламетры за тры. Прыходзілі партызаны. Бацька падтрымліваў з імі сувязь. А дзядзька Васіль і цётка Маня ўвогуле ў партызаны пайшлі. Сястра бацькава працавала ў камендатуры, і вось праз яе бацька набыў нейкія дакументы ці бланкі. Нёс іх дадому, а на мосце патруль арыштаваў. Пасадзілі ў турму. Маці некалькі разоў перадачы яму насіла. Уратавацца не здолеў — расстралялі.

Пра гісторыю з паветраным боем над Завідзічамі Віктар Аляксандравіч распавёў наступнае:

— Мы тады з сябруком Генкам Шуманскім былі ля Лепельскага возера. Бачылі, як самалёт, пакідаючы шлейф густога дыму, пачаў зніжацца і ўпаў дзесьці за паўкіламетра ад вёскі. А мы хлапчукі дапытлівыя былі, хвілін праз дваццаць туды прыбеглі. Усё гарэла, і я ўбачыў, як адлятае самалёт з чырвоным крыжам на борце. Таму мяркую, што лётчыка выратавалі. Як я ўжо пісаў, нас разагналі ваенныя на конях, а назаўтра мы толькі раму ўбачылі, яна жалезная, не згарэла. Пасля яе зацягнулі ў кузню і перакоўвалі на іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. А яшчэ кулямёт убаку ляжаў. Генка кажа: «Зараз я табе цацку падару». Хацеў яго разабраць, а той як стрэліць… Мы спалохаліся і пабеглі дадому. Генка зараз у Бароўцы жыве…

…Пасля вайны Віктар Шуманскі, як ён кажа, «перабежкамі» закончыў шэсць класаў і паехаў вучыцца ў ФЗВ. Адправілі працаваць аж у Карэла-Фінск. Аднак туды праўдамі-няпраўдамі не паехалі. У выніку юнак апынуўся ў Віцебску, дзе абуладкоўвалі дамы: капалі канавы пад каналізацыю, дранку пілавалі і г.д. А потым дваццаць сем гадоў ён служыў у Бароўцы на артбазе стралком. Адметна, што на пенсію пайшоў у шэсцьдзясят гадоў, як грамадзянскі чалавек. І пенсія невялікая. Сыны з унукамі дапамагаюць.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: даўні сябар нашай газеты Віктар Шуманскі.

 Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>