Мой родны бор, як ты мне мілы

Мой родны Бор туліцца ў маляўнічым куточку  Лепельшчыны. Чаму завецца Бор — зразумела. 3 усіх бакоў акаймавана вёска “гонкім лесам”, як казаў некалі мой дзед, блукаючы са мной па запаветных  сцежках. Дзядуля, бывала, прыпыняўся, заціхаў, глядзеў у вышыню, аблашчваў далонню  камлюкаватую сасну і прыгаворваў: “Глядзі, якая гонкая”. I я моўчкі глядзела, і любавалася. Дужа любіў ён хадзіць па Мазнікоўскім лесе, што ў Бары за возерам.

Гэта месца яго сям’і, пачатак усяго нашага роду Хаткевічаў (маме не трэба было мяняць прозвішча пасля шлюбу — і яна, і тата з нараджэння былі Хаткевічы). У мазнікоўскіх мясцінах на самым высокім узгорку дагэтуль зеўраюць з зямлі некалі вырытыя, зараз зарослыя вялікія яміны, у якіх сям’я хавала на зіму бульбу. На месцы колішніх хат ляжаць падмуркавыя камяні, побач шапочуць лістотай замшэлыя яблыні і чорны здзічэлы сліўняк. Над усім гэтым хутарком высіцца вялікая стогадовая каралева — ліпа. Здаецца, яна цягнецца да нябёсаў, а пад ёй, унізе, шамаціць разнатраўе: высокая густая трава, а паабапал дарогі, некалі шырокай, — расце толькі шчаўе, і больш нічога.

У 1996 годзе, улетку, я па пояс блукала па гэтай траве — прыйшла пакланіцца родным мясцінам у стогадовы юбілей з дня нараджэння майго дзядулі Васіля Антонавіча Хаткевіча — і недалёка ад векавечнай ліпы раптам як бы аслупянела: над зараснікамі травы зіхацела вогненна-чырвоная, некалі пасаджаная роднымі ў палісадніку кветка. Яна ўзвышалася такой прыгажуняй на зялёным дзікім полі, ківала сваёй чырвонай галоўкай як знак таго, што тут жылі людзі, што жыццё неўміручае, нязгаснае.

Скончыўся іх зямны шлях. А людзі памятаюць дзеда Васіля з сякерай у руках (казалі, што няма ў Бару хаты, якую  б ён не дапамагаў будаваць). Я памятаю яго схіленую галаву, калі ён падхапіў на рукі ўжо змярцвелую бабулю. Яна і сканала ў яго на руках. Дзядуля яшчэ дзесяць год жыў пасля яе: араў, касіў, будаваў, разводзіў пчол — усё рабіў на карысць сям’і і калгаса. Ніколі ніхто не чуў ад яго словаў скаргі, ён быў заўсёды стрыманы, прыстойны, сапраўдны гаспадар: яго пасляваенная хата і вялікі сад у Бары — калыска маёй сястры і маёй дачушкі Алесі. Хата стаіць высока, з абодвух яе бакоў азёры: з усходу — Некалач, з захаду — Прудзец. Некалач — сапраўднае возера, вялікае, шырокае: на адным яго беразе Бор, на другім — Мазнікі. А невялічкі Прудзец зарастае з усіх берагоў, становіцца падобным на балота (левы яго бераг ператварыўся ў балота). Дарэчы, возера вельмі рыбнае, і вада ў ім мяккая, настоеная на травах.  Дзядуля садзіўся на кладцы, апускаў у ваду хворыя ногі і доўга трымаў, каб загойваліся. Гэтае возера корміць усю вёску: на адным беразе рыба, журавіны, на другім — грыбы, арэхі. Вось так і стаіць наш Бор паміж двух азёраў. Малайцы продкі, ведалі дзе сяліцца!

***

 “Я так люблю свой Бор”, ~ пачула я гэтыя словы ад Надзі Паланеінай зусім нядаўна на нашым двары, калі мы ўсе сабраліся на Радаўніцу ў родных мясцінах. Мая сястра спрабавала ёй нешта пярэчыць, казала пра адпачынак на моры (а яна ведае ў гэтым толк), толькі словы яе гучалі непераканаўча, і ўсім нам у той момант стала зразумела, што даражэй за наш Бор нічога ў свеце няма.

З ахвотай сяліліся тут людзі, гадавалі дзяцей, працавалі, многія з іх ужо адышлі ў нябыт. Сям’я Швец мела чацвёра дзетак, з іх дзве дачушкі-прыгажуні, вядомыя незвычайнымі цудоўнымі галасамі. У сям’і Хадоры Петух выгадавалася тры сыночкі-дубочкі і дачка Ядзвіга. Усе даўней ведалі, што нідзе не растуць такія парсюкі, як у Хадорыным хлеве. А калі наша маці што-небудзь шукала ў хаце і не знаходзіла (соль, запалкі), бацька, смеючыся, казаў: “Пазыч у Хадоры, у яе ўсё ёсць”. Яна была сапраўдная гаспадыня. У сям’і Гірынскіх вырасла пяцёра таленавітых дзяцей, адзін аднаго разумней — усе яны былі лепшымі вучнямі нашай Борскай пачатковай школы. “Галавастыя”, казалі пра іх, “усе ў бацьку”. Старэйшая з іх, Зінаіда Васільеўна, ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай матэматыкі ў Бароўскай сярэдняй школе, а малодшы сын Уладзімір  зараз кіруе ў Лепелі ДРБУ-202. Сям’я Паланеі Палтарачанка – самая, мусіць, руплівая, ніхто больш не збіраў больш ягад, грыбоў. Кожны куточак лесу яны абойдуць па два разы на дзень: і сабе збяруць, і дзяржаве здадуць — трэба ж капеечка, каб дзетак расціць, вучыць.

Сям’і Субач у вёсцы ўжо няма: памерлі бацькі, якія яшчэ раней пахавалі свайго сына. У хаце іншыя людзі, а памяць пра гаспадароў вечная, таму што Ніна Міхайлаўна Субач была першая і адзіная настаўніца ў нашай колішняй Борскай пачатковай школе. Яна вучыла нас чытаць, пісаць, вышываць, спяваць, слухаць, паважаць людзей… I зараз памятаю тую школьную “ёлку”: як жа было весела, які цудоўны быў Дзед Мароз!

Праз дарогу ад Субач жылі Зызо. Дзеці іх разышліся па свеце, а ў роднай хаце жывуць унукі, такія ж працавітыя і гаспадарлівыя, як іх бацькі і дзяды: самы вялікі сад быў у іх дзеда Данілы Зызо, і ні ў каго не было столькі мёду, як у Данілы. Адпрацавалі ўсё жыццё ў калгасе і сваю добрую гаспадарку мелі Варвара, Еўфрасіння Анастасія і Сцяпан Флют. Адышла ў вечнасць старая Батранчыха, не дачакаўшыся з вайны свайго мужа. Так назаўсёды і засталася ўдавой. Няма болып шляхцянкі Караліны, якая для ўсіх было прыкладам жаноцкасці, жаночай годнасці. Дай Бог здароўя яе сыну Янку і нявестцы Ядзвізе, іх дзецям і ўнукам.

Яшчэ добра сябе пачуваюць Фэля і Ганна Валадзько. Жывуць дружна, як сапраўдная сям’я: і гора, і радасць разам перажываючы. У свята на усё сяло гучыць моцны голас Ганны (яе ўсе з павагай завуць Фэльчыха). Заспявае яна на адным канцы вёскі, а чутна аж на другім. А калі даведаюцца, што Фэльчыха будзе спяваць разам з Надзяй Паланеінай, тады ўсе збіраюцца ў цэнтры вёскі, на дзядзінцы, каб паслухаць, адпачыць ад паўсядзённых клопатаў. Прыкладам сапраўднай гаспадыні з’яўляецца і Ганна Хаткевіч, як завуць яе ўсе па-добраму Нуся: у яе каля хаты ў хлявах ўсё квохча, кудахча, бляе, мыкае, гагоча. Пчальнік гудзе ў садзе, а на сажалцы-копанцы заўсёды хто-небудзь плавае і кракае. Трымае такую гаспадарку сама Нуся, ужо 32 гады як удава: мужная, гордая,. Яе дзверы гасцінна адчынены для добрых людзей, для дзяцей, якія заўсёды яе падтрымліваюць.

Жылі тут яшчэ зусім нядаўна Радзішэўскія. Толькі ў іх плоданосілі абрыкосы, шмат было мёду, а сам гаспадар Віктар Радзішэўскі (у вёсцы яго звалі Чэська) быў майстрам на ўсе рукі, а так з дрэвам працаваць, як ён, не мог ніхто: і хаты будаваў, і веранды абшалёўваў, і мэблю розную рабіў. Зараз у вёсцы жыве сын Радзішэўскіх — Аляксей Хаткевіч, які ўсё жыццё адпрацаваў лесніком, здымак яго — на Дошцы гонару вісеў. I дома ў яго сапраўдная гаспадыня: увосень качаны капусты ад сваёй вагі на бок валяцца, а цыбулі столькі і такая вялікая, што не на кожным рынку ўбачыш. А як жа ж умее яго Тамара ўсё смачна ў слоікі укруціць!

***

 Жыве мой родны Бор. Пасярод вёскі былая панская сажалка, па берагах якой вясной квітнее белы бэз, побач вялізная ліпавая алея — прыгажосць кругом! Але самае вялікае багацце вёскі — вось гэтыя цудоўныя людзі: таленавітыя, працавітыя, сапраўдныя гаспадары сваёй роднай зямлі. Дарагія мае старыя… Вайна пазабірала многіх, а тыя, хто вярнуўся да роднага котлішча, жылі, працавалі на карысць сабе і Радзіме. Ніколі ў Бару ў часы майго дзяцінства і юнацтва не было лайдакоў, п’яніц. Чарку мог кульнуць толькі мой дзед па бацьку Віктар Трафімавіч, і то толькі таму, што ўзімку на возеры хацеў сагрэцца: ён у складзе рыбалавецкай арцелі лавіў рыбу. Гэты рыбалоўны промысел і быў яго працай. У маёй памяці захавалася такая карціна:  стаю на высокай гары над нашым возерам, а далёка, каля другога берага, амаль дваццаць рыбакоў ланцужком цягнуць па лёдзе рыбалоўныя сеткі. Тая ж ахвота да рыбнай лоўлі перадалася і майму бацьку Васілю Віктаравічу. I гэтую справу ён ведаў дасканала. А так бацька звыш трыццаці гадоў адслужыў у арміі, у начальства быў на добрым рахунку. Мы з сястрой яшчэ дзецьмі ведалі ўсіх камандзіраў нашага 126-га танкавага палка: Прысяжэнка, Тымчанка, Кісялёў, Мансураў, Эндэльштэйн, Піліпенка. Гэтыя людзі прыязджалі да бацькі за парадай, ён добра ведаў усе сцежкі-дарожкі вайсковых палігонаў, месцы ваенных вучэнняў.

Пасля службы галоўнай справай жыцця бацькі стала зямля.   Падсмейваючыся над самім сабой, ён аднойчы сказаў: “Зямля нікога не робіць багатым, а толькі гарбатым”. Але толькі мы  ведалі, з якой любоўю ён апрацоўваў зямлю, потым чакаў ураджай, з матыкай у руках акучваў кожную капусціну. А ўвосень задаволены паказваў нам поўны склеп прыпасаў. Душа сапраўднага гаспадара была спакойная: сям’я будзе зімаваць сытна, надзейна. Ён таксама старанна дапамагаў маме па хатняй гаспадарцы, цудоўна гатаваў ежу. Так і пражылі яны ў ладзе ды згодзе пяцьдзесят гадоў. Мы толькі паспелі адсвяткаваць іх залатое вяселле, і бацькі хутка, раптоўна не стала. Прайшло ўжо амаль чатыры гады, а нам здаецца, што вось ён выйдзе з хаты нам насустрач. Хата без яго дзічэе, урастае ў зямлю. Яблыні ў садзе сталі чарнець, нахіліліся на бок, зямля здзірванела, сцежкі зарастаюць травой. Цяжка, вельмі цяжка. I чым далей ідзе час, тым горш і цяжэй на душы…

***

 Дзякуй Богу, ёсць памяць. Яна заўсёды жывая. Помніцца ўсё да драбніц. I апошняе нечаканае пытанне бацькі: “Тамара, што вы будзеце рабіць з хатай, як я памру?”. Я тады здрыганулася, не ведала, што адказаць.  Мне здавалася, што бацька будзе жыць вечна… А нядаўна мая адзіная дачушка патэлефанавала мне з далёкага замежжа і сказала: “Мама, мы летам прыедзем адпачываць у Бор”. Я спрабавала зазваць на маю новую дачу, але яна непахісная і кажа: “Лепш, чым у Бары, няма нідзе”.

Заўжды чакае нас наша ўтульная хата, прыгожая, прыбраная ўнутры дыванамі і карцінкамі-вышыванкамі, зробленымі залатымі рукамі нашай мамачкі-майстрыхі, рукадзельніцы. На двары сіненькімі кропелькамі зіхацяць веснавыя пралескі — іх з лесу прынесла і пасадзіла мама. А праз трэснуты на дарожках стары асфальт хутка да сонца праб’юцца блакітныя незабудкі. Адкуль яны тут, на двары?! Яны чакаюць нас… Чакае нас Бор. Дзе б мы ні былі, душа рвецца дадому. Малю Бога, каб нашым унукам і праўнукам гэтыя векавыя сосны, магутныя дубы, хвалі борскіх азёраў заўсёды спявалі спрадвечную песню жыцця…

Тамара ХЛУДНЕВА (ХАТКЕВІЧ).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>