Па ваколіцах Піцера

Праводзіць водпуск у Санкт-Пецярбурзе ніколі не думаў — яшчэ ў савецкія часіны наведаў Эрмітаж, Ісакіеўскі сабор, Петрапаўлаўскую крэпасць, ваенна-марскі і заалагічны музеі за 20 капеек, а Пятроўскую кунсткамеру (музей этнаграфіі) — зусім бясплатна. Ведаў Ленінград 70 — 80-х гадоў не горш за Віцебск і Мінск. Цяпер паехаць туды на дзевяць дзён вымусілі абставіны — брат Толік меркаваў банкет на сваё 50-годдзе.

Праігнараваць не выпадала. Прымаю рашэнне: жыць буду ў Піцеры, а кожны дзень выязджаць на агляд іншых гарадоў у бок Карэліі і Фінляндыі, бо ў беларускім кірунку абхадзіў Петрадварэц, Пушкін, Паўлаўск, Гатчыну, Лугу.

Аўтобус Мінск — Санкт-Пецярбург — натуральная душагубка. З выгляду прасторны, высокі і светлы, а не мае фортак і кандыцыянера. Вентыляцыя ажыццяўляецца скрозь два люкі ў столі — у носе і хвасце салона. Духата стаіць несусветная, а жанчыны, ратуючы сябе і дзяцей ад скразнякоў, увесь час “задрайваюць” люкі. Падводная лодка ды і толькі!

У Полацку, Апочцы, Востраве і Пскове аўтобус стаіць па 10 хвілін, а ў Лузе — зусім пяць. Не тое, што ў ларок па халодную ваду, да прыбіральні не дабяжыш.

Шлісельбург

 З горам прыехаў. Пакінуў на кватэры рэчы і адразу выехаў аўтобусам у Шлісельбург (да 1992 года — Петракрэпасць). Цэнам жахнуўся (для зручнасці ўспрыняцця прыводжу іх у беларускіх рублях па курсе 1:200). Праезд у муніцыпальным гарадскім аўтобусе каштуе 4500, камерцыйным — 6000, метро — 5000 рублёў. Пераадолець 40 кіламетраў да Шлісельбурга каштавала 20000, тры хвіліны імклівага плавання на катары ў крэпасць “Арэшак” на востраве Арэхавы ў вытоку Нявы і назад — 30000 рублёў. Уваход у крэпасць пацягнуў бы на 14000 рублёў, але я здагадаўся паказаць пасведчанне інваліда трэцяй групы. Хоць усе надпісы на ім былі па-беларуску, прапусцілі бясплатна. Сказалі, што інваліды ўсяго свету для іх роўныя. Дзіва! У Лепелі я не магу прымяніць гэты дакумент — і не дзейнічае, і няма дзе.

Апісваць славутыя мясціны Ленінградскай вобласці не збіраюся — чытачам, якія там не былі, гэта нецікава. Ды і ў інтэрнэце лёгка знайсці самае падрабязнае апісанне. Мая задача — паказаць свой стан у іншым кліматычным і прыродным асяроддзі ды падаць адметную характарыстыку ленінградскіх рэгіёнаў, што прыхоўваюць афіцыйныя крыніцы інфармацыі.

Пятроўская крэпасць “Арэшак” уражвае. Дарэчы ў яе ўпісваюцца шматлікія руіны, падыход да якіх забаронены. Не менш захапляе і велічны выгляд вытоку Нявы з Ладажскага возера, якое нічым не адрозніваецца ад мора — дзве сінечы (бязвоблачнага гарачага неба і прахалоднай воднай роўнядзі) зліваюцца ў адну.

Захапляе сваёй веліччу старадаўні Ладажскі канал, які капіруе берагавую лінію Ладагі і ратуе горад ад шасціметровых хваляў.

Зеленагорск

 Маршрутам наступнага дня выбраў Зеленагорск (да 1948 года — Тэрыёкі). Ніякіх славутых аб’ектаў там няма. Прыцягнуў статус горада з 12-тысячным насельніцтвам — курорт. Паехаў, каб у моры пакупацца. Чамусьці яго піцерцы называюць залівам. Гэта так, Ленінградскую вобласць абмывае Фінскі заліў. Аднак жа ён  частка Балтыйскага мора, якое называць залівам  прыніжэнне.

За пераадоленне 55 кіламетраў на электрычцы аддаў 16000 рублёў. Ад вакзала да мора кіламетры са тры валачыўся ці то лесам, ці то лесапаркам. І вось яно, мора! На пясчаны пляж хвалі нагналі смярдзючай зялёнай ціны. Далёка ад берага забягаюць валуны — мелка, значыць, датуль. Люд на пляжы злева і справа, а пасярэдзіне — прагал. Распранаюся на ім, бяру адзенне пад паху, каб не ўкралі, іду да валуна ў моры, а вады па калена. Метраў праз сто знайшоў валун на глыбіні па пояс. Паклаў на яго адзенне і торбу (не знясуць), пайшоў далей. Дно — то пясок, то камні з кулак. Нагам балюча, а заглыбленнем і не пахне. Да вопраткі ж ужо далёка. Адыходзіцца далей боязна за яе. Апускаюся ў ваду і поўзаю па дне, бо плаваць на такой глыбіні немагчыма.

Купаўся на адэскім узбярэжжы Чорнага мора ў жніўні, у крымскіх Саках у верасні, на данецкім узбярэжжы Азоўскага мора ў маі. Цяплейшай вады за балтыйскую ў ліпені не сустракаў. Хіба што ў лютым у Паўднёва-Кітайскім моры на в’етнамскім узбярэжжы была +28 градусаў. Купаюся ў тэнісцы, каб даўжэй адчуваць халадок.

Увогуле, спёка даканала. Тэмпература днём і да позняга вечара трымалася на адзнацы 32 градусы. Хадзіў увесь мокры ад поту з мокрай насоўкай у руцэ, якой бясконца выціраў твар і лысіну. Такой духаты ў Беларусі не бывае. Уявіце: апоўначы яшчэ светла, хоць белыя ночы мінулі, тэмпература на вуліцы +27 градусаў, а ў кватэры +28. Халодны душ дапамагае літаральна на пяць хвілінаў, і зноў пачынаеш аблівацца потам. Кашмар!

Доўга не папоўзаеш па дне. Надакучыла, вынес адзенне на бераг, апрануўся і толькі тады зразумеў прычыну прагалу ў масе адпачывальнікаў. Па яго цэнтры ў мора ўпадаў ручай з горада. Выходзіць, купаўся ў гарадскіх нечыстотах. Пануры падаўся шукаць зеленагорскую забягалаўку.

Мокрая тэніска дапамагла — аж у Піцеры адчуваў яе прыемную вільгаць.

Сестрарэцк

 На досвітку з Фінляндскага вакзала кіруюся за 34 кіламетры на аўтобусе (білет — 12000 рублёў). Дарэчы, пра цэны ў грамадскім харчаванні. У звычайным кафэ самаабслугоў­вання на Фінляндскім вакзале боршч і суп каштавалі 14000, катлета — 20000, гарнір “бульба па-вясковаму” — 9000, куфель піва — 14000, сто грамаў гарэлкі — 20000 рублёў.

У 40-тысячным Сестрарэцку (да 1948 года — Сестарыёкі) скрозь густы прыгожы парк “Дубкі” трапіў на закутую ў бетон набярэжную. Паколькі загараць не збіраўся, яна мне здалася лепшай за пясчаны пляж. З-за ранняга часу людзей амаль не было, таму адзенне далёка ад берага не адносіў, аднак да глыбіні вышэй пояса так і не дайшоў.

Начаваць паехаў да сястры Ганны. Павяла яна мяне ў кафэ на беразе Нявы. Гаспадар і абслуга — каўказцы. Як яны абслугоўвалі! У поўным сэнсе слова бягом бегалі, каб толькі кліент не чакаў лішнюю хвіліну. Узгадаліся славянскія афіцыянты — спецыяльна паўгадзіны не падыходзяць, каб ведаў, хто тут Бог.

Між іншым, гастарбайтараў з Сярэдняй Азіі і Каўказа піцерцы не любяць. Непакояцца, што тыя запаланілі горад, перацягваюць з ра­дзімы сем’і. Сапраўды, ва­дзіцелі грамадскага транспарту выключна каўказцы ці азіяты, ахоўнікі ў магазінах — напалову адтуль. Піцерцы на такія пасады не ідуць — цяжка, мала плацяць.

Доні

 Доні — вялізны дачны пасёлак у Пушкінскім раёне. Ад Толікавай кватэры да яго лецішча — 25 кіламетраў. Дачы там — любата! Дагледжаныя, ахайныя, заможныя. Праз вуліцу — Ганніна лецішча.

У альтанцы на Толікавым лецішчы праходзіў банкет у гонар яго юбілею. Госці — мясцовыя і з Піцера. Самы далёкі — я. Мне і ўвага. Назвалі мяне шчаслівым беларусам, паколькі жыву ў краіне, дзе няма нашэсця гастарбайтараў з поўдня.

Знайшоў і ў Донях магчымасць купацца. Толік падказаў пажарную сажалку. Невялікая, аднак па глыбіні Балтыйскаму мору да яе далёка — тры метры. Праўда, берагі да таго крутыя, што выцягвалі мяне з вадаёма некалькі чалавек. А адна дачніца сказала, што ў сажалцы купаюцца сабакі з усяго наваколля. Брыда! Але гэта дробязь у параўнанні з 30-градуснай спёкай.

У Донях пражыў суботу і нядзелю.

Ламаносаў

 Раніцай у панядзелак Толік на сваёй “Аўдзі” ехаў у Сасновы Бор па службовых справах. Прапанаваў пакінуць мяне ў 42-тысячным Ламаносаве (да 1948 года — Араніенбаўм), паколькі ў горад атамшчыкаў мяне не пусцяць, а на адваротнай дарозе забраць.

Адразу падаўся ў парк. Цудоўны куток прыроды! Возера, дзікія ручныя качкі. Ручай з вадаспадам. І мноства скульптурных кампазіцый. Мне найбольш спадабалася пад назвай “Танец” — пяць аголеных жанчын танцуюць у карагодзе. Сфатаграфаваўся з імі.

Пасля Толік катаў па Ламаносаве. Дзіўная справа — ідзе рэканструкцыя старога будынка ў цэнтры горада, а на тратуары ні смецінкі не валяецца, паколькі ўвесь працэс хаваецца за празрыстай зялёнай сеткай, якой у нас вокны завешваюць ад нашэсця камароў.

Хвалі грозна плешчуцца аб прычал. Тут ужо не поўзаў бы па дне, бо глыбіня з берага страшэнная — марскія ж судны швартуюцца. Аднак купацца з гэтай прычыны пабаяўся. Першы дзень абмежаваўся воднымі працэдурамі ў выглядзе кватэрнага душу.

Выбарг і Кранштат

 На наступны дзень Толік ехаў у Выбарг і Кранштат. Прыхапіў мяне. Да Выбарга — 140 кіламетраў. Размешчаны на марскім беразе непадалёк ад Фінляндскай мяжы. Пад Фінляндыяй называўся Вііпуры. Жыве 88 тысяч чалавек.

Вядома, у першую чаргу цікавіў стары горад. Па наводцы прахожых знайшлі яго. Здалося, што трапілі ў сярэднявечны еўрапейскі горад. Вузкія вулачкі, сярэднявечная архітэктура, руіны, замак на востраве. Не менш еўрапейскімі падаліся і велічныя збудаванні, узведзеныя ў часіны статуса фінскага горада.

Па дарозе ў Кранштат спыніліся ў пасёлку Камарова (вядомы па песні “На недельку до второго я уеду в Комарово…”, да 1948 года называўся Келамякі), каб пакупацца ў моры. Толік застаўся вартаваць адзенне, а я падаўся далёка ў мора, каб паплаваць. Цярпення не хапіла ісці па ўсеяўшых дно коўзкіх камянях. Дачыкільгаў да глыбіні па пояс і, як заўсёды, пачаў поўзаць.

З Сестрарэцка ў Кранштат насыпана 25-кіламетровая дамба, каб засцерагчы горад ад бясконцых паводак. Першыя аўтамабілі пайшлі па ёй у 1984 годзе.

Грандыёзнае збудаванне! Шлюзы пасярэдзіне яе прапускаюць марскія судны. Аднак пад Кранштатам на многія сотні метраў ад дамбы мора ператварылася ў зялёны поплаў, на якім расце не толькі травяная расліннасць, але паспелі вымахаць і дрэвы. Паплавы нават злучыліся з блізкімі астравамі-фартамі, і да іх пракладзены палявыя аўтадарогі. Атрымалася тое, што прадказвалі праціўнікі будаўніцтва дамбы — мора зарастае. Таму, каб закальцаваць дамбу з Ламаносавам, ад вострава Котлін на мацярык пракладваюць васьмікіламетровы тунэль. Такім чынам з пачатку 2012 года будзе ўтворана кальцавая дарога Санкт-Пецярбурга.

У Кранштаце жыве 43 тысячы чалавек. Да нядаўняга часу засакрэчаны ваенна-марскі горад. Адпаведная і архітэктура: змрочныя, але цікавыя будынкі з чырвонай цэглы, на прычалах — ваенныя караблі.

Рэпіна

 Да 1948 года прыбярэжны пасёлак, дзе знаходзіцца музей-сядзіба “Пенаты Іллі Рэпіна”, называўся Куокала. У яго паехаў, каб адразу злавіць двух зайцаў — наведаць пенаты і пакупацца ў моры.

Пенатамі ў рымскай міфалогіі называлі багоў — хавальнікаў і апекуноў хатняга ачага. У іх гонар мастак-класік сам ахрысціў сваю сядзібу. Нагадаю, што Ілля Рэпін напісаў сусветна вядомыя карціны “Запарожцы, якія складаюць пісьмо турэцкаму султану”, “Іван Грозны і яго сын Іван”, “Бурлакі на Волзе”.

Білет у пенаты каштуе 20000 рублёў, мне выдалі бясплатны. Жылы маёнтак — тыповы панскі палац з рэчамі і творамі мастака. Вялікі паркавы ансамбль нагадвае акультураны лес з сажалкамі, штучнымі ручаямі, дарожкамі, масткамі, альтанкай Шахеразады (так Ілля называў сваю каханку).

Уразіла магіла мастака, які памёр 29 верасня 1930 года. Ні агароджы, ні помніка! Звычайны драўляны крыж з меднай шыльдачкай. Бетонныя бардзюры абрамляюць месца захавання. Небагата кветак на магіле.

Цераз дарогу і горку — мора. З-за ранняй пары людзей мала. Знайшоў штосьці накшталт мола з валуноў, які вузкай палоскай цягнуўся за некалькі дзясяткаў метраў ад берага. Зайшоў на край. Смела пакінуў адзенне на моле і забрыў у ваду аж па шыю. Вось калі нарэшце паплаваў у моры, бо дагэтуль толькі поўзаў па мелі.

Паўднёва-Прыморскі парк

 У дзень ад’езду вырашыў за горад не выязджаць. Гарадскім аўтобусам з Ленінскага праспекта даехаў да Паўднёва-Прыморскага парку. Разнастайныя атракцыёны не працавалі з-за ранняй пары. Роўныя алеі, заасфальтаваныя дарожкі, акультураныя штучныя міні-азёры хутка саступілі месца сапраўднай лясной глухмені, звілістым сцежкам і пацягнутым раскай сажалкам. Адчуваеш сябе быццам у пушчы. Нават боязна робіцца ад думкі, што наўкола ні душы. Лес заканчваецца нейкай пратокай ці затокай залі­ва. На тым беразе — новабудоўлі. Наўкола шмат неабсталяваных ачагоў з дровамі-сукамі і металічнымі мангаламі. Ладкуй пікнік, і ніхто да цябе не прычэпіцца.

Увечары Толікава “Аўдзі” ледзь прабілася да аўтавакзала скрозь бясконцыя аўтамабільныя пробкі. Купіў білет да Лепеля за 186000 рублёў (сюды ехаў за 147000), заплаціў за багаж 13000 рублёў, паколькі вывозіў з Піцера бензакасу, якую набыў за 590000 рублёў (у нас яна каштуе мінімум 1300000 рублёў).

І зноў на ноч апынуўся ў “падводнай лодцы”, як назваў душны аўтобус-”душагубку” з абавязковымі маладзіцамі, якія, быццам агню, баяцца лёгкага павеву ветрыку з аўтобуснага люка.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>