Загадчыца СДК у Старым Лядне, на Лепельшчыне, ведае, як зарабіць грошы

Субота пачалася… ў пятніцу. Маленькі Сцяпан, які, калі кладзецца спаць, заўсёды просіць бабулю расказаць яму казку, сёння раптам нечакана заявіў:

— Бабуля, а раскажы мне, як ты сёння бегала-бегала…

Бабуля засмяялася, пагладзіла малога па галоўцы, задумалася…

Сёння ўвечары ў клуб памчалі разам з унукам. Хлопчык спрытна, зусім як дарослы, гаспадарыў у СДК. Збіралі апаратуру дзве калонкі, тры мікшары, узмацняльнік, шнуры. Сабралі ўсё, прыхапілі яшчэ касцюм, у якім будзе выступаць Дзяніс Аблавушка. Упакавалі, паднеслі да выхаду. Адчынілі дзверы – а там цемра. Хоць вока выкалі. Рана цямнее ў снежні. А тут выбоіны на дарозе.

Бабуля кажа:

— Ну, унучак, вядзі цяпер мяне, а то тут і галаву зламіць можна.

Абхапіў Сцяпан бабу Ганну, вядзе і паўтарае сам сабе:

— І ножку зламіць можна, і галоўку зламіць можна, і ручку зламіць можна, і шыйку зламіць можна…

Рагоча Ганна Яўгенаўна, пераказваючы ўнукаву замову. Сяк-так дадому дабраліся. Селі за камп’ютар складаць праграму  заўтрашняга канцэрта. У клубе ў Ганны Яўгенаўны анічога – ні камп’ютара, ні інтэрнэту. Усё дома, нават каляровы прынтар. Добра, што дачка дапамагае, а то сама яна, іншага пакалення чалавек, і на флэшку не скіне… Вось скакаць, спяваць, людзей падбухторваць-весяліць яна майстар.

Надрукавалі ўвечары цалкам прэзентабельную прыгожую праграмку. З такой не сорамна паказацца ў ваенным санаторыі, куды едуць заўтра з канцэртам.

— Колькі паасобнікаў праграмы робіце? – пытаюся ў загадчыцы Лядненскага СДК.

— Адразу штук пяцьдзясят, а калі трэба, прыбягаю і яшчэ дадрукоўваем штук дваццаць.

Пасля гэтага Ганна Яўгенаўна ўселася на тэлефон. Хоць і позна ўжо, а трэба ўсіх сваіх артыстаў абзваніць, раптам у каго нявыкрутка. Заўтра паедуць шасцёра салістаў: Алеся Гайсёнак, Ганна Нагулян, Дзяніс Аблавушка, Валерый Кунавіч, Вольга Смажэўская, Ігар Вішнеўскі. Амаль усе яе артысты ўжо даўно супрацоўнічаюць з Лядненскім СДК, хоць зараз непасрэдна ў Лядне і не жывуць – хто ў Бароўцы, хто ў Лепелі. Ды па першым баявым клічы загадчыцы ўсе, як штык, з’яўляюцца. На выпадак нявыкруткі, праўда, у Белаглазавай і яшчэ сто артыстаў набярэцца. Калі не сто, то паўсотні без сумненняў. Ну ды на гэты раз усе выступоўцы пацвердзілі свой удзел. Можна «злезці з тэлефона»,  змахнуць пот, уздыхнуць з палёгкаю, расказаць унуку казку. А мо і праўда, пра тое, як сёння бегала-бегала?… Ці тое яшчэ будзе заўтра!

Субота пачынаецца з ранішняй размінкі. Ледзьве развіднела – села на веласіпед і памчала ў санаторый.

— Людзі ў санаторый на самалётах лятаюць, а я во на двухколавым мерседэсе, — жартуе Ганна Яўгенаўна.

Трэба ж з ранку агітацыю правесці. Да паўдня лядненская руплівіца праводзіла растлумачальную работу з адпачывальнікамі, пасля да чатырох гадзін прадавала білеты. Ужо адвячоркам гнала загадчыца зноўку на веласіпедзе дадому, каб крыху самой перакусіць, накарміць сям’ю і жывёлу. У яе дзве кароўкі: старая Барыня і цялушка Дуняшка, вялізны сабака Барон, свіней поўны хлеў і курэй не меней. Усе пад’елі – час на працу спяшацца, бо на гадзінніку ўжо пятнаццаць хвілін на васямнаццатую. І вось яна зноў у клубе. Пад’язджае машына з Лепеля. Зноў зарадачка – трэба апаратуру пагрузіць. Хто сказаў, што культработнік – чалавек не фізічнай працы? Праўда, тут ужо дапамагае і вадзіцель. Адвозяць музычныя прылады ў санаторый, цягаюць іх на трэці паверх. І пакуль артысты рэпетыруюць, сама зноў спускаецца ўніз, каб прадаць астатнія білеты.

Канцэрт праходзіць, як заўсёды, на ўздыме і заканчваецца толькі ў 21.15.

— Эх, хацела ж вам нашу кнігу водгукаў паказаць, — шкадуе-бядуе Ганна Яўгенаўна. – Што там людзі пра нашы канцэрты пішуць. Ды ў клубе засталася. І дзякуюць, і на канцэрт у Маскву, у Піцер запрашаюць. А што, я б і паехала, ды далекавата крыху, на веласіпедзе не дакручу.

— Чаго-чаго, а гумару лядненскай загадчыцы не пазычаць і ў кішэню па яго не лезці. Як, зрэшты, і арганізацыйнага таленту. Сёлета зарабілі на платных паслугах дваццаць сем мільёнаў пяцьсот восемдзесят тысяч рублёў, амаль у два разы болей, чым летась.

— То навошта гэтак старацца? – пытаюся. – Налета яшчэ большы план давядуць – ад дасягнутага.

— А на што ж я буду ўсё купляць? Купілі ў клуб камп’ютар, гэты, што ў папцы носяць (так яна называе ноўтбук), і той, што друкуе, тры ў адным. Апаратуру адрамантавалі на пяць з паловай мільёнаў. А яшчэ за ацяпленне, за асвятленне, за бензінчык заплаціць, ніхто ж мне яго не налье дарма. А званкоў колькі робім. Падаткі заплаціць трэба.

А палове на дзясятую вечара трапляе ўрэшце загадчыца ў клуб. Складвае апаратуру, падлічвае даход. Наспявалі крыху грошай, натанчылі. Дзень сёння плённа прайшоў, трэба да любімага ўнука спяшацца, бо хто там без яе Сцяпану казку раскажа, самую рэалістычную ў свеце.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>